Палатно́ ’гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення; вялікі шырокі кавалак якой-н. тканіны’. Агульнаславянскае (рус., укр. полотно́, ст.-рус. полотно, польск. płotno, серб.-харв. пла́тно і г. д.) і праславянскае poltъno. Роднасныя ст.-інд. paṭas ’палатно, адзенне, пакрывала, карціна’, сяр.-в.-ням. valte, valde ’тканіна для абгортвання адзення’, алб. palë ’складка, рад’ (гл. Фасмер, 3, 316; там жа і агляд літ-ры). Сувязь са ст.-слав. платъ (Праабражэнскі, 2, 97) лічыцца няпэўнай (Фасмер, там жа; Махэк₂, 455).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палатно́, -а́, мн.о́тны, -аў, -лацён іо́цен, н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення.

Кужэльнае, зрэбнае п.

Віскознае п. (віскозная тканіна такога перапляцення). Збялець як п. (стаць вельмі бледным).

2. Паласа, стужка ў механізме.

П. транспарцёра.

3. Карціна (звычайна на матэрыі асобага перапляцення).

Выстаўка лепшых палотнаў беларускіх мастакоў.

Шырокае гістарычнае п. (перан.: пра літаратурны твор, які апісвае гістарычныя падзеі).

4. Дарожны насып, аснова для верхняга пакрыцця дарогі (спец.).

П. чыгункі.

5. Плоская тонкая частка чаго-н. (спец.).

П. касы.

П. пілы.

|| прым. палатня́ны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Палатняная кашуля (з палатна). Палатняная вытворчасць.

Палатнянае перапляценне (з роўным чаргаваннем нітак асновы і ўтку).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Канва́ ’рэдкая сятчатая тканіна (баваўняная або льняная), якая служыць асновай пры вышыванні крыжам’ (ТСБМ, Сцяшк.), лід. канво́ ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле націску запазычана з рус., (а не з польск.), канва́, якое (у XIX ст.) < з франц. canevas ’канва’. Аднак раней, яшчэ ў XVI ст. ст.-бел. канавасовый ’з палатна канавасу’ прыйшло са ст.-польск. kanawasowy < kanawas < (kanawac(a), kanafas ’шаўковая або баваўняная тканіна’, суч. польск. kanafas ’пераплётны матэрыял’) < італ. canavaccio ’ануча’ < с.-лац. canovacium ’грубае палатно’, якое ўзыходзіць да canava ’каноплі’ (Булыка, Запаз. 136; Слаўскі, 2, 47–48).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

порт 1, ‑а, М порце, м.

Спецыяльна прыстасаванае месца для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту суднаў. Хутка з-за гары, што ўзвышалася на левым беразе над самай вадой, вынырнуў вялікі порт і горад. Шамякін. Я бачыў не раз, як буруны ўставалі І з мора спяшаліся ў порт караблі. Лужанін. // Прыморскі горад з такім спецыяльна прыстасаваным месцам для стаянкі, пагрузкі, разгрузкі і рамонту караблёў. Велізарныя порты, такія, як Адэса і Марыупаль, маюць сувязь з усімі краінамі свету. «Беларусь».

[Фр. port.]

порт 2, ‑у, м.

Льняная або баваўняная тканіна. Кашуля шырокая з порту, Лапці з пяньковых абор, У шапцы салдацкай падзёртай Ходзіць па вёсцы Прахор. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цік 1, ‑у, м.

Спец. Нервовы стан, пры якім назіраецца міжвольнае перасмыкванне мышцаў твару, радзей шыі, рук. [Цывільны] стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў раз-поразу яго губы. Чорны. Лявон паволі злез з печы, пачаў гаварыць з жонкай і... падміргваць. Гэта ён учора вечарам .. напалохаўся, і ў яго з’явіўся нервовы цік. Сабалеўскі.

[Фр. tic.]

цік 2, ‑у, м.

Спец. Шчыльная льняная або баваўняная тканіна (звычайна паласатая), якая ўжываецца для абіўкі мэблі, для пашыўкі чахлоў і пад. Набіўны цік.

[Гал. tijk, англ. tick.]

цік 3, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дзікарослае дрэва сямейства вербенавых з моцнай драўнінай, якое расце ў лясной паласе Індыі, Індакітая.

2. ‑у. Драўніна гэтага дрэва, якая выкарыстоўваецца ў караблебудаванні.

[Англ. teak.]

цік 4, цік-ці́к і цік-цік-ці́к, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лі́пец1, лі́пэць ’ліпень’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Бес.; воран., Шатал.; смарг., паст., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. липецъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. lipiec (Жураўскі, SOr, 1961, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 185; Арашонкава, БЛ, 2, 47). Адна к Слаўскі (4, 273), прыводзячы ў якасці роднасных рус. липец ліпень’, укр. липець ’тс’, паўд.-слав.: серб.-харв. ли̏пац ’від ліпы’, славен. lȋpec ’ліпа лясная’, выводзіць прасл. lip‑ьcь, які называў сёмы месяц. Да лі́па (гл.). Сюды ж ліпцовы (мёд) ’сабраны з ліпы ў час яе цвіцення’ (ашм., З нар. сл.).

Лі́пец2 ’ліповы мёд’ (Нас., ТСБМ), палес. лі́пэ̂ц ’тс’ (Анох.), укр. липець ’тс’, рус. цвяр. липец ’тс’, ’напітак з мёду’, польск. lipiec ’тс’. Прасл. lip‑ьcь (Слаўскі, 4, 273). Да лі́па (гл.).

Лі́пец3, лі́пяц ’праполкі (слуц., Сл. паўн.-зах.). Да кораня ліп‑ (ліпнуць, ‑липати). Гэта пацвярджаецца і тлумачэннем інфарматара: «Ліпец — гэта клей, якім пчолы залівалі шчыліны ў вуллі».

Лі́пец4 ’павітуха льняная, Cuscuta epilinum Weihe’. Да ліпнуць (гл.). Названа паводле таго, што гэта расліна-паразіт абвівае расліну-гаспадара, прысмоктваючыся да яе сваімі прысоскамі (БелСЭ, 7, 590). Тое ж адносіцца і да рус. липец ’маруна ўчэпістая, Galium aparine L.’, укр. липник ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)