рудавало́сы, ‑ая, ‑ае.

З рудымі валасамі. Змітрок крадком пазіраў на Ігналю, і новае, нязнанае дагэтуль пачуццё ўзнікала ў яго да гэтага рудавалосага, шчуплага і надзвычай жывога хлопца. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́спець, ‑спее; зак.

1. Паспець, стаць спелым. Выспелі антонаўкі, ранеты, Верасень схмялелы завітаў. Прануза.

2. перан. Скласціся, сфарміравацца, прыняць канчатковую форму. Выспела думка. Выспеў план. □ Нарэшце рашэнне выспела: ноччу, крадком,.. [Адам Ягоравіч] пакінуў гаспадара — наперадзе Нясвіжская семінарыя. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цішко́м, прысл.

1. Непрыкметна, употай; крадучыся, крадком. І Губіч тут быў не аднойчы, Не раз прабіраўся цішком Бязлюднаю сцежкаю воўчай У гэты эсэсаўскі дом. Колас.

2. Ціха, нягучна, без шуму. Ноччу Валька плакала цішком, каб не пачуў чужы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укра́дкам, прысл.

Разм. Крадком, употай. Баязліва паглядае Агатка на мачыху, украдкам кіне позірк на акно. Колас. Ледзь прычакаўся .. [Алёшка] ранняга вячэрняга змроку. Украдкам агледзеў канцы абарваных шнуроў. Лынькоў. Лапінка спяваў .. і, украдкам, цікаваў то на «брата Мішу», то на Косціка. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скрэ́дама (скрэ́дома) ‘невядома куды, дзе (пайсці, загінуць)’: пропаў скрэ́дома (Альп.). Вытворнае ад скрада́цца ‘красціся’ прыслоўе па тыпу крадко́м, укр. крадько́ма ‘хаваючыся, скрытна’, параўн. скра́дка ‘схованка’ (Цыхун, PC, 2006, 10, 21); словаўтваральны тып, вядомы паўднёвым (параўн. славен. mukoma ‘з цяжкасцю’) і ўсходнім славянам, сустракаецца ў старабеларускай пісьменнасці пры ўтварэнні слоў, якія абазначаюць пэўны час, напрыклад, лягомо ‘час, калі кладуцца спаць’, гл. Дзенісенка, Псковские говоры, 1979, 4–8.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

добразычлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які жадае людзям дабра, прыхільна, спагадліва адносіцца да іншых. Добразычлівы чалавек. □ — Сядайце тут. Куды вы пойдзеце, — таксама запрашала .. [правадніца] Ніну з гасціннасцю добразычлівай гаспадыні. Сіўцоў. // Які выражае прыхільнасць, спагаду. Добразычлівыя адносіны. □ Упэўненасць ішла, мабыць, ад добразычлівых позіркаў, якія крадком кідалі на .. [старшыню] людзі. Навуменка. Лагоднае, добразычлівае слова больш дае сілы чалавеку, чым лаянка. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкра́сціся, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; ‑крадзёмся, ‑крадзяцеся; пр. ‑краўся, ‑кралася; зак.

Наблізіцца, падысці крадком, непрыкметна, паціху. [Рыль] туліцца бліжэй да чаротаў, каб спрытней падкрасціся да дзікіх качак. Колас. Аднойчы да калючай агароджы лагера падкраліся трое падлеткаў. Новікаў. // Надысці, настаць неўзаметку (аб здарэннях, з’явах і пад.). Падкралася старасць. Падкралася восень. Падкраўся страх. □ Паволі і непрыкметна падкраўся вечар. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гавэ́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Абл. Гутарка, размова. Гардзіенка з гаспадыняй сардэчна вялі гавэнду і не бачылі нікога. С. Александровіч. Калі купляюць, імя не пытаюць. Навошта тое імя? З рук у рукі — і гавэнды няма. Ермаловіч. Аднойчы зусім яшчэ малады паніч Андрэй Полаз, наслухаўшыся ад гасцей гавэнды пра розныя паляванні, узяў крадком ад бацькі рагач і ўцёк з дому. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закра́сціся, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; пр. закраўся, ‑лася; зак.

1. Непрыкметна, крадком пранікнуць куды‑н. Злодзей закраўся ў дом.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Непрыкметна, мімаволі ўзнікнуць, з’явіцца (аб думках, пачуццях). Смутная здагадка закралася Любе ў сэрца. Васілевіч. — Прывыкнеш, Колька! — спрабаваў супакоіць таварыша Ігнась, але ў словах яго не было шчырасці: сум па дому закраўся і ў яго душу. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвы́ркаць, ‑ае; незак.

1. Утвараць рэзкія адрывістыя гукі (пра цвыркуноў, конікаў і некаторых птушак). На розныя галасы недзе ў лістоце цвыркаюць птушкі. Скрыган. У жыце цвыркалі конікі. Новікаў. // Утвараць падобныя гукі (пра інструменты). Шоргалі звонкія пілы, гахалі і чохкалі сякеры, цвыркалі скоблі. Машара. // Імгненна прапускаць сліну праз зубы. Чакаючы, сядзеў [Пятрок] увесь час на лавачцы, курыў крадком з рукава ды цвыркаў слінай цераз зубы. Паўлаў.

2. Ліцца струменьчыкамі. Пад гарачымі промнямі сонца снег хутка раставаў, і ў нас пад нагамі хлюпала і цвыркала тонкімі струменьчыкамі вада. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)