бунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што і без дап.

1. Падымаць, узнімаць бунт, удзельнічаць у бунце. Мы [беларускія паэты] былі разам з народам, гнеўна бунтавалі разам з ім, верылі ў будучыню. Купала. Кажуць, што пасля сяляне бунтавалі, Над палацамі клубіўся чорны дым Недалёка той карчмы, дзе быў Купала, На даўгінаўскім гасцінцы векавым. Танк. // перан. Выказваць крайнюю незадаволенасць, пратэставаць. — Што ты, Саўка, бунтуеш? — строга звярнуўся да яго войт. Колас. — Вы што — бунтаваць ўздумалі? — сярдзіта закрычаў аканом на мужчын. Якімовіч. // перан. Бударажыць, хваляваць. [Стэфа:] — Зноў гэтая хата... Адзін напамінак пра яе бунтуе маю душу. Савіцкі. // перан. Бушаваць, кіпець. Мы не верым ані ў бога, ні ў малітвы, І няма для нас другіх свяцейшых слоў, Апроч лозунгаў і заклікаў да бітвы, Апроч песень, ад якіх бунтуе кроў. Куляшоў. Чаго ж ты бунтуеш, лагоднае мора? Вялюгін.

2. Падбухторваць да бунту. [Старшыня:] — Не хочаце рабіць — не рабіце, але і не бунтуйце народ. Навуменка. І вось неўзабаве.. [Марыся] зноў прыедзе ў фальварак бунтаваць парабкаў. Бажко. // Перашкаджаць, шкодзіць. Рыгорка ўзняў крык на Якіма за тое, што той валтузіць і бунтуе работу касцоў, і патрабаваў, каб ён ішоў прэч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уця́ць 1, утну, утнеш, утне; утнём, утняце; зак., каго-што.

1. Абл. Ударыць, стукнуць. Уцяць папружкай. □ Іван.. узяўся абмацваць капцы, каб знайсці месца, адкуль бралі бульбу, і раптам наткнуўся на амаль поўны мяшок. — Хто б гэта мог?.. Іван ад злосці ўцяў мяшок нагой. Дуброўскі.

2. Абл. Укусіць, уджаліць (пра насякомых). На беразе раззыкаліся авадні.. Яны так і наровяць, каб уцяць. Якімовіч. А вось плоскі шэры сляпень, — той спадцішка мог падкрасціся і ўцяць балюча нават праз кашулю. Грамовіч. / у перан. ужыв. Гэты напамінак уцяў Прахора ў самае балючае месца. Зарэцкі.

3. і без дап. Разм. Пачаць іграць на якім‑н. музычным інструменце. У хаце ўцялі музыкі, ігралі кракавяк. Гурскі.

•••

Ні ўцяць ні ўзяць — а) не падступіцца; б) пуста, нічога няма.

уця́ць 2, утну, утнеш, утне; утнём, утняце; зак., што.

Разм.

1. Укараціць, адсякаючы, адразаючы частку чаго‑н. Уцяць канец вяроўкі.

2. Уцягнуць, увабраць унутр (пра галаву, шыю і пад.). Сведка палахліва азірнуўся і, нібы чакаючы ўдару, уцяў галаву ў плечы. Лынькоў. Гаркуну і языком павярнуць не было як. Ён уцяў галаву ў плечы і, згорбіўшыся, сядзеў на лаўцы. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цень, ‑ю, М ‑і і (у) цяні́, м.

1. Прастора, заслоненая чым‑н. ад сонца. Нам ясна стане ў гэты дзень, Што зелень уся без Сонца згіне, Што толькі з Сонцам дораг цень! Грамыка. // Цемната, змрок. Начны цень. Вячэрні цень. □ Сонечныя прам[я]ні пранізваюць лясны цень, але воблакі час ад часу закрываюць сонца. Пестрак.

2. Цёмны адбітак прадмета на чым‑н., пры ўмове асвятлення з процілеглага боку. Калі ішоў Яўген па вуліцы, цень яго гойдаўся, паласкаўся ў мізэрным водбліску месяца. Баранавых. Полымя свечак ківалася, і на сценах і столі скакалі дзіўныя цені. Арабей. // перан. Пра таго, хто ўвесь час ходзіць за кім‑н., падпарадкоўваецца каму‑н. Раней [Шохан] быў ценем Мудрыка, хадзіў толькі з ім, ва ўсім яму падтакваючы. Навуменка. // перан.; чаго або які. Адлюстраванне ўнутранага стану (трывогі, смутку, болю і пад.). Як толькі вочы яго [Грэчкі] ажылі, на твары лёг пакутны цень. Мележ. Па Толевым твары прабег цень смутку. Якімовіч.

3. перан.; чаго. Слабы след, адбітак чаго‑н.; напамінак аб чым‑н. Умеў.. [Чорны] зрабіць заўвагу, паправіць, перасцерагчы так, што ў гэтым не было і ценю крыўднага. Мележ. Васіль таксама не вельмі паважаў лесніка. Ужо даўно ляжаў між імі чорны цень узаемнай нянавісці. Колас. // Пра верагоднасць пагрозы чаго‑н. Каб дзеці вольныя раслі, — Вайны прагонім цень! Агняцвет. Чорнай хмарай не заслоніць межы Цень злавесны атамнай вайны. Звонак.

4. Невыразныя ў цемры абрысы постаці, фігуры каго‑н. Ля акопаў зашасталі цені. Хтосьці прысеў перад брустверам Валодзевага акопчыка. Навуменка. У лесе мільгануў цень нейкага невялікага звера. Маўр.

5. Пра каго‑н. вельмі аслабленага, худога. Як .. [Косця] зблажэў і аслабеў! Проста не чалавек, а цень... Ваданосаў.

6. Спец. Месца на малюнку, карціне, якое перадае найменш асветленыя ўчасткі чаго‑н. Пакласці цені. Ігра святла і ценю.

7. Здань, дух мерцвяка. Усе асноўныя сцэны П. Малчанаў выконвае з вялікім майстэрствам: дыялог Гамлета з ценем бацькі, сцэна «мышалоўкі», маналог «быць ці не быць», сцэна пахавання Афеліі і інш. «Беларусь».

•••

Кідаць цень на каго-што гл. кідаць.

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

У цяні — а) непрыкметным, непрыкмечаным (быць, заставацца, трымацца); б) без асаблівай увагі, на заднім плане (пакідаць, трымаць каго‑, што‑н.).

Як цень — неадчэпна (хадзіць за кім‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё страху. Страшны сон. Страшная гісторыя. □ А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. / Пра выраз твару, вачэй і пад. Вочы Марты зрабіліся круглыя і страшныя. Бядуля. Я глянуў у вочы рабому .. Твар яго быў страшны, вочы лютыя. Якімовіч. Нібы загіпнатызаваны страшным поглядам Шыбянкова,.. [Цімафей Міронавіч] не мог адарваць ад яго сваіх вачэй. Зарэцкі. / у знач. наз. стра́шнае, ‑ага, м. З кожным крокам зубра ў Юркавых грудзях нешта халадзела. Ён чакаў страшнага. Аляхновіч. // Які выклікае пачуццё страху сваёй небяспечнасцю. Страшная дарога. Страшная хвароба. □ [Юзя:] — Вы [Лямант] страшны, бессардэчны. Вы ж не чалавек! Чорны. Не такі чорт страшны, як яго малююць. З нар. // Адзначаны падзеямі, здарэннямі, якія наганяюць страх (пра час). Вораг пачаў насядаць на Палессе .. Гэта быў час страшны і цяжкі. Чорны. І вось перамянілася жыццё .. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. Страшны час быў тады — адзінота, мужчыны ўсе на «мікалаеўскай» вайне. Брыль. Ах, страшны, страшны быў год гэты. Цётка.

2. Які выклікае непрыемныя пачуцці, уражвае сваім трагізмам; цяжкі. [Пан Мазурскі] быў чалавек-звер, народжаны страшным прыгонніцкім ладам. Якімовіч. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязамі ў вачах. Пестрак. Страшны малюнак уставаў перад вачыма. Мурашка. // Які прыносіць пакуты (пра пачуцці, думкі, перажыванні чалавека). Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. — Немцы... — мільганула страшная думка. І .. [Міколка] не глядзеў на іх, не хацеў глядзець, пакуль не зніклі іх цяжкія крокі. Лынькоў. // Вельмі дрэнны, цяжкі (пра характар і пад.). [Барыс:] — Страшны характар у цябе, Галя. Скрыган. // Худы, змучаны, змораны (пра чалавека). Страшны і худы сядзеў Палікар у сваёй хаце. Чорны. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.

3. Разм. Вельмі вялікі або вельмі моцны па сіле, глыбіні, інтэнсіўнасці праяўлення. У муках страшных дачакаўся Машэка першых дзён вясны. Купала. Два страшныя выбухі .. скаланулі паветра. Брыль. [Вялічка] адчуў страшны голад. Ён не разбіраў, што еў, яго зубы гатовы былі скрышыць камень. Чорны. [Лаялі] з усёй яскравасцю зразумеў, што яго ў жыцці напаткала страшнае, непаўторнае гора і што жыццё яго не будзе больш такім простым. Чарнышэвіч. / Пра з’явы прыроды. Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі. Купала. [Вера:] — Сам заўсёды напрошваўся [Каравай] на спатканні, бегаў да мяне ў самую страшную завіруху. Паслядовіч. / Пра пачуцці, перажыванні, стан. І страшны неспакой, так нявыкананых жаданняў і мэтаў — назаўсёды ляглі на твар [маці] страшнай застыласцю. Чорны. // Грубы. Мужчыны .. лаяліся страшнымі словамі, каб аблягчыць душу. Шамякін.

•••

Страшны суд гл. суд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)