настру́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нацягнуцца, напяцца як струна. Наструніліся стропы парашута.

2. Напружыцца. Мы цішком прытаіліся ля дзвярэй, а сэрца ў кожнага трывожна стукацела і нервы наструніліся да адказу. С. Александровіч. // Стаць па камандзе «смірна». Заўважыўшы камандзіра, пагранічнік спыняецца, наструніўшыся, прыкладвае далонь да шапкі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пну́цца ’напружвацца, натужвацца, пяцца’, лезці, праціскацца праз натоўп наперад’ (Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк. МГ, ТС, Растарг., Стан.), ’сердаваць, злавацца’ (Ян.), пнуць ’перці, напіраць’ (Растарг.), ’штурхнуць, піхнуць’ (Ян., ТС). Укр. пнутися (< пʼя́сти) ’нацягваць’, рус. пнуть, пинать ’даваць выспятка, штурхаць, удараць нагою’, стараж.-рус. пяти, пнути ’штурхануць’, польск. piąć (się) ’звязваць’, ’караскацца уверх, лезці’, ’віцца (аб раслінах)’, ’рушыць, накіравацца’, н.-луж. pěś, в.-луж. pjeć ’нацягваць, напружваць’, ’злучаць’, чэш. pnouti se ’ўзвышацца’, ’віцца, паўзці’, славац. pnúť sa ’тс’, славен. pẹ́ti ’цягнуць’, ’імкнуцца’, pẹ́ti se ’ўзыходзіць, паднімацца’, серб.-харв. пе́ти се ’паднімацца, лезці ўверх, узыходзіць (на гару)’, макед. напне се ’нацягнуцца’, ’напружыцца’, ’націснуць, наваліцца’, балг. пъ́на ’нацягваю’, напъ́на сенапружыцца’, ст.-слав. съ‑пинати ’звязваць’. Прасл. *pęti (), pьnǫti, роднасныя літ. pìnti ’плясці’, лат. pît ’заплятаць’, ’путаць (каня)’, літ. pynė̃ ’каса (валасоў)’, арм. hanum ’тку, сшываю’, ст.-грэч. πένομαι ’(цяжка) працую’, гоц. spinnan ’прасці’, нова-в.-ням. spinnen, spannen ’нацягваць’, ’напружвацца’, тахар. A pänw‑, тахар. B pänn‑ ’цягнуць’, ’напружваць’ (Фасмер, 3, 292; Махэк₂, 464–465; Бязлай–Сной, 3, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

напя́цца, ‑пнуся, ‑пнешся, ‑пнецца; ‑пнёмся, ‑пняцеся; пр. напяўся, ‑пялася; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць тугім, пругкім; нацягнуцца. Трос напяўся. Мускулы напяліся. □ Карп быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Стары бачыў, як напялася на Яўхімавым твары цвёрдая, дублёная ветрам ды сцюжамі скура. Мележ.

2. перан. Сабраўшы ўсе фізічныя сілы, напружыцца. Конь напяўся, і сані скрануліся з месца. Якімовіч. Язвіцкі наняўся, спрабуючы ўстаць. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напру́жанне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца.

2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі. Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень. «Звязда». // Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання. Дуброўскі.

3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.

4. Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).

5. Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падабра́цца, падбяруся, падбярэшся, падбярэцца; падбяромся, падберацеся; зак.

1. Аб’яднацца на аснове нейкіх падобных адзнак; утварыцца шляхам падбору. Падабраўся калектыў. Падабралася добрая бібліятэка. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі.

2. Падлезці пад што‑н. Сабака падняў галаву, прыслухаўся і пачаў пысай шукаць гаспадаровага твару. Але твару ён не знайшоў, не мог падабрацца галавой пад кажух. Галавач. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Караткевіч.

3. да каго-чаго і без дап. Непрыкметна наблізіцца, падкрасціся. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. Удваіх і падабрацца да чыгункі лягчэй і ўцячы можна непрыкметна. Новікаў.

4. перан. Разм. Дасягнуць нейкага пункта, узроўню. Хата падабралася пад вокны, і Птах употай цешыцца ёю. Навуменка.

5. Разм. З насцярогай напружыцца, сабрацца. Спачатку .. [Вера] не заўважыла Раміра, адчула толькі востры, пранізлівы позірк чужых вачэй. Уся падабралася. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)