пры́хвасцень, ‑сня, м.

Разм. пагард. Той, хто ліслівасцю, услужлівасцю хоча заваяваць чыю‑н. прыхільнасць; падхалім, угоднік. Фашысцкія прыхвасні. □ — Вы, таварышы, едзеце на хлебанарыхтоўкі. Гэта ўсё роўна, што вы едзеце на фронт. Дык будзьце ж там пільнымі, змабілізаванымі, каб кулакі і іх прыхвасні не ашукалі вас. Сабаленка. Зацвярджаўся нейкі панскі прыхвасцень грамадскім солтысам або яшчэ якой шышкай,.. — таксама склікалі людзей на сход. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

служа́ка, ‑і, м.

Разм. Вопытны, старанны служачы (звычайна пра ваеннага). Карпенка на ўсё жыццё запомніў тыя мудрыя словы старога служакі. Быкаў. Гарнізон у .. [оберлейтэнанта] быў невялікі, але надзейны: старыя служакі, яшчэ ў Бельгіі былі пад яго камандаваннем. Шамякін. // Пагард. Той, хто выслужваецца перад кім‑н.; паслугач. Думай думкі, што чыніці У бядзе паганай, Калі панскія служакі Прывядуць да пана! Купала. Хіба Панасюк служака ці падхалім? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лізу́н1 ’міфічная істота, якая летам хаваецца ў фасолі, каноплях, гаросе; яна залізвае дзяцей да смерці’ (Др.-Падб., Гарэц., Касп.), укр. паўн.-зах. лизун ’міфічная істота ў выглядзе вялікага звера, якая жыве ў лясах і жарэ людзей’, рус. ярасл., кастрам., цвяр., смал. лизун ’дамавік, які жыве ў падмосці, пад печчу і якім палохалі дзяцей’. Усх.-слав. рэгіяналізм, які ўзыходзіць да прасл. lizunъ, якое з lizati. Да лізаць (гл).

Лізу́н2 ’той, хто любіць лізаць, лізацца (аб жывёлах)’, ’мужчына, які любіць цалавацца’, ’які любіць прыхарошвацца’ (Шат., Бяльк., Яўс., ТСБМ; міёр., З нар. сл.), ’ліслівец, падхалім’ (Яўс., ТСБМ). Укр., рус. лизун. Да лізаць, лізацца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

халу́й, ‑я, м.

Пагард.

1. Назва слугі, лакея. Халую важна было дагаджаць толькі свайму пану. Машара. Міхал, селянін па натуры, па выхаванню, пры гэтых, няхай сабе нячастых, наездах паноў «на глушцовыя токі» найбольш яскрава выступае ў ролі халуя, папіхача, і такая роля для яго глыбока абразлівая. Навуменка.

2. перан. Занадта паслужлівы, угодлівы чалавек; падхалім. Ад цяжкай не стагнаў работы, А халуём быць не магу. Валасевіч. Фашысты давяралі сваім халуям не толькі прымаць перадачы для зняволеных, але і гаспадарыць у камерах, тэрарызаваць непаслухмяных. Мяжэвіч. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікую працягласць знізу ўверх; малы па вышыні; проціл. высокі. Нізкі рост. □ Цёмныя, нізкія хаты пад саламянымі стрэхамі яшчэ ніжэй туліліся да зямлі. Колас. Злева, за светла-сіняй стужкай Ціхай Лані, узвышаліся парослыя нізкім хмызняком узгоркі. Шашкоў. // Які знаходзіцца на невялікай адлегласці ад зямлі, якога‑н. узроўню. У ветраны дзень часцей бываюць нізкія воблакі. Грамовіч. У доме некалькі пакояў з нізкаю стол[л]ю. Чорны. // Які знаходзіцца ніжэй акаляючай мясцовасці. Хатка стаяла на самым канцы мястэчка на нізкім месцы. Бядуля.

2. Які не дасягнуў звычайнай сярэдняй нормы, пэўнага ўзроўню. Нізкая тэмпература. Нізкая цана. // Які не дасягнуў значная ступені развіцця. Нізкая кваліфікацыя. Нізкая культура. // Разм. Які займае нязначнае службовае становішча. Нізкая пасада.

3. Дрэнны па якасці або наогул дрэнны. Нізкі сорт паперы.

4. перан. Подлы, ганебны. Нізкі ўчынак. □ [Гушчын:] — Падхалім — гэта самы нізкі і самы страшны чалавек. Гурскі.

5. У класавым грамадстве — які не належыць да правячых колаў. Нізкае паходжанне.

6. Уст. Вельмі просты, не ўрачысты, не прыняты ў літаратуры (пра стыль мовы).

7. Невялікай вышыні (пра гукі, голас і пад.). Нізкі голас Васілісы гучыць мяккім пералівам. Васілевіч. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гну́цца, гнуся, гнешся, гнецца; гнёмся, гняцеся; незак.

1. Прымаць дугападобную выгнутую форму; згінацца. Дубовыя вёслы аж гнуліся ад напору тугой вады. Ваданосаў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога.. гнуліся пад нагамі. Чорны. // Згінаць спіну, шыю. [Кум] гнуўся, несучы на спіне.. мяшок. Чорны. // Схіляцца ўніз, прыгінацца да каго‑, чаго‑н. (пра дрэвы, галіны і пад.). Веюць ветры, веюць буйныя, Долу гнуцца клёны. З нар. Як я полем іду, гнецца колас ка мне. Купала. // перан. Траціць стойкасць, паддавацца чыёй‑н. сіле, націску. Каланіялізм ужо трашчыць, хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Колас.

2. Быць гнуткім, мець уласцівасць згінацца (пра рэчывы). Жалеза гнецца, а сталь ломіцца. // Мець здольнасць рухацца, згінацца ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Ногі не гнуцца. □ Калі Сымон сеў за стол, далоні яго не хацелі гнуцца, адзеравянелі ад сякеры. Чарнышэвіч.

3. Разм. Скупіцца. Гніся, бацька, ці не гніся, а за кішэню бярыся. Прыказка.

4. Абл. Курчыцца (ад холаду). Ляснік у будцы сваёй гнуўся, Хоць да агню ён больш гарнуўся. Колас.

5. Зал. да гнуць (у 1 знач.).

•••

Аж нос гнецца у каго гл. нос.

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук — а) многа і цяжка працаваць. Бацька гнуўся крукам, Уставаў з гарой. Бядуля. Над палоскай вузенькай, гарбатай Пакаленні гнуліся ў крук, А цяпер Абноўленыя хаты Спатыкаюць ясную зару. Лявонны; б) перан.; перад кім выказваць паслушэнства, угодлівасць. Крукам гнуўся перад панам, Уздыхаў нясмела, Катавалі батагамі Юнацкае цела. Купала.

Гнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіляцца, згінацца; б) перан. празмерна ўгоднічаць. Падхалім, калі чалавек у славе, перад ім гнецца ў тры пагібелі, а калі што якое, — перабягае на другі бок вуліцы, каб не спаткацца. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)