эраты́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які мае адносіны да эротыкі. Верш яго [Авідзія] гнуткі і прыгожы; у арганічным спалучэнні з эратычнай тэматыкай ён асабліва прыцягваў увагу чытачоў. Майхровіч.

2. Празмерна пачуццёвы; звязаны з эратызмам. Канстанцін Міхайлавіч папракаў.. [Нікановіча] за танныя эратычныя эфекты, за дробязнасць фабулы. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

водападзе́л, ‑у, м.

Узвышша, якое падзяляе басейны некалькіх рэк. // перан. Аб мяжы паміж супрацьлеглымі, але цесна звязанымі паміж сабой з’явамі, падзеямі, суджэннямі. Так мог пісаць толькі сапраўдны рэвалюцыянер-дэмакрат, які рабіў выразны водападзел паміж афіцыяльнай Расіяй Мікалая Крывавага і Расіяй Пушкіна, Герцэна, Чарнышэўскага і Някрасава. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элегі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да элегіі (у 1 знач.), з’яўляецца элегіяй. Элегічная паэзія. Элегічная лірыка.

2. Журботны, меланхалічны, летуценны. Цяжка, відаць, больш ярка адлюстраваць элегічныя думы, што навяваюць мілыя сэрцу ўспаміны аб далёкім і жаданым. Майхровіч. // Які выражае смутак, журбу, меланхалічную летуценнасць. Элегічная ўсмешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаі́чна, прысл.

Як стоік (у 2 знач.), як уласціва стоіку; стойка, мужна. І тым не менш, непакорлівы дух дзядзькі, яго паэтычная душа, закаханая ва ўсё прыгожае, стаічна вытрымлівалі нягоды і выпрабаванні лёсу. Майхровіч. З нейкім вінавата-прабачлівым выглядам ён стаічна чакаў, пакуль набярэцца ў яе дробязі на рэшту. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́рства, ‑а, н.

1. Крайняя жорсткасць, лютасць. Купала гнеўна выказвае сваю нянавісць да чорнай рэакцыі, якая з нечуваным цынізмам і зверствам душыла рэвалюцыйны народ. Майхровіч.

2. звычайна мн. (зве́рствы, ‑аў). Крайне жорсткія, бязлітасныя ўчынкі. Тады аб гітлераўскіх зверствах мала хто ведаў, але Кася адчула нешта нядобрае і кінулася ў лес. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самамэ́та, ‑ы, ДМ ‑мэце, ж.

Тое, што для каго‑н. з’яўляецца запаветнай мэтай і вычэрпваецца ёю самой, а не служыць сродкам для дасягнення чаго‑н. іншага. Класічныя ўзоры вершаскладання не былі для Максіма Багдановіча самамэтаю. Майхровіч. Паэтызацыя працы ў Купалы не самамэта, а сродак раскрыцця сілы і здольнасцей працоўнага чалавека. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утыліта́рны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на імкненні да практычнага выкарыстання, прымянення чаго‑н.; практычны. Максім Багдановіч ставіць і вырашае праблему ідэйна-мастацкай вартасці паэтычных твораў і іх утылітарнай ролі для грамадства. Майхровіч. Замак меў чыста утылітарнае прызначэнне і быў месцам, дзе насельніцтва хавалася на перыяд ваеннай небяспекі. «Помнікі». // Які мае практычнае прымяненне; прыкладны. Утылітарныя веды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачва́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі непрыгожы, агідны, брыдкі; такі, як у пачвары. Нос ці, праўдзівей, бязноссе робіць твар жанчыны страшэнна брыдкім, пачварным, а голас гугнявым. Колас. [Сашынаму] хвораму ўяўленню здаецца, што твар .. [немца] нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю... Шамякін.

2. Незвычайны, выключны (пра якія‑н. адмоўныя якасці). [Янка Брыль] .. выступае, як удумлівы, назіральны бытапісьменнік, якога глыбока хвалююць пачварныя з’явы сялянскага побыту. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сказі́ць, скажу, сказіш, сказіць; зак., што.

1. Змяніць, перайначыць; выставіць у няправільным, памылковым святле. Сказіць сэнс. □ Вульгарызатарская крытыка намагалася сказіць воблік паэта, прыпісваючы яго творчасці песімізм і эстэцтва. Майхровіч. [Сігнал] прыйшоў аднекуль здалёк, прабіўшыся праз камету. Магчыма, гэта і сказіла яго. Шыцік.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна змяніць, надаць ненатуральны, ненармальны выгляд (пра твар). Грымаса сказіла твар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мані́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Нагруднік, пераважна з белай тканіны, прышыты або прышпілены да мужчынскай кашулі. Максім знімае з сябе студэнцкую тужурку, белы каўнерык і манішку, узіраецца ў маленькае люстэрка. Майхровіч. // Устаўка на грудзях у жаночай сукенцы.

2. Частка мужчынскай кашулі, якая закрывае грудзі. Кашуля з вышытай манішкай. □ З-пад расшпіленай фуфайкі бялела вышываная чырвоным крыжам манішка. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)