натхнёны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад натхніць.
2. у знач. прым. Поўны натхнення, прасякнуты натхненнем. У чыстых крыніцах натхнёнага слова, У песеннай трэлі, Для вечнасці, спетай баянам сурова, Жыве Руставелі. Колас. Радкоў натхнёных Залатыя гронкі На роднай мове Сам пераказаў. Хведаровіч. // Які выражае натхненне (у 2 знач.). Натхнёны погляд. □ Шыманскі зірнуў на натхнёны твар дзяўчыны, і сэрца звяла. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.
1. Прымусіць гарэць, загарэцца. Запаліць лямпу. □ Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да кнота Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей. // Наўмысля падпаліць. — Нашу вёску запалілі! — заплакаў хлопец. Чорны. // таксама без дап. Падпаліць паліва (у печы). Запаліць у печы.
2. перан. Выклікаць у каго‑н. уздым пачуццяў, энергіі і пад.; натхніць. Расказаць пра.. [Кліма] трэба з пачуццём, каб запаліць сэрцы ўсіх салдат. Жычка.
3. перан. Прымусіць з’явіцца, узнікнуць (пра пачуццё, настрой і пад.). Жывы, новы, яскравы агеньчык запаліла вясна ў сэрцы хлебароба. Бялевіч. Выкрасаць каменем іскры патрэбен спрыт, а запаліць агонь у сэрцы чалавека паэтычнымі творамі — спрыту мала, патрэбна гарэнне самога паэта. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абудзі́ць, абуджу, абудзіш, абудзіць; зак., каго-што.
1. Перарваць, перапыніць чый‑н. сон; прымусіць ачнуцца; разбудзіць. Зосю абудзіў рык прыгнаных на ранкі кароў і прарэзлівыя гукі пастуховай трубы. Гартны. Вось і агністае убранне Скідае лес сярод балот. Пара! І крыкам на світанні Ён [жораў] абудзіў увесь свой род. Кірэенка.
2. перан. Парушыць спакой, напоўніць гукамі, галасамі і пад. Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам. Дуброўскі. // Вывесці са стану спакою, вярнуць да жыцця, дзейнасці. Любіць песняю дзяўчына З нашым садам прывітацца, Абудзіць спакой птушыны, З салаўямі паспрачацца. А. Астапенка.
3. перан. Выклікаць, выявіць якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці. Абудзіць дзіцячую фантазію. Абудзіць творчую думку народа. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? Колас. Слова здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг, спыніць злы намер, абудзіць да дзеяння цэлыя народы. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)