смарка́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, у якога цякуць з носа смаркачы. Малыя, галапузыя, брудныя, смаркатыя дзеці наперабой крычалі есці. Арабей. // Запэцканы смаркачамі. Малыя з чырвонымі смаркатымі насамі ляпілі бабу. Сачанка.

2. перан. Зневаж. Малы, малады; нязначны, няўмелы. [Тарас Тарасавіч:] — Разганю я вашу к[а]мпанію, жаніхі смаркатыя. Асіпенка. — Ах ты, выпаўзень смаркаты, — як бы і не злосна загаварыў Асцюк, — красці вучышся? Марціновіч. / у знач. наз. смарка́ты, ‑ага, м. — Ідзі, ідзі, смаркаты! — махнула вёдрамі Касмініха. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Абзывацца крыкам (у 1 знач.); паднімаць крык. Крычаць ад захаплення. Крычаць ад страху. □ Люба схапіла Віктара, і ён закрычаў, як крычаць дзеці ад вельмі вялікага болю. Шамякін. // Утвараць прарэзлівыя гукі (пра птушак, жывёл). У гэтым досвітку маўклівым Крычалі гусі .., Нястройным хорам гергеталі. Колас. // Голасна плакаць, раўці (пра дзяцей). Назаўтра суседзі чулі, як у трухлявай прыбудоўцы да мураванай сцяны бесперапынна крычыць дзіця. Чорны.

2. Голасна гаварыць, гучна, крыкліва выказвацца. Хлапчукі бягуць гурбой Ды крычаць наперабой: — Дожджык, дожджык, секані, Я паеду на кані!.. Арочка. // Аклікаць, зваць каго‑н. гучным голасам. — Тата! — крычыць .. [Люся] час ад часу. — Ідзі па дарожцы! Брыль. — Кузьма, — крычыць сын з-пад сена. — Падымі воз! Якімовіч.

3. на каго. Лаяць каго‑н., выгаворваць каму‑н. рэзкім тонам, патрабуючы чаго‑н. — Не буду больш! — заенчыў Міхалка, не ведаючы, за што на яго крычаць і чаго ад яго хочуць. Чорны.

4. перан. Шмат гаварыць, пісаць пра каго‑, што‑н., прыцягваючы агульную ўвагу. Я хацеў бы ў Марселі быць, А то ўсё крычаць газеты, чую, Што рабочыя ўзнялі сцяг барацьбы, Што ў Марселі зноў яны бастуюць. Танк.

5. перан. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н. — Нас прывезлі сюды на смерць... аб гэтым крычаць вось гэтыя пыльныя камяні, яны гарачыя, яны налітыя чалавечай крывёй! Лынькоў.

•••

Крычма крычаць — вельмі моцна крычаць (ад болю, страху і пад.).

Хоць гвалт (каравул) крычы — пра цяжкае бязвыхаднае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Удушлівы атрутны газ, які ўтвараецца пры няпоўным згаранні вугалю ва ўмовах недастатковага прытоку паветра. Пакой дыхнуў цеплынёю і чадам, толькі што юшку закрылі, мусіць. Галавач. У хаце не было цяпла, хаця Волька зачыніла юшку яшчэ разам з чадам, і ці не ад таго ў Аркадзя пачынала балець галава. Пташнікаў.

2. Едкі, удушлівы дым, які ўзнікае пры гарэнні чаго‑н. (звычайна тлушчу). На кухні быў чад і прагорклы смурод апаленага пер’я і перасмажанага тлушчу. Самуйлёнак. // перан.; які або чаго. Моцны, насычаны пах чаго‑н. Расы хараство і на вейках, Узятае ў волкіх раслін, У руж, у альшэўнікаў клейкіх І хмелю, што чад свой разліў. Калачынскі. Ад канаплянага чаду баліць галава. Навуменка.

3. перан. Тое, што моцна ўздзейнічае на псіхіку чалавека, на яго свядомасць. Брыль вельмі праўдзіва і канкрэтна-гістарычна паказаў, як фашысцкі нацыяналістычны чад адурманьваў усё больш шырокія пласты нямецкага насельніцтва. Дзюбайла. Алесь бачыў усё гэта на свае вочы — і разгул расізму, і пратэст супроць шавіністычнага чаду. Юрэвіч. // Пра стан самазабыцця, захаплення. Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування. Зарэцкі. Маладзейшыя за яго [Віктара] хлопцы.. шчыра зайздросцілі Віктараваму шчасцю, дзяўчаты наперабой загаварвалі з ім, а Цімохава дачка Фруза ўвесь час тулілася да яго.. У нейкім чадзе мінула тры дні. Асіпенка. // Хмель. Калі выйшаў вінны чад, Ной устаў, судзіць пачаў. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)