су́днік, ‑а, м.
Шафа для пасуды. [Грасыльда] больш нічога не сказала, адышлася з лыжкай да судніка і забразгала пасудай. Пташнікаў. Надвечар, падаіўшы карову, Арына стала ўпарадкоўваць малако. Заліла глячкі, схавала ў суднік пад замок. Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блізі́р, ‑у, м.
У выразе: для (дзеля) блізіру — пра тое, што робіцца, выконваецца для адводу вачэй. І калі напачатку.. [Малінін] размаўляў з Маняй проста так, дзеля блізіру, каб пазабаўляцца, то цяпер ужо, адчуваецца, стаў шкадаваць маладуху. Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зачака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Вельмі доўга чакаць; стаміцца ад доўгага чакання. — Нарэшце! — сказаў Сцяпан Ягоравіч, калі машына спынілася ля пад’езда. — Мы з Лёнькам зачакаліся. Корбан. Маці зачакалася нас — гэта ж тры дні не былі дома. Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́наўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак; ж.
Металічная пасудзіна з ручкай для піцця, звычайна самаробная. З гільзы пустой, у якой некалі смерць начавала, Зроблена добрая конаўка. Танк. — Бяры пі, — маці падала мне конаўку з малаком. Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тах, выкл.
1. Гукаперайманне для абазначэння адрывістага гуку. Тах! — коратка бухае карабін. Карпюк.
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. тахкаць. [Бацька:] — [Сабачка] дагоніць — ды за ногі быка! І сам тут жа — брык, ляжыць. А бык нагой — тах! Міма... Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абкла́д, ‑а, м.
1. Спец. Абкружэнне звера ў часе палявання. [Бацька:] І сігануў бы з абклада, каб не Адамовіч — гэты, з Усоха што. Ён, праўда, сцебануў метка: воўк — у снег... Масарэнка.
2. Аздоба пераплёту царкоўных кніг ці паверхні абразоў у сярэдневяковым мастацтве.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапля́к, ‑а, м.
Разм.
1. Саплівае дзіця.
2. Пагард. Дзіця, малы. [Пецька:] — Даўлянуў бы, здаецца, ды шкада сапляка — малы, дурны... Масарэнка. // Вельмі малады, няўмелы, нявопытны чалавек; малакасос. [Андрэй:] — Зірнуў я гэта скоса на вартавога, ат, сапляк нейкі, ды яшчэ з ліхтаром чырвоным. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урабі́цца, ураблюся, уробішся, уробіцца; зак.
Разм.
1. у што і без дап. Вымазацца, упэцкацца ў што‑н. [Варвара:] — Ой, дзядзька, дзе гэта вы так урабіліся? Місько.
2. Напрацавацца. [Гаспадыня:] — То, можа, вам ужо будзе сядзець, кладзіцеся... Нябось, уходаліся за дзень, урабіліся. Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрась, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. храснуць і храснуцца. Наступіў ботам [на плот] ды як пакаўзнуўся, грудзьмі аб жардзіну, тая хрась напалам, а я носам у гразь. Быкаў. [Бацька:] — Убачылі [парубшчыкі] лесніка — да яго. Ружжо аднялі — аб пень хрась! — паламалі... Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́йшлы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які зайшоў мімаходам з чужых месц; нетутэйшы. Зайшлы чалавек. / у знач. наз. за́йшлы, ‑ага, м. Джульбарс апраўдваў наш давер: унушальны рост і загадзя натапыраная поўсць загрыўка рабілі незвычайны эфект: зайшлы спыняўся і ўжо не лез на ражон. Масарэнка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)