ухі́л, ‑у, м.

1. Пэўны напрамак дзейнасці, інтарэсаў, спецыялізацыі. Лазарэт будзе мець хірургічны ўхіл. Алешка. Кожная навучальная ўстанова з будаўнічым ухілам пасылала.. [на будаўніцтва магістралі] некалькі сваіх выпускнікоў. Пальчэўскі. // Наяўнасць здольнасці да чаго‑н. Гаварыў ён па-беларуску прыгожа, нават, я сказаў бы, з літаратурны ўхілам. Дубоўка.

2. Адхіленне, адыход ад генеральнай лініі партыі. Асабліва актыўную дзейнасць праявілі .. [Я. Купала і Я. Колас] у часы барацьбы з рознымі нацыяналістычнымі скажэннямі і ўхіламі. Шакун.

3. Нахіленая, пакатая паверхня; схіл, адхон. Было ясней за яснае: вагоны, пакінутыя на ўхіле незатарможанымі, скрануліся з месца і пакаціліся самі па сабе... Васілёнак.

•••

Левы ўхіл — чужая марксізму-ленінізму псеўдарэвалюцыйная, авантурыстычная палітыка, якая прыкрывае рэвалюцыйнай фразай апартуністычную, згодніцкую сутнасць.

Правы ўхіл (у ВКП (б) — апартуністычная плынь у 1928–30 гг., якая адмаўляла неабходнасць і магчымасць паскоранай індустрыялізацыі краіны, правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі і прапаведвала «тэорыю» затухання класавай барацьбы і мірнага ўрастання кулака ў сацыялізм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Грамадская дзейнасць, барацьба, у якой адлюстроўваюцца карэнныя інтарэсы класаў і іхнія ўзаемаадносіны; дзейнасць дзяржавы ў галіне ўнутранага жыцця і міжнародных адносін. Знешняя палітыка. Унутраная палітыка. Міжнародная палітыка. □ — Правільная палітыка нашай камуністычнай партыі, — гаварыў Кастусь, — палітыка ўсямернага развіцця індустрыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі — апраўдала сябе выдатна. Брыль. // Агульны напрамак дзейнасці дзяржавы, якога‑н. класа, партыі. Агрэсіўная палітыка. Палітыка мірнага суіснавання. Палітыка нейтралітэту. // Напрамак дзейнасці дзяржавы, палітычнай партыі ў той ці іншай галіне ў пэўны перыяд. Новая эканамічная палітыка. Нацыянальная палітыка. // Падзеі і пытанні ўнутранага і міжнароднага грамадскага жыцця. Максіму хацелася таксама сказаць што-небудзь аб палітыцы, але ён дні тры ўжо не чытаў газет і таму баяўся сказаць неўпапад. Шамякін.

2. Разм. Характар паводзін, які вызначае адносіны да каго‑, чаго‑н. — Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзіця з ражном перці... Ды бога пабаялася б.. — Усё гэта хітрыкі дзеда, і маці добра разумее яго палітыку. Але што ты з гэтым дзедам зробіш. Лынькоў.

3. Разм. Удзел у рэвалюцыйным руху, у рэвалюцыйнай рабоце. Цяпер.. [Параска] жыла без мужа: яго засудзілі паны на восем год за палітыку. Дамашэвіч.

[Грэч. politikē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)