вы́страіць 1, ‑страю, ‑страіш, ‑страіць; зак.
1. каго-што. Паставіць строем. Выстраіць полк. □ Дайшоўшы да размяшчэння часці, Ягораў загадаў выстраіць батальён, маўкліва прайшоў паўз строй. Краўчанка. // Размясціць у пэўным парадку. Выстраіць чаргу.
2. што. Разм. Пабудаваць, выбудаваць. [Гусляр:] — Хорам выстраіў ты свайму воку так міл. Купала.
вы́страіць 2, ‑страю, ‑страіш, ‑страіць; зак., каго.
Разм. Адзець па-святочнаму; убраць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
або́чына, ‑ы, ж.
Бакавая частка дарогі. Ляжаць маўкліва на абочынах Бязногія грузавікі. Панчанка. Нявада ішоў абочынай гасцінца, адкуль увесь снег змяло ў прыдарожныя лагчыны. Чорны. // Ускраіна чаго‑н. (лесу, поля і пад.). Абочына паляны, а Васіль ужо думаў аб тым, што прыйдзецца ехаць, не ўбачыўшы Антося, і раптам на абочыне луга за кустом лазняку заўважыў уваткнутую ў зямлю касу. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́зны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і позні. Ужо позны час, глыбока ночка, А хлапчукі сядзяць маўкліва І навакол глядзяць пужліва. Колас. Ўжо пара мне дадому збірацца, — Вечар позны, а час не стаіць. Багдановіч. — Прыйшлі багатыя і дурныя людзі і забілі .. [птушку] і піскляняты цяпер прападуць: вывадак позны. Самуйлёнак. Мой сябар.. моцна лае мяне за такое пазнае спаннё. Трэба зараз жа ехаць з ім у маёнтак. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзярка́ч 1, дзеркача, м.
Стары венік без лісця; галень. Косцік і Тома так выскраблі дзеркачамі двор і вуліцу, што было хоць каціся. Васілевіч. [Якаў] стаяў каля парога і дзеркачом абмятаў з ботаў снег. Чарнышэвіч.
дзярка́ч 2, дзеркача, м.
Тое, што і драч. Было маўкліва вакол, толькі часам дзяркач на сенажаці, быццам пілкай, пераразаў паветра. Броўка. Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота: там было шумна — крычалі дзеркачы, ржалі коні. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; незак.
1. Свяціцца роўным слабым святлом. Воўчым вокам акно ў цемры ночы блішчыць. Колас. // Адсвечваць роўным, слабым светам (пра гладкую, роўную або нацёртую, начышчаную паверхню). Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч. Блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Колас.
2. Свяціцца, часта ад якога‑н. пачуцця (пра вочы). Па-асабліваму.. блішчаць яго [хворага] вочы. Бядуля. Чорныя вочы Цыганка шчасліва блішчалі, смуглявы твар яго ўвесь свяціўся радасцю. Шчарбатаў.
•••
Блішчаць вачамі — маўкліва прасіць, выказваць просьбу, жаданне позіркам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слуха́ч, ‑а, м.
1. Той, хто слухае каго‑, што‑н. Халімону сусед патрэбен быў, каб мець слухача. Галавач. А калі пачалі выступаць салігорцы, нельга было знайсці такога слухача, які б не захапляўся. Кулакоўскі. Толькі грыбы засядаюць маўкліва — Песням патрэбны свае слухачы. Агняцвет.
2. Навучэнец некаторых навучальных устаноў. Слухач ваеннай акадэміі. Слухач палітасветных курсаў. □ — Гэта слухачы інстытута ўдасканалення ўрачоў, — сказаў хтосьці. Мяжэвіч.
3. Спец. Работнік радыёсувязі, які прымае на слых сігналы, што перадаюцца па радыё.
•••
Вольны слухач (уст.) — асоба, якая дапушчана да заняткаў і экзаменаў у вышэйшай навучальнай установе без залічэння студэнтам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няця́жкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не патрабуе вялікіх намаганняў, не з’яўляецца цяжкім для ажыццяўлення, вырашэння і пад. І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Колас. Самае няцяжкае было — стаяць, маўкліва, ціха, і ні аб чым не думаць. Мележ.
2. Які мае невялікую вагу. Куфэрак быў няцяжкі, але пасля ўчарашняй страшнай ночы ды па такой дарозе несці яго было і цяжка і няёмка. Чарнышэвіч.
3. Не сур’ёзны (пра хваробу, рану, хворага). — Гэты [ранены] — лягчэйшы, — гаворыць Марыя Сцяпанаўна. — Два няцяжкіх пашкоджанні — галава і бядро. Брыль. Амаль кожны дзень я праведваў Грачыка, і ён рады быў таму, што ў яго няцяжкая рана і яго не будуць эвакуіраваць у тыл. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узды́х, ‑у, м.
Узмоцненае ўдыханне і выдыханне паветра. Грудзі .. [чалавека] хадзілі ўбакі, здавалася, ён прысядаў пры кожным сваім выдыху і ўздыху. Чорны. З горла .. [дзяўчыны] вырваўся ўздых, затым вада. Маўр. // Глыбокі ўдых і выдых як выраз смутку, развагі і пад. пачуццяў. Ганька з уздыхам успамінае маму: вось у яе ўжо была чысціня дык чысціня... Васілевіч. Рыгор так і не разабраўся, што азначаў гэты .. ўздых [Валі]: ці згоду з ім, ці адказ на нейкую сваю думку. Арабей. / у перан. ужыв. Наводшыбе непрыязна цямнеў лес, маўкліва і насцярожана глядзелі на .. [Лену] расчыненыя вокны хат, а здалёк даносіліся цяжкія ўздыхі возера. Ваданосаў.
•••
Да апошняга ўздыху — да самай смерці, да канца жыцця.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улада́р, ‑а, м.
1. Той, хто валодае чым‑н.; гаспадар чаго‑н. Пасля рэвалюцыі ўцёк кудысь уладар маёнтка, і за валоку не трэба было болей плаціць. Галавач. [Платон], відаць, ужо не раз мазгаваў пра тое, каб стаць непадзельным уладаром млына. Ракітны. // Той, хто пэўны час карыстаецца чым‑н. Змена ўладароў калыскі адбывалася са здзіўляючай хуткасцю: Колю папрасіла адтуль Настулька, Настульку — Галка. Кірэйчык.
2. Той, хто карыстаецца неабмежаванай вярхоўнай уладай. Уладар дзяржавы. // Той, каму ўсе падначальваюцца. Усе .. [звяры] мірна сышліся ў гурт і маўкліва і пакорліва, як і птушкі, пазіралі на Лесавіка, свайго ўладара і бога. Вышынскі.
•••
Уладар дум каго, чыіх — чалавек, які робіць моцны ўплыў на каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супы́нак, ‑нку, м.
1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні; часовае спыненне чаго‑н. [Джулія], відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі. Быкаў. Вось і вёска Русічы. Тут будзе супынак. Дубоўка.
2. Месца, дзе спыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Яшчэ ў цягніку [Васілінка] надумалася сысці на гэтым супынку, хоць добра ведала, што трэба да тых хутароў вёрст пяць дыбаць праз лес. Ус. Ты нямнога са мной пабыла, Не ўсплыла нават поўня, як глобус, На супынак маўкліва пайшла, Дзе спыніўся ружовы аўтобус. Ляпёшкін.
•••
Без супынку — не спыняючыся; бесперапынна. [Юрка] зрабіў гэта [практыкаванне] разоў шэсць без супынку. Ракітны. Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)