ба́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Шкляная або бляшаная пасудзіна, звычайна цыліндрычнай формы. [Доўнар] паставіў на стол шкляную банку з п’яўкамі. Дуброўскі. На вокнах толькі стаяла некалькі бальзамінаў у ржавых банках ад кансерваў. Чорны.
•••
Лейдэнская банка — фізічны прыбор для кандэнсацыі электрычнасці.
ба́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Папярочная лаўка на вёсельным судне для весляроў і пасажыраў.
[Гал. bank.]
ба́нка 3, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Падводная водмель, узвышэнне ў адным месцы марскога дна.
[Гал. bank.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спружы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак. і (рэдка) зак.
1. Змяняць (змяніць) сваё становішча пад уздзеяннем якой‑н. сілы і вяртацца (вярнуцца) у ранейшае становішча пасля спынення гэтага ўздзеяння; аказваць (аказаць) супраціўленне ціску. Падводная гаць з жэрдак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі. — Эх! — уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў [той, хто ішоў] наперадзе, спружыніла і балюча сцебанула мяне па твары. Карпюк.
2. Разм. Напружваючы, рабіць (зрабіць) пружыністым, пругкім. Спружыніць мускулы. // Напружыўшыся, адштурхоўвацца (адштурхнуцца). Сашка спружыніў абедзвюма нагамі аб дно і крута пайшоў уверх. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плынь, ‑і, ж.
1. Рух вады ў рэчышчы, а таксама сама вада, якая цячэ. Да асушкі балот плынь у гэтай рачулцы была такая павольная, што яе нават цяжка было прыкмеціць. Краўчанка. Першае, што ўбачыў Коля, гэта халодны бляск нешырокай воднай плыні, сціснутай з абодвух бакоў лёдам. Шыловіч. / Аб рухомых патоках паветра. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны.
2. Мноства, маса каго‑, чаго‑н., якая рухаецца ў адным напрамку. Людская плынь. □ Уперадзе войск няспыннай плынню ішлі абозы бежанцаў. Лобан.
3. перан. Літаратурна-мастацкі або грамадска-палітычны напрамак. А. Бабарэка ў сучаснай яму літаратуры бачыў дзве плыні, два напрамкі. Мушынскі.
•••
Падводная плынь — нешта тайнае, што не відаць адразу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твань, ‑і, ж.
Дрыгва, багністае месца. Перад хлопцамі ляжала гнілая зыбучая твань. Гамолка. Як у той час [вясной 1941 года] .. [Нікодыма] радавала і хвалявала кожная асушаная пядзя зямлі, дык цяпер, наадварот, ён нецярпліва чакаў, каб гэтая зямля зноў ператварылася ў першабытную твань, па якой не прашыецца на Воўчую выспу нават мыш. «Беларусь». Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца. Броўка. Залезлі [маці з Алёшкам] па самую шыю ў густую рыжую твань і сядзелі там, аж пакуль па іх не напароліся карнікі. Сачанка. // Гразь. Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань па чыстай бягучай вадзе. Колас. // Ціна. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі .. Ногі слізгаюцца па жэрдках, якія абраслі пад вадой зялёнай тванню. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эстака́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Спец. Збудаванне маставога тыпу для падняцця шляхоў зносін над паверхняй зямлі, над вадой, якое дазваляе праезд або праход пад ім, а таксама для пракладвання інжынерных камунікацый, забеспячэння пагрузачных ці разгрузачных работ. Доўга думалі, як паскорыць пагрузку торфу, і нарэшце дадумаліся: зрабілі эстакаду — насціл, адзін канец якога абапіраецца на зямлю, другі — падымаецца метры на тры на моцных рыштаваннях. Дуброўскі. [Дырэктар] радаваўся новай камбінатаўскай чыгунцы, а вочы ўжо глядзелі ў бок эстакады, дзе пад пагрузкаю стаялі першыя вагоны. Карамазаў. Над зямлёй у розных кірунках ішлі эстакады — высокія жалезабетонныя падпоры, на якіх цягнуліся трубы. Хадкевіч. І вось завод з яго карпусамі — галоўным, вапнавым, механічным, са складалі гатовай прадукцыі — высокімі круглымі цыстэрнамі, да якіх па эстакадах праз увесь двор ад галоўнага корпуса цягнуцца металічныя трубаправоды. Скрыган. // Абарончая падводная загарода з паль на рэках і марскіх праходах.
[Фр. estacade.]
эстака́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Прамы перпендыкулярны ўдар рапірай, шпагай, эспадронам пры фехтаванні.
[Фр. estacade.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)