зго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Станоўчы адказ, дазвол на што‑н. Даць згоду. Кіўнуць у знак згоды. □ Цімка, не пытаючыся згоды, узяў Кіру і Лёдзю пад рукі і павёў на Цэнтральную плошчу. Карпаў. Мясцовая фабрыка.. закрылася, і Джыавані са згоды сям’і разам з групай суайчыннікаў паехаў за акіян. Лынькоў.

2. Узаемная дамоўленасць; дагавор. Прыйсці да згоды. □ Князі тым часам між сабою Праз пасланцоў перагаворы Вядуць, каб справу скончыць згодай. Бітэль.

3. Супадзенне думак; аднадушша. Выказаць згоду з рашэннямі з’езда.

4. Мірныя, сяброўскія адносіны. Жыць у згодзе. □ Няхай жа будзе Між намі згода, Дружба, людзі, Ад году ў год, Ад веку ў век! Бялевіч. Згода будуе, нязгода руйнуе. Прыказка.

5. безас. у знач. вык. Дамовіліся, пярэчанняў няма. Значыць — згода, значыць, не пярэчыш, значыць, дачакаюся сустрэчы. А. Вольскі. — Ну, што, згода? Едзем?.. Будзем разам працаваць на заводзе. Зарэцкі.

•••

У згодзе з чым (кніжн.) — у адпаведнасці з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць гарэць агнём, падпаліць (дровы і пад.). Каваля ў кузні сапраўды ўжо не было. Рыгор сам распаліў вугаль. Капусцін. // Раскласці, развесці агонь дзе‑н., у чым‑н. Распаліць печ. Распаліць горан. □ Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі. Навуменка. Іван Сяргеевіч прыпомніў, што ў кедрачы, каля сухастояў, ляжала сухое галлё. Пайшоў туды і распаліў агонь. Мяжэвіч.

2. Моцна нагрэць агнём, жарам. — Калі чыгун распаліць, а потым у халодную ваду кінуць — трэсне. Асіпенка.

3. перан. Узмацніць якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.; давесці да высокай ступені развіцця. Распаліць цікавасць. Распаліць спрэчкі. □ Відаць .. [немцы] распалілі апетыт іншым, бо неўзабаве прыняліся за яду амаль усе. Шамякін. // Прывесці ў стан узрушэння; запаліць якім‑н. жаданнем. Бацьку гэтыя падказкі [ратнікаў] толькі яшчэ больш, распалілі. Ён хапіўся за Лаўрэнаву стрэльбу, сарваў яе з пляча. Якімовіч.

4. перан. Развязаць, распачаць (барацьбу, вайну). Пра мірныя годы гавару і пра тых, Хто распаліць на прасторах хоча пажары вайны. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мір1 ’згода, адсутнасць сваркі, вайны’, ’спакой, цішыня’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк.; драг., КЭС), мі́рнасць ’спакой’ (Нас., Гарэц.), міравая ’мірнае вырашэнне спрэчкі’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр., рус. мир, польск. mir, mier, н.-, в.-луж. měr, чэш. mír, славац. mier, славен. mȋr, серб.-харв. ми̑р, макед. мир, балг. мир(ът), ст.-слав. миръ. Прасл. mirъ, а таксама měrъ, паводле сведчанняў з польск., славац., ст.-чэш. і харв. моў, утвораныя пры дапамозе суф. ‑r‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-літ. mieras, лат. miērs ’спакой, цішыня’, якія Буга (Rinkt., 1, 352–353) лічыць слав. запазычаннямі, алб. mirë ’добры’, ст.-інд. mitras ’сябар’. Да і.-е. *mei̯‑ ’сябраваць, звязваць’ (Бернекер, 2, 60; Траўтман, 175; Фасмер, 2, 626; Бязлай, 2, 185). Махэк₂ (364) у якасці крыніцы паходжання прасл. mirъ прапануе літ. rìmti, rimóti ’сціхаць, заспакойвацца, быць спакойным’, у якіх адбылася перастаноўка зычных асновы r — m > m — r. Мала верагоднай з’яўляецца версія аб суаднясенні прасл. mirъ і milъ паміж сабою (протаі.‑е. неадрозненне l — r, гл. F. Specht, Der Ursprung der indogerm. Deklination. Göttingen, 1947, 318–320) і з лац. mitis ’ціхі, лагодны, рахманы’, ст.-інд. mitráh ’сябар, прыяцель, Мітра’. Апошняе падтрымліваецца Пухвелам (Etudes mithriaque, 1978, Tegeran — Liege, 335–343), які мяркуе, што прасл. mirъ трэба разглядаць як утворанае з *mitro‑/*mitru (або *meyro‑/*meyru‑) — з таго ж кораня, што і імя Мітры, а не як запазычанае з іран. (скіфск.) *mihro, як сцвярджае Траймер (Wiener slav. Jahrb., 14, 1967–1968, 77). Варбат (ОЛА–1979, 327), падтрымліваючы даследаванні Тапарова (Pratidānam. The Hague–Paris, 1968, 109–113; ён жа, Semiotyka і struktura tekstu, Wrocław etc., 1973, 366–370) і бачачы ў семантыцы і фразеалогіі прасл. mirь старажытныя і.-е. уяўленні (у вобразе інда-іранскага Мітры) аб сацыяльнай арганізацыі як выніку дамоўленасці, аб стане сяброўства, мяркуе, што каш. mʼiěa ’жаніх’, mířota ’маладая’ — рэлікты старажытнай семантыкі mirъ ’дагавор (шлюбны)’, а *miriti абазначала ’заключаць дагавор’. Тапароў (Этимология–1967, 18–21) гаворыць аб Мітры як аб аб’яднальніку людзей у сацыяльную структуру, рус. в мир у формуле Mit(h)ra‑yat‑, у якой *yat‑ першасна азначала ’збіраць, згуртоўваць’, і мяркуе, што верагоднай можа быць адпаведная прасл. формула тыпу *mirъ jatiti ’збіраць людзей у грамаду’ або *miromъ (mirъmъ) jatiti sę ’збірацца грамадою’. Цалкам здавальняючай з’яўляецца этымалогія Мартынава (Зб. Аванесаву, 188–190): ён, абапіраючыся на словаўтваральную структуру лексем з r‑суфіксам і ŭ‑асновай, прыводзіць паралель да прасл. žьrětižirъ, vьrětivirъ, таксама і mьrěti ’паміраць’ — mirъ (сувязь паміж mirъ і mьrěti гл., напрыклад, у славен. mir! ’маўчы’, zamréti ’анямець’). Сюды ж міры́цца, міры́ць ’наладжваць мірныя адносіны’ (ТСБМ, ТС), міры́льнік ’той, хто мірыць’ (Бяльк.).

Мір2 ’сельская грамада’, ’народ, людзі’, ’свет’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Ян., ТС; пух., Нар. сл.; стаўбц., в.-дзв., Сл. ПЗБ). З рус. мир ’сельская грамада’, якое развілося са значэння ’мір, мірная суполка, згуртаванне’ у мір1 (гл.). Пух. мір ’мноства’ (Жыв. сл.) развілося з мір2.

Мір3 ’маруна, павіліца сапраўдная, Galium verum L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1). Да мір1, мі́рны ’сяброўскі, дружны’. Матывацыя: лісты і плады лёгка чапляюцца да іншых раслін, прытуляюцца, як да сяброў, прыліпаюць. Адсюль і іншыя адпаведныя назвы: чэш. přitula, польск. przytulia, ляш. přitulek, рус. дереза, чэш. lepenice, lepovica, мар. lipkač, укр. липчица.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)