По́яс1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел. поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр. по́яс, рус. по́яс, польск. pas, в.-луж., н.-луж. pas, чэш., славац. pás, славен. pojâs, серб.-харв. по̏јас, па̑с, pȃs, балг. по́яс, ст.-слав. поꙗсъ. Да прасл. *po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е. *jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ. júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат. júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч. ζῶμα ’пояс’, авест. yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел. апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав. ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).

По́яс2 ’вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр. бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг. поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед. појас, славен. svete Marije pȃsес, серб.-харв. bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́яс ’вясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́яс ’вясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ. dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат. dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц. дыял. ceinture ’вясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разам з формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).

По́яс3Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус. дыял. по́яс ’тс’, лац. Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шлях, ‑у, м.

1. Шырокая, прыстасаваная для руху транспарту дарога. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей. Чорны. — Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш на шлях. Скрыган. Ранкам чутны на марозе Гул матораў, скрып палоззяў, — Шлях ажно гудзе. Кірэенка. // Дарога наогул. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Навуменка. Пругка ступае на цвёрды, убіты шлях нага, спружыніцца роўны крок. Мурашка. // Прастора, па якой адбываецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н. Паветраны шлях. Чыгуначны шлях. □ Бяжыць вада каналамі, — Вялікі волжскі шлях... Колас. Па гэтаму воднаму шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу. В. Вольскі. // Адлегласць, якую трэба прайсці, праехаць, пэўная колькасць пройдзенага, праеханага. Прайсці немалы шлях.

2. Месца для праходу, праезду і пад. Высокая плаціна ўжо перагарадзіла шлях вадзе. Шамякін. Ім [юнаку і дзяўчыне] значылі шлях маякі, запаленыя Міканорам Іванавічам. Даніленка. Перагароджваючы.. [Марыльцы] шлях, па вуліцы прайшла адна, другая, трэцяя машына. Брыль. // перан. Доступ куды‑н., магчымасць глыбей пранікнуць куды‑н. Клімава-камісар шукае шлях да сэрца Аляксея ў сяброўскай гутарцы. «Маладосць».

3. перан. Вялікі перыяд, этап развіцця каго‑, чаго‑н. [Мірон:] — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі... Маўр.

4. толькі мн. (шляхі́, о́ў). Орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма. Дыхальныя шляхі. Выдзяляльныя шляхі.

5. Падарожжа, перамяшчэнне куды‑н. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель. Самуйлёнак.

6. Напрамак, маршрут. Мы ішлі, не зналі страху, Каб не збіцца хоць са шляху. Бядуля. А калі раніцой Страляніну пачуў [Змітрок], То падаўся па ёй, Шлях трымаў на яе Ад сасны да сасны. Куляшоў. // перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго‑н. Найбольш значныя.. творы [Зм. Бядулі] — аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі», напісаныя пасля рэвалюцыі, сведчаць аб тым, што пісьменнік авалодаў марксісцка-ленінскай ідэалогіяй, пайшоў па шляху сацыялістычнага рэалізму. Каваленка. Блуканні маладога музыкі — гэта вехі на шляху яго духоўнага росту. Гіст. бел. сав. літ. // перан. Сродак, спосаб, магчымасць дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Першыя творы на новай беларускай літаратурнай мове звычайна былі ананімныя і распаўсюджваліся рукапісным або вусным шляхам. Гіст. бел. літ. мовы. Прафесар пачаў шукаць шляхі прымірэння з дачкой. Шахавец.

7. перан. Напрамак, дзейнасць, учынкі каго‑н. Баявы шлях кожнага з.. людзей — і ў падполлі, і потым у атрадзе — быў.. звязан з работай Марусі Данілавай. Брыль. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб.. шляху [Паходні] ў гады вайны. Хадкевіч. Шлях Максіма Багдановіча ў літаратуры не быў простым і роўным. Шкраба. // Жыццё каго‑н.; дзейнасць, заслугі каго‑н. у час жыцця. Ён [радавы] не баяўся нават смерці, Ды куля адарвала шлях На полі бою ў сорак трэцім. Смагаровіч. Не мне пра шлях ягоны [У.І. Леніна] гаварыць, Нібы кіно, манціраваць па частках: Я не сучаснік ленінскай пары, Я трыццаць год хаджу ў яго нашчадках. Тармола. [Дырэктар тэхнікума:] — Папярэджваю: не адны ружы, але і шыпы будуць на вашым шляху. Васілевіч.

8. перан. Жыццёвы лёс каго‑, чаго‑н. Радасна было ўсведамляць, што ўсё між.. [Юркам і Лёдзяй] асталося па-ранейшаму, хоць так па-рознаму вызначылася іхнія шляхі. Карпаў. Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны! Гілевіч.

•••

Млечны Шлях — мноства зорак, падобнае ў ясныя ночы па светлую паласу, расцягнутую па небе.

Тармазны шлях — адлегласць, якую праязджае машына пасля пачатку тармажэння.

Шляхі зносін — сукупнасць якіх‑н. шляхоў (у 1 знач.) і пуцей, як сродкаў, спосабаў перамяшчэння. З усіх відаў шляхоў зносін рэспублікі, як і ў цэлым па краіне, найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне мае чыгуначны транспарт. Лыч.

Апошні шлях — пра пахаванне каго‑н.

Жыццёвы шлях — жыццё.

Кружным (абходным) шляхам — у абход (рабіць, дамаўляцца аб чым‑н. і пад.).

На шляху да чаго — дзейнічаючы, развіваючыся ў якім‑н. напрамку.

Саступіць з (свайго) шляху гл. саступіць.

Стаць на шлях чаго, які гл. стаць.

Стаць (стаяць) на шляху чыім, у каго гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

путь м.

1. в разн. знач. шлях, род. шля́ху м.; (дорога) даро́га, -гі ж.;

зи́мний путь зі́мняя даро́га;

са́нный путь са́нная даро́га;

во́дный путь во́дны шлях;

пути́ сообще́ния шляхі́ зно́сін;

избра́ть путь че́рез го́ры вы́браць шлях це́раз го́ры;

путь сле́дования даро́га, маршру́т, шлях;

око́льным путём а) кружны́м шля́хам; б) перен. абхо́дным шля́хам;

пусти́ться в путь пусці́цца ў даро́гу;

нам по пути́ нам па даро́зе (у адну́ даро́гу);

на обра́тном пути́ па даро́зе наза́д, наза́д ідучы́ (е́дучы);

по́езд в пути́ цягні́к у даро́зе;

не сто́йте на пути́! а) (на железнодорожном) не сто́йце на пуці́!; б) перен. не сто́йце на даро́зе!;

идти́ по пути́ чего́ ісці́ па шляху́ (шля́хам) чаго́;

Мле́чный Путь Мле́чны Шлях;

2. анат., мн. шляхі́, -хо́ў;

дыха́тельные пути́ дыха́льныя шляхі́;

пищевари́тельные пути́ стравава́льныя шляхі́;

3. ж.-д. пуць, род. пуці́ м.;

железнодоро́жный путь чыгу́начны пуць;

ре́льсовый путь рэ́йкавы пуць;

поста́вить по́езд на запасно́й путь паста́віць цягні́к на запасны́ пуць;

4. (способ) шлях, род. шля́ху м., спо́саб, -бу м.;

ми́рным путём мі́рным шля́хам;

таки́м путём такі́м спо́сабам (шля́хам);

5. разг. (прок, толк) толк, род. то́лку м.; (польза) кары́сць, -ці ж.;

пути́ в нём не́ было то́лку ў ім не было́;

сби́ться с пути́ а) збі́цца з даро́гі; б) перен. збі́цца з даро́гі (збі́цца з то́лку, з тро́пу);

жи́зненный путь жыццёвы шлях;

на ве́рном пути́ на пра́вільным шляху́ (на пра́вільнай даро́зе);

вступи́ть на путь стаць на шлях;

счастли́вого пути́! (счастли́вый путь!) шчаслі́вай даро́гі!;

после́дний путь (к могиле) апо́шні шлях;

на пути́ к чему́ на шляху́ да чаго́;

держа́ть путь браць кіру́нак;

идти́ свои́м путём ісці́ сваёй даро́гай;

поперёк пути́ упо́перак даро́гі;

пути́-доро́ги нар.-поэт. шляхі́-даро́гі;

забы́ть путь (куда) забы́ць даро́гу (куды);

никому́ пути́ не зака́заны ніко́му шляхі́ не забаро́нены;

напра́вить путь накірава́цца;

проби́ть себе́ путь прабі́ць сабе́ даро́гу;

проложи́ть путь пракла́сці даро́гу;

быть на пути́ (к чему) быць на шляху́ (да чаго);

встать на путь стаць на шлях;

вы́вести на путь вы́весці на даро́гу;

напра́вить (наста́вить) на и́стинный путь накірава́ць (наста́віць) на пра́вільны шлях;

стать на пути́ (чьём) стаць на шляху́ (чыім);

стать поперёк (на) пути́ (кому) стаць упо́перак даро́гі (каму);

стоя́ть на ло́жном пути́ стая́ць на няпра́вільным (памылко́вым) шляху́;

пойти́ по пути́ наиме́ньшего сопротивле́ния пайсці́ па шляху́ найме́ншага супраціўле́ння;

сбить с пути́ збіць з даро́гі (з то́лку, з тро́пу, з панталы́ку);

сби́ться с пути́ збі́цца з даро́гі (з то́лку, з панталы́ку);

избра́ть путь вы́браць шлях.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)