хадавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Спец. Які мае адносіны да ходу (у 1 знач.); звязаны з рухам, перамяшчэннем. Хадавая сістэма аўтамабіля. □ Такую машыну Дзмітрый вёў упершыню. І ўжо на першых кіламетрах ацаніў яе хадавыя якасці. Беразняк. // Патрэбны для праходжання якой‑н. адлегласці (пра час). Хадавыя гадзіны карабля. // Звязаны з кіраваннем судна ў час яго руху. Хадавая рубка. Хадавы мосцік.

2. Які знаходзіцца на хаду, у эксплуатацыі. Хадавы транспарт. Хадавыя машыны.

3. Спец. Рухомы, не замацаваны ў пэўным месцы. Хадавы вал. Хадавое крыло невада.

4. Разм. Які мае вялікі попыт. Хадавы тавар. Хадавыя размеры абутку. // Шырока вядомы, пашыраны; які часта выкарыстоўваецца. Хадавая тэма. Хадавыя выразы. □ У крытыцы ёсць некалькі хадавых схем, якія лёгка прыкладаюцца да пейзажу любога твора. Шкраба.

5. Разм. Які многа дзе бываў, ведае справу. [Андрэй:] — Агапа жанчына хадавая, трэба ў яе запытаць. Чарнышэвіч.

6. Спец. Звязаны з перамяшчэннем у пэўны перыяд у пэўным кірунку. Хадавая рыба. Хадавы алень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Штуршком, махам перамясціцца цераз каго‑, што‑н. куды‑н. Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара пана падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Колас. Перакінуліся на той бок высачэзнага плота адзін за другім тры цені. Васілевіч.

2. Хутка перайсці, распаўсюдзіцца на што‑н. Пажар абняў адразу паўсяла. Ён перакінуўся на гумны, на сады. Танк. Але вецер дзьмуў у напрамку дома, і полымя з хвіліны на хвіліну магло перакінуцца і на яго. Васілёнак. У кастрычніку 1905 года пачалася стачка на чыгунцы, пасля перакінулася на фабрыкі і заводы. С. Александровіч.

3. перан. Разм. Перайсці на чый‑н. бок, стаць прыхільнікам каго‑, чаго‑н. іншага. Перакінуцца ў лагер рэакцыі. □ Потым Фабіян перакінуўся да нямецкіх фашыстаў і служыў ім з сабачай адданасцю. Новікаў.

4. Хутка і ў кароткі тэрмін перамясціцца на другое месца. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з.. [Заходняга] фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. // Разм. Перайсці да іншай тэмы гутаркі, размовы. [Вера Андрэеўна] бачыла, што спрэчка перакінулася на іншае, адышла ад галоўнага, што так хвалявала яе. Арабей.

5. Быць пакладзеным упоперак чаго‑н. для праезду, пераходу. Праз ручаёк.. перакінуўся мосцік. Скрыган. // перан. Пралегчы цераз што‑н. Цераз раку перакінуўся доўгі, крывы цень вярбы. Асіпенка.

6. чым. Кінуць што‑н. адзін другому. Перакінуцца мячыкам. // перан. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: адказаць на чый‑н. зварот, дзеянне падобным дзеяннем, абмяняцца (словамі, поглядам і пад.). Перакінуцца жартамі. Перакінуцца словамі. // у што. Разм. Згуляць з кім‑н. (у карты, лато і пад.).

7. Разм. Перакуліцца, перавярнуцца на процілеглы бок. Воз перакінуўся ў канаву. Нахіліўся човен і перакінуўся ўверх дном.

8. у каго-што. У казках — ператварыцца пры дапамозе чараў у каго‑, што‑н.; перавярнуцца. Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусці́цца, спушчуся, спусцішся, спусціцца; зак.

1. Сысці, перамясціцца зверху ўніз. [Лабановіч і Садовіч] прайшлі жалезны мост, спусціліся з высокага насыпу і пайшлі берагам. Колас. [Баніфацый] спусціўся з Касцельнай гары і доўга хадзіў па парку, чакаючы світання. Чарнышэвіч. Калі Рыта спусцілася з ганка і пайшла па алейцы, Вігдароўскі вынырнуў са змроку і ўзяў яе пад руку. Навуменка. // Перамясціцца ніжэй, знізіцца; апусціцца. Ужо адвячорак. Нізка спусцілася сонца. Шамякін. // Злезці адкуль‑н. уніз. — Трэба праверыць, — ледзь чутна прашаптаў Юрка і асцярожна спусціўся на зямлю. За ім злез і Сяргей. Курто. Фёдар спыніў каня, хацеў дапамагчы Апанаску сысці, але той сам спачатку абмацаў нагой утулку кола — стаў на яе ботам, а потым спусціўся на зямлю і толькі цяжка дыхаў — як усё роўна мяхі, падымаліся і апускаліся грудзі. Даніленка. // Сысці на ніжэйшае месца; апынуцца дзе‑н. [Колька:] — Мама, давай спусцімся да самай вады, пройдзем па беразе, га? Кулакоўскі. Прачытаўшы ліст Колі Высоцкага, .. [Клава] спусцілася на карчомны двор пашукаць сабе работы. Чорны. // Папасці ў сярэдзіну, у глыбіню чаго‑н. У шахту, у забой Спусціўся ён [Максім] глыбока. Куляшоў. Калі .. [Алёшка] спусціўся ў кацельную, то знясілены лёг на ложак і доўга ляжаў, без руху, без думак. Лынькоў. // Ссунуцца (пра што‑н. адзетае, абутае). Панчохі спусціліся. Спадніца спусцілася. // перан. Апусціцца да ўзроўню каго‑, чаго‑н. [Стругач:] — Сёння, бадай, трэба паехаць. Час ужо. Заседзеўся. Трэба спусціцца ў нізы. Прокша.

2. на што і без дап. Сесці, прызямліцца (пра птушак, насякомых, лятальныя апараты). Самалёт спусціўся на аэрадром. □ Сказала [крыжанка]: — Разбойнік Ідзе па гушчарах, Дзе знойдзе бяззбройных, Усіх выпішчае.. Спусціўся ўстрывожаны шпак: — І мой падабраў маладняк! Калачынскі. // перан. Наступіць, насунуцца (пра ноч, імглу, туман і пад.). А калі спусціцца поўнач, Раптам з прыціхшай даліны.. Спеў даляціць салаўіны. Танк. Спусціўся вячэрні змрок, здавалася б, самы час для лёту качак, а іх усё не відаць. Ігнаценка. // Працяглы час ісці, ліць (пра дождж, снег і пад.). У жніўні спусціліся на зямлю цяжкія ліўні. Кірэйчык.

3. Звіснуць, навіснуць. Густы чуб чорных .. валасоў спусціўся на лоб. Бядуля. А Лапко нічым не выказваў свайго хвалявання, можа толькі бровы яго трохі ніжэй спусціліся над вачыма. Колас.

4. Размясціцца па нахіленай плоскасці. Купайся, цягні падвалокі: Да ціхай азёрнай затокі Спусціўся з гары Маленькі пасёлак Суёкі. Маляўка.

5. Ідучы, выйсці куды‑н. Маленькая працэсія спусцілася на дарогу, мінула мосцік праз ручай, які шумна бег у рэчку, і пайшла па Галёнах. Васілеўская. // перан. Цягнучыся, вывесці куды‑н. За вёскай дарога спусцілася ў лагчыну, дзе сінеў ланцужок невялікіх сажалак. Беразняк.

6. Разм. Прыйсці ў заняпад, разарыцца. [Пан Бірыла:] — Мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусціцца з яе. Чорны. // Страціць ранейшыя пазіцыі, становішча. Што Славіку ранейшы брыгадзір усяляк дапамагаў, каб мы [механізатары] не спусціліся ніжэй рэкордных паказчыкаў, мне тады таксама не вельмі падабалася. Даніленка.

7. Сарвацца з чаго‑н., што ўтрымлівае. Курок сам спусціўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)