закаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., за чым‑н. Шпулька нітак закацілася ў куток. Кола закацілася за вугал. □ Дзмітрый нагнуўся, адкінуў гарачую гільзу, якая нейкім чынам закацілася пад тармазны педаль. Беразняк. // перан. Імкліва ўвайсці, убегчы куды‑н. Раптам дзверы расчыніліся і ў хату з гоманам, піхаючы адзін аднаго, закацілася пяцёра хлапчукоў. Дубоўка.
2. Зайсці, схавацца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Сонца закацілася за лес, і адразу стала цямнець. Галавач. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Дамашэвіч. // перан. Скончыцца. Яго слава хутка закацілася.
3. Разм. Пачаць закаціста смяяцца, рагатаць і пад. Хлопцы закаціліся дружным рогатам. Зарэцкі. — Ха-ха-ха! — зноў закаціўся смехам Дэвіс. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палымя́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае ярка-чырвоны колер, колер полымя. Злева, на фоне медна-залатога, палымянага захаду, вырысоўваецца з сіняй вады цёмны сілуэт другой гары. В. Вольскі.
2. перан. Палкі, страсны. Палымяны рэвалюцыянер. Палымяны патрыятызм. □ Плошча запоўнена чырвонаармейцамі, рабочымі. На высокай драўлянай трыбуне — знаёмая постаць Ільіча. Правадыр звяртаецца да народа з палымянай прамовай. Шматаў. Заспявай мне песню тую, Што з палёў збіраеш, Што ў сэрцы палымяным Для мяне хаваеш. Русак. // Прасякнуты страснасцю, запалам. Палымяныя выступленні газеты дапаўнялі лістоўкі. Пятніцкі. // Які вырашае палкасць, страснасць. З глыбінь дзесяцігоддзяў у цяжкія для савецкага народа дні гучаў палымяны голас выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Шкраба. Светлячкі капцілак не ў сілах прыхаваць палымянага бляску людскіх вачэй. Там гарыць нянавісць, якая мацней за ўсе агні на свеце. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)