Ста́я1 ‘чарада птушак’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘касяк рыб’ (Сцяшк.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 584), з рус. стая́ ‘тс’, што патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. ста́я ‘загарадка ў хляве, дзе стаяць коні’ (брэсц., Нар. сл.), ста́я, ста́і ‘загон’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *staja; параўн. таксама ўкр. ста́я ‘курэнь пастухоў; загон; рад сціртаў сена’, рус. ‘хлеў; адрына, загон’, стараж.-рус. стая ‘хлеў’, ‘прыстанішча; ложак; шацёр’, чэш. stáj, stáje ‘стойла’, серб.-харв. ста̏ја ‘стойла; загон’, славен. stája ‘хаціна пастухоў; прыстанішча’, балг. ста́я ‘пакой’, макед. стаја ‘канюшня’. Да стаць, стаяць, першаснае значэнне ‘стойла; месца, дзе стаіць жывёла’, ‘стаянка’. Гл. Фасмер, 3, 749; Махэк₂, 574; Сной₁, 603; гл. спецыяльна Лучыц–Федарэц, Лекс. Палесся, 193–194. Трубачоў (Этногенез₂, 212) лічыць кур’ёзным, аднак цалкам рэальным, што назва “рухлівай” групы жывёл утворана ад і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Няма падстаў разглядаць як магчымы субстратны балтызм рус. падмаск. ста́йка ‘хлеў’ (Тапароў, Балтийские яз., 46), параўн. Анікін, Опыт, 283.

Ста́я2 ‘парода, гатунак’ (Бяльк.). Відаць, да стая1 (< ‘з адной стаі, з аднаго гнязда’).

Ста́я3 ‘загон, участак зямлі’ (іўеў., трак., воран., шальч., беласт., Сл. ПЗБ), ‘мера даўжыні ў 100 м’ (Сцяшк.), ст.-бел. стая ‘мера даўжыні, роўная прыблізна 80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. ста́я ‘дзялянка зямлі, загон’, польск. staja ‘пэўная мера даўжыні поля’. Прасл. *staja ‘постаць; паласа поля, занятая пры апрацоўцы’, што да *stati, гл. стаць. Параўн. ЕСУМ, 5, 403.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́чка1 ’мядзведка, Gryllotalpa gryllotalpa’ (Сержп., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, ПСл; бяроз., Ск. нар. мовы; лельч., Жыв. НС), ’крот’ (ТС), ты́чка ’тс’ (іван., ЖНС), ту́чка ’мядзведка’ (ТС), ты͡эчка ’тс’ (лун., Арх. Вяр.), tòčka, tu͡ečka ’крот’ (Тарн.), ’сараканожка, Myriapoda’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. дыял. ту͡очка ’мядзведка’, то́чка ’палёўка’, каш. točk ’крот’, ’мыш Cletrionomys glareolus’, палаб. tücai̯kă ’крот’, славац. дыял. točka ’тс’. Да тачы́ць ’грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі, пашкоджваць што-небудзь’ (гл.) < прасл. *točiti, адным са старажытных значэнняў якога акрамя ’прымушаць цячы, бегчы’ (< *tekti ’цячы, бегчы’) было ’круціць, пракручваць’. Паводле Папоўскай–Таборскай (Бел.-польск. ізал., 106), гэта перыферыйны праславянскі (палабска-кашубска-палескі) архаізм або, магчыма, арэальная праславянская інавацыя (Szkice, 2, 35), падтрыманая наяўнасцю ідэнтычна матываваных ням. Wühler, Wühlwurm, Erdwühler ’крот’. Борысь (SEK, 5, 154) мяркуе пра незалежнае развіццё назвы на славянскіх тэрыторыях. Цікавасць уяўляе выпадак этымалагічнай магіі: “як пачынаюць закормліваць на ўбой вепрука ці свінню, то даюць ім зьесці точку, каб яны хутко сыцелі” (Сержп. Прымхі, 151); тут назва набліжана да тук, тучыць, гл.

То́чка2 ’кропка’ (Бяльк.), ’колік, які служыць межавым знакам’ (Некр.), ’метка ў канцы адмеранага ўчастка’ (люб., Бел. дыял., 2); у выразах: точка ў точку ’вельмі падобны’ (ТС), ni papaŭ ŭ tòczku ’не змог нешта зрабіць, сказаць; няўдала ажаніўся’, tòczka ŭ tòczku ’пра штосьці добра падабранае, напр., коней (калі адзін аднаго даганяе, але застаюцца на аднолькавай адлегласці, то так гавораць)’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. укр. то́чка ’пункт, кропка’, рус. то́чка, чэш. teczka, славен. tóčka, серб.-харв. та̏чка, балг. то́чка, макед. точка ’тс’. Прасл. *tъčьka < *tъčь (< *tъknǫti/*tykati) ’месца, куды ткнулі’, параўн. ты́чка ’знак забароны’ (Жд. 2). Паводле семантыкі аналагічна лац. punctum ’кропка’ < pungere ’калоць’ (Фасмер, 4, 90; Махэк₂, 638; Чарных, 2, 254; ЕСУМ, 5, бі 1). Гл. таксама точ, тоц.

То́чка3 ’магазін’ (Сцяшк. Сл.), ’радыёкропка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.), з рус. то́чка ’тс’, скарочана з афіцыйна-канцылярскіх назваў: торго́вая то́чка, радиото́чка ’тс’.

То́чка4 ’гайня, зграя сабак, ваўкоў у час цечкі’ (слонім., Шн. 3; Сл. ПЗБ; слонім., Жыв. сл.; зэльв., слонім., ЛА, 1; Сцяц.). Параўн. укр. дыял. ті́чка, те́чка ’гайня ваўкоў; касяк рыб’. Да тачы́цца (< тачы́ць < *točiti) ’круціцца’, што ўрэшце да *tekti, *tokъ (гл. цякаць, цячы, ток2) (ЕСУМ, 5, 578; Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 20). Гл. це́чка.

То́чка5 ’кружок, які дзеці выкарыстоўваюць пры катанні’ (ваўк., Арх. Федар., Вруб.). Да тачыць (гл.); параўн. асабліва польск. taczać ’гнаць наперад нешта круглае, куляць’, toczyć ’каціць’, toczek ’кружок, колца’.

То́чка6 ’вяха, якая забараняе карыстацца дарогай’ (Шат), ’забіты ў дно ракі кол для прывязі рыбацкага чаўна’ (мазыр., Яшк.), ’тычка на фасоль’ (Мат. Гом.). Да у‑ткну́ць, ты́каць, ад асновы якіх утварылася (з суф. *‑jь) *točь ’месца, куды ўваткнулі што-небудзь’, пазней — ’тое, што ўтыкалі’. Відаць, сюды ж: то́чка ’ўчастак зямлі (для пасадкі, поліва ці ўборкі буракоў), выдзелены для апрацоўкі яго адным работнікам у калгасе’ (лельч., ЛА, 2); гэты ўчастак мог быць абазначаны ўваткнутымі вешкамі. Гл. таксама тычка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)