но́та 1, ‑ы, ДМ ноце, ж.
1. Умоўны графічны знак для запісу гукаў музыкі.
2. Асобны гук пэўнай вышыні ў музыцы і спевах. Высокія ноты ў песнях. □ На сярэдзіне сяла моцна за[й]граў гармонік; ноты яго былі то вельмі гучнымі, то зусім зніжаліся і разносіліся — ціха ды роўна. Каваль.
3. толькі мн. (но́ты, нот). Тэкст музычнага твора ў нотным запісе; сшытак, кніга або старонка з запісам музычнага твора. Адзін з.. [аркестрантаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў.
4. перан. Тон, інтанацыя мовы, якія выражаюць якое‑н. пачуццё. — Глядзіце, што за дуб! І бура не зваліць! — і нота задавалення пачулася ў голасе Баруты-бацькі. Колас. На якіх нотах адбылася паміж.. [механізатарам і Міколам] размова, Мікола не расказваў нікому. Б. Стральцоў.
•••
Як да нотах — без цяжкасцей, вельмі лёгка.
[Ад лац. nota — знак, заўвага.]
но́та 2, ‑ы, ДМ ноце, ж.
Афіцыяльны дыпламатычны зварот урада адной дзяржавы да другой. Абмен нотамі. Нота пратэсту.
•••
Вербальная нота — дыпламатычнае пісьмовае паведамленне, не змацаванае подпісам, якое мае значэнне вуснай заявы.
[Ад лац. nota — знак, заўвага.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слых, ‑у, м.
1. Адно з пяці знешніх пачуццяў, якое дае магчымасць успрымаць гукі. Органы слыху. □ Гэты стары доктар не быў гаваркім чалавекам. Можа таму, што меў тугі слых. Машара. Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны. Да слыху дайшло: цікаюць ходзікі — роўна, мерна. Мележ. // Здольнасць правільна ўспрымаць і аднаўляць музычныя гукі. У Надзі добры голас. Топкі музычны слых. Гарбук. — Э, браце, — забірае Змітро гармонік, — у цябе слыху няма. Жычка.
2. Вестка пра каго‑, што‑н. Не век жа пра.. [бацьку] не будзе аніякага слыху. Чорны. Гады тры слыху не было, бедавала Волька, што дачка прапала. Мыслівец. // Пагалоска. І пайшоў усюды слых, што Лявон на гэтым пустыры лён думае сеяць. Кулакоўскі.
•••
Абсалютны слых — здольнасць вызначаць абсалютную вышыню музыкальных гукаў (до, рэ, мі і г. д.).
На слых — а) толькі слухаючы (вызначаць, пазнаваць і пад. што‑н.). Сваіх, самых мне блізкіх, суседзяў Грачовых я яшчэ мала ведаю. Пакуль што ўспрымаю іх толькі на слых. Ракітны; б) па памяці, без нот (пець, іграць і пад.). Аляксандр лёгка, на слых падбіраў любую мелодыю. Васілевіч.
Ні слыху ні дыху — ніякіх вестак няма.
Ператварыцца ў слых гл. ператварыцца.
Гадаваць слых гл. радаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ключ, ‑а, м.
1. Металічная прылада для замыкання і адмыкання замка. Ключ ад кватэры. □ Жанчына дастала аднекуль з сваёй адзежы ключ і адамкнула дзверы. Чорны.
2. Прылада для ўмацавання або адкручвання чаго‑н., для прывядзення ў рух розных механізмаў. Гаечны ключ. Завесці гадзіннік ключом. // Прыстасаванне для нацягвання струн у музычных інструментах.
3. перан. Сродак, магчымасць для разгадкі, разумення каго‑, чаго‑н., для авалодання чым‑н. Марксісцка-ленінскі светапогляд з’яўляецца адзіным ключом для правільнага раскрыцця зместу драматычнага твора. «Беларусь». // Сістэма абазначэння літар, лічбаў і пад., на якой асноўваецца чытанне шыфраваных тэкстаў. Ліў дождок, а Якаўлеў усё даваў мне настаўленні, правяраў, ці добра я запомніў ключ шыфра, ці не забыў яўкі, якой-небудзь дробязі. Анісаў. // Збор адказаў у задачніку, а таксама падрадковыя тлумачэнні да замежнага тэксту.
4. Найбольш важнае ў ваенных адносінах месца, авалоданне якім адкрывае доступ куды‑н., забяспечвае перамогу.
5. Спец. Выключальнік для хуткага замыкання і разрыву ланцуга перадатчыка пры тэлеграфнай і радыётэлеграфнай сувязі.
6. Знак у пачатку нотнага радка, які ўмоўна паказвае на ноту, ад вышыні якой залежыць вышыня і размяшчэнне наступных нот. Скрыпічны ключ. Басовы ключ. // Рытм, кірунак, характэрны для літаратурнага твора ў цэлым. Зусім непрыкметна.. Куляшоў пераводзіць гучанне верша ў новы рытмічны ключ — анапест. Бярозкін. Уся стылістыка.. верша з моцнымі трагедыйнымі матывамі вытрымана ў адным эмацыянальным ключы. Бугаёў.
7. У архітэктуры — верхні клінападобны камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.
8. Чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам. Гаманлівыя птушак ключы Паляцелі на поўдзень даўно. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)