паласа́, ‑ы; мн. палосы, палос і палосаў; ж.

1. Тонкі доўгі кавалак якога‑н. матэрыялу (металу, тканіны, паперы і пад.). Доўгая паласа паперы звесілася ў акне рэдакцыі. Гартны. Там было поле са старой прысадзістай арабінай, у якой была адарвана разам з паласой кары да самай зямлі тоўстая галіна. Чорны.

2. Доўгая, параўнальна вузкая частка якой‑н. прасторы, паверхні, якая вылучаецца чым‑н. Дрэвы пачалі радзець, між стваламі зашарэла паласа берага. Мележ. Уздоўж лесу вузкай паласой цягнецца гнілое балота. Гамолка. / Аб чым‑н. такім, што набыло выцягнутую прадаўгаватую форму. Закурылі. У шызых палосах дыму .. лямпа гойдалася, як на хвалях. М. Стральцоў. // Доўгая вузкая рыса, лінія. На кошыку была шырокая рознакаляровая паласа. Мяжэвіч. Праз усю Мінскую вобласць, праз Палессе, праз Піншчыну і далей, на Баранавічы, працягнулася па карце цэлая паласа чырвоных флажкоў — шлях партызанскага рэйду. Лынькоў. // Вузкі, доўгі след ад чаго‑н. Гімнасцёрку на плячах перакрыжавалі дзве вільготныя паласы ад лямак парашута. Алешка.

3. Раён, пояс, зона, якія адрозніваюцца ад суседніх з імі раёнаў, паясоў, зон. Чарназёмная паласа. Паласа стэпаў. □ Хто з вас з сярэдняй паласы, той ведае апошнія зімовыя завірухі. Шамякін. // Участак, тэрыторыя, дзе што‑н. адбываецца, якія ахоплены чым‑н. у адрозненне ад акаляючай мясцовасці. Прыфрантавая паласа. Пагранічная паласа. □ Гэты палкоўніцкі маёнтак быў у паласе вайны, але ад фронту даволі яшчэ далёка. Чорны. [Васіль і Аксана] трапілі ў паласу абстрэлу... Кавалёў.

4. Нешырокі ўчастак ворнай зямлі. Раней кожны з нас паасобку калупаўся на сваёй паласе. Брыль.

5. перан. Прамежак часу, перыяд, які адрозніваецца чым‑н. ад папярэдняга і наступнага. [Валя] была ўзбуджана сваімі маладымі гадамі, пачаткам новай паласы ў сваім жыцці. Чорны. // Перыяд у настроі, унутраным стане чалавека. Мастак.. перажыў паласу змрочнага адчаю. «Беларусь».

6. Набраная або аддрукаваная старонка газеты, кнігі, часопіса. Рэдактар чытаў толькі што прынесеныя з друкарні палосы заўтрашняга нумару газеты — гэта была яго штовячэрняя работа. Хадкевіч.

•••

Паласа адчужэння — участак пэўнай шырыні ўздоўж чыгункі або шашы, які знаходзіцца ў падпарадкаванні дарожных упраўленняў.

Узлётна-пасадачная паласа (на аэрадромах) — доўгі ўчастак пэўнай шырыні, дзе адбываецца ўзлёт і пасадка самалётаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. поўз, паўзла, ‑ло; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам (пра паўзуноў, якія не маюць ног). Негр падхопліваў змяю на палачку, што трымаў у руках, і змяя, выкручваючыся, нібы яе прыпякалі гарачым жалезам, паўзла па палачцы да старога. Арабей. // Перамяшчацца наперад на нізкіх нагах, амаль датыкаючыся тулавам да паверхні (пра паўзуноў, насякомых і пад.). Позірк .. [Рымы] падае на бальшак. Па ім паўзуць шэрыя чарапахі. Васілеўская. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху. Бядуля. // перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі, гукі і пад.). Непрыемная млявасць паўзла па цел[е]. Савіцкі. Але паўзлі патайна чуткі З сырых падвалаў і муроў. Колас. Гэта дапамагала мала — па класе ўсё роўна поўз ціхенька, смех. Васілевіч.

2. Перамяшчацца лежачы, на жываце, на карачках і пад. (пра людзей і жывёл). Сёмка спачатку пачаў паўзці, а потым прыстаў, падышоў да Петруся і прылёг. Брыль. Сакольны некалькі разоў прыпыняўся, каб прыслухацца, ці паўзуць за ім людзі, ці не парушаецца кім цішыня. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Павольна рухацца, перамяшчацца. Ды дзядзька страх перамагае, Ён шапку загадзя знімае, Па ўсходах чыстых, як мурашка, Паўзе ўгару, ступае цяжка. Колас. На двор паўзлі падводы, людзі. Асіпенка. Цягнік поўз паволі, нібы краўся цішком у цемры праз тую граніцу. С. Александровіч. // Павольна распаўсюджвацца, перамяшчацца; слацца (пра туман, дым і пад.). [Туман] поўз, распаўзаўся па дрыгвяністых нетрах. Лынькоў. Шэрыя дажджавыя хмары нізка паўзлі над счарнелым, мокрым горадам. Грамовіч. З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі. Шамякін.

4. Слацца па паверхні, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). І жоўты хмель віецца на плятні. І дзерава расце, паўзе пад шула. Кірэенка. Доўгія галіны вінаграду.. паўзуць па высокіх драўляных рэйках, утвараючы цяністы калідор, у якім добра хавацца ад летняй спякоты. Бяганская. / Пра агонь, пажар. І зноў то выцягваюцца, то абрываюцца.. жоўтыя языкі [полымя], паўзуць, пераскакваюць, асыпаюцца дымнымі іскрамі. Лынькоў. Агонь вырываўся ўжо з вокнаў друкарні, хапаўся за сцены, поўз па іх на дах. Паслядовіч.

5. Павольна сунуцца ўніз. Гліна і пясок паўзуць па кручах З гор у Алазанскую даліну. Хведаровіч. Спяваў жаўрук, у яр паўзлі снягі, як звозілі ў адну мы клець мяхі. Русецкі. // Павольна сцякаць, ліцца (пра вадкасці). Па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту. Быкаў. І паўзе раса слязой у дуба, Па ствалу з тугіх лістоў паўзе... Кірэенка.

6. Марудна праходзіць, цягнуцца (пра час). Неахвотна, марудна паўзуць доўгія зімовыя месяцы. Мурашка. І вужакамі хцівыя рукі Лезуць, лезуць у шафу, ў камод — І хвіліна паўзе, нібы год. Агняцвет.

7. перан. Пралягаць, віцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, сцежку і пад.). То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калоша ’частка штаноў, якая надзяваецца на адну нагу; калашына’ (БРС. ТСБМ, Бяльк.; лаг., клец., КЭС; Нас., Сержп., Сцяшк., Янк. 3.), сюды ж калудшачкі (Сержп. Отч.), у Чачота колоша — «літоўскі правінцыяналізм», калоша ’абмотка з анучы ад ступні да калена нагі; косяць у час жніва’ (Сцяц., Шат.), калошка ’частка шкарпэткі, якая аблягае нагу вышэй ступні’ (навагр., Нар. сл.), калоша ’брыжы на рукаве’ (свісл., Шатал.). У форме калоша, калойша і калаша ’калашына’ лексему адзначае Сл. паўн.-зах., колоша ’тс’ (ТС). Далей адзначаюцца формы колошва ’калашына’ (пін., Жыв. сл.; драг., КЭС; пін., Нар. лекс.; Тарн.), колошвіна (іван., КЭС), калойша ’тс’ (Сцяшк.), калошня ’тс’ (Бяльк.), калошні ’тс’ (Мат. Гом.). Адпаведна ўкр. колоша і холоша ’калашына’, усх.-палес. колошка ’ніжняя частка рукава сарочкі, які не мае манжэту’, колоші ’ніцяныя рукавы ў кроснах’, колошнізімовыя суконныя штаны’, холошні, бойк. колошні з адсылкай да холошні. У рус. мове ў гаворках калоша, колоша і калоши, колоши ’калашвына; штаны’ таксама цвяр. ’разнавіднасць жаночых панчох з сукна’ і інш., дан. ’пер’е на нагах птушкі’, калошва ’калашына шаравараў’, кур. калошевина ў Фасмера, 2, 297, рус. і ўкр. словы традыцыйна параўноўваюцца з серб.-харв. кла̏шња ’разнавіднасць панчохі’, балг. клашник ’вопратка без рукавоў’ і клашня ’грубая тканіна’. У БЕР, 2, 426–427, клашне, клашна, клашни, клашня лічацца запазычаным з серб. кла̏шње ’від грубай тканіны”, кла̏шња ’від мужчынскіх штаноў’, ’вопратка да калена’, пры гэтым усх.-слав. лексіка не згадваецца, як не згадваецца і супастаўленне гэтых лексем у слоўніках Міклашыча, Бернекера. З апошніх па часу толькі слоўнік польскай мовы (у канцы 50‑х гадоў) звярнуўся да ўсх.-слав. лексікі, але Слаўскі, 2, 32, толькі паўтарыў даўняе параўнанне гэтых слоў з серб.-харв. ка̀лача, ка̀љаче ’галёшы’ і зрабіў заўвагу, што гэтыя ўтварэнні неабходна аддзяліць ад запазычаных з ням. Galosche (Kalosche больш даўняя форма) і што яны з’яўляюцца запазычаннямі больш старэйшага ўзроўню з іншай крыніцы. Відаць, серб.-харв. ка̀љаче неабходна разглядаць як параўнальна новае запазычанне, хаця непасрэдную крыніцу прывесці цяжка. Іншы варыянт — гэта кантынуант таго запазычання, крыніцу якога адлюстроўвае, магчыма, і бел. калычы ’гетры’ (гл.). У такім выпадку як даўнюю паралель неабходна разглядаць серб. клашња, якое фармальна і семантычна як быццам бездакорна суадносіцца з бел. калошня, укр. колошня. Бел. слова распаўсюджана ў рэгіёне, куды ў прынцыпе магло пранікнуць слова з укр. моўнай тэрыторыі (колошня ў Бяльк. і гомельскае), аднак нельга выключыць магчымасці, што гэта незалежны ад укр. арэал. Пашыраны на зах. Палессі варыянт колошва і форма калоша, калойша на асноўнай бел. тэрыторыі выключаюць распаўсюджанне слова з зах.-палес. або праз іх з адпаведных укр. гаворак. Відаць, існавала сапраўды прасл. лакальнае ўтварэнне kolsьnja (усх.-слав. колоша ў такім выпадку другаснае?). Адносна формы колошт неабходна адзначыць, што яе ўсх.-слав. статус не відавочны, паколькі распаўсюджанне слова ў рус. гаворках абмежаванае. Калі ж да таго прыняць пад увагу культурны характар рэаліі, наогул нельга выключыць магчымасці пашырэння слова з бел. і ўкр. гаворак. Так, паводле даных СРНГ, лексема мае шырокую геаграфію. Разам з тым пры аналізе гэтага слова нельга не прымаць пад увагу культурнага статуса рэаліі, што прымушае больш уважліва прааналізаваць магчымасць запазычання гэтага слова. Франц. назва абутку galoche ’скураны галёш’ не мае пэўнай этымалогіі. Тэарэтычна нельга выключыць, што тут культурнае запазычанне з вядомай крыніцы. Апошняе ўжо само па сабе ў пэўнай меры тлумачыць нерэгулярную фанетыку, апрача таго, неабходна адзначыць спецыфічную адаптацыю слова пры вусным запазычанні, для якога нельга выключыць і рознае пасрэдніцтва. Адносна серб. клашња неабходна згадаць версію аб яго імаверным раманскім паходжанні. Тут маецца на ўвазе даўняе (яшчэ да метатэзы плаўных) запазычанне з лац. calceus ’чаравік, чобат’. Як па семантычнаму крытэрыю, так і фармальна гэта не вельмі дакладвае супастаўленне. Семантыка лац. слова можа адлюстроўваць толькі прыватны момант. Параўн. італ. calra ’панчоха, шкарпэтка’; ’гольфы’, ’павязка на назе жывёлы’, calzone ’калашына’, ’штаны’ і франц. chausson ’чаравік’, chausse ’штаны’ і інш. Семантыку паўдн.-слав. лексем параўн. у БЕР, 2, 426–427 і асабліва RHSJ, 5, 41–42. Паводле іх версіі, лац. слова само павінна ўзыходзіць да іншамоўнай крыніцы. Што датычыць значэння, хутчэй за ўсё сінкрэтычная семантыка была ўжо ў слова-крыніцы. Думаецца, што паўн.-слав. адпаведнік да серб. лексемы сведчыць аб тым, што лакальнае прасл. запазычанне ўзыходзіць не да лац. лексемы, а да мяркуемай першакрыніцы, магчыма, і праз нейкае пасрэдніцтва. Калі лічыць зыходнай форму на ‑sa, неабходна рэканструяваць архетып kolsa; відавочна, што пры дакладнай суаднесенасці з лац. (с.-лац.) calcea зыходнай формай павінна быць kolc‑ (Наим., 209). Паводле Вахраса, Наим., 209, на сапраўды запазычанае ст.-усх.-слав. колоча (с.-лац.) уплывала блізкае па гучанню і сэнсу спрадвечнае холоша, аднак прапануемая ім этымалогія апошняга слова непераканаўчая, распаўсюджанне гэтай формы абмежаванае, яна не пацвярджаецца паўдн.-слав. прыкладамі. Апрача таго. х‑пачатковае можна вывесці з к‑пачатковага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

з 1, нескл., н.

1. Дзевятая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «зэ». Вялікае З. Друкаванае з.

2. Звонкі, свісцячы, пярэднеязычны, шчылінны зычны гук.

з 2 і са, прыназ. з Р, В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, адкуль пачынаецца рух, дзеянне. Выйсці з хаты. □ Прыходзілі сяляне з навакольных вёсак са сваімі неадкладнымі справамі. Лынькоў. З таго боку Прыпяці шыбуе човен. Колас. / З геаграфічнымі назвамі. Прыслаць тэлеграму з Каўказа. Вярнуцца з Гомеля. / З назоўнікамі, якія абазначаюць месца, сферу дзейнасці. Прыехаць з камандзіроўкі. Вярнуцца з экспедыцыі. Прыйсці з лекцый. // У спалучэнні з прыназоўнікамі «на», «у» (з — на; з — у) ужываецца пры абазначэнні шматразовага дзеяння. Пераносіць з месца на месца. Пераязджаць з горада ў горад. Пераскокваць з купіны на купіну. / У некаторых устойлівых выразах. Пераліваць з пустога ў парожняе. □ Ля дзвярэй пераміналіся з нагі на нагу чырвонаармейцы. Лынькоў. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (з — да) ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў распаўсюджвання дзеяння, стану, якасці або ўласцівасці. Прачытаць кнігу з пачатку да канца. □ Стары салдат сурова акінуў поглядам Лабановіча, змераў з ног да галавы. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні месца, дзе знаходзіцца дзеючая асоба або прадмет. Гаварыць з трыбуны. Выглядаць з акна. □ — Зайдзі ў хату! — крыкнуў з ложка Патапавіч. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні месца або напрамку (адносна каго‑, чаго‑н.), дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца або дзейнічае. Ля.. [Міколы], з правай рукі, як і заўсёды, уселася Зося. Гартны. З боку вёскі цягнулася вузкая паласа нізкарослых, каржакаватых хвой. Шамякін. // Ужываецца пры абазначэнні боку або напрамку, з якога дзеянне накіроўваецца на прадмет. Удар з тылу. □ Бруй зайшоў з другога боку печы. Колас. // (са словамі «бок», «пазіцыя», «пункт погляду» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці чыіх‑н. поглядаў, адносін да каго‑, чаго‑н. З майго пункту погляду. З пазіцый марксізма. □ Свой прысуд над існуючым грамадскія, ладам і падтрымку светлых пачаткаў жыцця пісьменнік ажыццяўляў з пазіцыі народнасці. Каваленка. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета або месца, з паверхні якога або ад якога што‑н. аддзяляецца, знімаецца. Зняць шапку з галавы. Устаць з ложка. Сарваць яблык з дрэва. Звярнуць з дарогі. □ Сарока з куста, а дзесяць на куст. Прыказка. / З назоўнікамі, якія абазначаюць сферу дзейнасці, заняткаў. Звольніць з пасады. Зняць з уліку. / У некаторых устойлівых выразах. Збіцца з ног. Зваліцца з неба. Спусціць з вока. Сарвацца з прывязі. Збіць з толку. Збіцца з тону. Сысці з рук.

2. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца праяўлення якой‑н. прыметы, якасці. З твару .. [Ліда Міхайлаўна] была даволі прыгожая жанчына. Колас. Ганна і з натуры, і з усяго аблічча была вельмі непадобная да сваёй маладзейшай сястры. Чорны.

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сумежнасці, блізкасці чаго‑н. з чым‑н. у прасторы (звычайна са словамі «поруч», «побач», «поплеч»). Сесці поплеч з бацькам. □ Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Клім пайшоў поруч з возам. Галавач.

Часавыя адносіны

4. з Р. Ужываецца пры абазначэнні часу, які з’яўляецца пачатковым момантам у развіцці якога‑н. дзеяння, стану або ва ўзнікненні якой‑н. якасці, уласцівасці. З дзевятага класа Віктар усё ж такі сеў на трактар. Кулакоўскі. Свежае з начы паветра напаўнялася цеплынёй. Самуйлёнак. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з таго часу», «з той пары». // У спалучэнні з прыназоўнікамі «да» і «па» (з — да; з — па) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога працякае дзеянне або стан. Працаваць з цямна да цямна. Прыём з 9 да 11 гадзін. □ Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Купала. І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу паміж двума днямі, датамі, у межах якога працякае дзеянне або што‑н. адбываецца. З суботы на нядзелю выпаў снег. Ноччу з пятага на шостае прыехаў брат. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) у складзе некаторых устойлівых выразаў ужываецца пры абазначэнні нявызначанага, але блізкага часу здзяйснення чаго‑н. Чакаць з дня на дзень. □ Мы ляжым у лазняках і чакаем з хвіліны на хвіліну, калі скажуць нам: — Па два ў рад, на пантоны. Лынькоў. // Разам з прыназоўнікам «у» (з — у) у некаторых устойлівых выразах ужываецца пры абазначэнні бесперапыннасці або перыядычнасці дзеяння. З веку ў век. □ З году ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў .. [Ладыніных] суседзі. Шамякін.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні часу або падзеі, з надыходам якіх адбываецца якое‑н. дзеянне, узнікае які‑н. стан. З надыходам вясны прырода ажывае. □ Да працы ўстаць з зарою. Танк. // Ужываецца пры азначэнні рада паслядоўных момантаў, па меры надыходу якіх разгортваецца якое‑н. дзеянне. Замілаванасць [Марціна] да дзяцей з гадамі яшчэ больш вырастала. Чорны. Рэчка мялела з кожным годам, на вачах у людзей. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з часам», «з цягам часу» і пад.

Прычынныя адносіны

6. з Р. Ужываецца пры абазначэнні прычыны якога‑н. дзеяння або стану. Запець з радасці. Заплакаць з гора. □ З крыку .. [Сымон] зусім ахрып. Колас. Машкара, што збожжа ела, З маразоў падохла. Крапіва. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «ні з таго ні з сяго» і пад.

7. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні падставы для якога‑н. дзеяння або стану. З дазволу бацькі. З пашанай да заслуг. □ Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам. Шамякін.

Акалічнасныя адносіны

8. з Р. Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Пісаць з вялікай літары. Страляць з калена. □ [Васіль і Санька] пераскочылі цераз зялёную канаву і з ходу палеглі на траву. Брыль. / У некаторых устойлівых выразах. Ударыць з усёй сілы. Кінуцца з усіх ног. // З колькасным словам пры кіруемым назоўніку ужываецца пры абазначэнні абставін, неабходных або дастатковых для ажыццяўлення чаго‑н. Папасці ў мішэнь з першага стрэлу. Пазнаць чалавека з першага погляду.

9. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння або стану, якія адбываюцца адначасова з асноўным дзеяннем і характарызуюць яго. Чакаць з нецярпеннем. Слухаць з усмешкай. □ Угары над хвойнікам зялёным Снуюцца пчолкі з ціхім звонам. Колас. Хлапчук выскачыў праз акно ў двор і пабег з крыта на вуліцу. Галавач. Маці стаяла пасярод хаты і з замілаваннем глядзела на сына. Шамякін. // Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Працаваць з натхненнем. Званіць з перапынкамі. □ Стары з натугі разагнуў паясніцу і падышоў да печы. Кулакоўскі. Вайсковыя часці адыходзілі па дарогах з боем. Лынькоў.

10. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне. Адправіць пакет з пасыльным. Змагацца са зброяй у руках. □ — Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім. Лынькоў.

11. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца паказчыкам паўнаты ахопу дзеяннем каго‑, чаго‑н. Вырваць з коранем. □ Укрыўшыся з галавою ад камароў, .. [Васіль] толькі прыкідваўся, што спіць. Мележ.

Мэтавыя адносіны

12. з Т. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Звярнуцца з просьбай. Адправіць з даручэннем. □ Дарвідошка пайшоў у бок стайні з рапартам. Колас.

Азначальныя адносіны

13. з Р. Ужываецца пры характарыстыкі каго‑, чаго‑н. з боку паходжання, узнікнення і пад. Дакладчык з горада. Рыбакі з Нарачы. / У некаторых устойлівых выразах. З чужога пляча. Бандыт з вялікай дарогі. // Ужываецца пры абазначэнні цэлага, састаўной часткай якога з’яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Колас з машыны. Шнурок з чаравіка.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якіх нагадвае па велічыні другі прадмет або асоба. Воз з гару. □ Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста. З вядро галоўкі вырастаюць. Колас.

15. з Т. Ужываецца пры характарыстыкі пастаяннай ці часовай знешняй прыметы або ўнутранай якасці каго‑, чаго‑н. Хата з чарапічным дахам. Дзяўчына з кнігай у руках. Чалавек з розумам. Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі. □ Гэта была натура з нахілам да задумёнай разважлівасці. Чорны. Паміж фурманак блукаюць, спяшаючыся, людзі з кошыкамі. Галавач.

16. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які знаходзіцца ў другім прадмеце і гэтым характарызуе яго. Кошык з ягадамі. Вядро з вадой. Мяшок з мукой.

17. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, які знаходзіцца ў якім‑н. становішчы або стане. Аварыя з самалётам. Гісторыя з пісьмом. □ Пажар з цыстэрнамі нарабіў багата клопатаў Вейсу. Лынькоў.

Колькасныя адносіны

18. з Р. Ужываецца пры абазначэнні колькасці асоб або прадметаў, якія складаюць якую‑н. сукупнасць, аб’яднанне і пад. Сям’я і трох чалавек. Група з пяці студэнтаў. □ У ясны веснавы дзянёк Анцыпік і Лабановіч ехалі ў сялянскай каламажцы на хутар з трох ці чатырох двароў. Колас. Зайграў самадзейны аркестр з гармоніка, трох балалаек, мандаліны, дзвюх гітар. Дуброўскі.

19. з В. Ужываецца для абазначэння прыблізнай меры часу, прасторы, вагі і пад. Пабыць з тыдзень. Прайсці з кіламетр. Адпачыць з паўгадзіны. Рыбіна важыла з кілаграм.

20. з Р (са словамі «досыць», «хопіць», «мала» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая з’яўляецца крытэрыем меры, дастатковасці чаго‑н. З мяне даволі. З яго ўсё мала. □ Няхай выгрызе рагуля ўсю траву, што тут ёсць, хопіць з яе. Кулакоўскі.

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дадатковай колькасці чаго‑н. Двое сутак з палавінай. Аддаць доўг з працэнтамі. / У некаторых устойлівых выразах. З гакам. □ Было .. [Талашу] тады гадоў семдзесят з хвосцікам. Колас.

Аб’ектныя адносіны

22. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, на якія накіравана дзеянне. Справіцца з цяжкасцямі. Скончыць з вайной. Сабрацца з сіламі. □ Чалавек чуў запытанне і мару дзіў з адказам. Лынькоў.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, да якіх устанаўліваюцца якія‑н. адносіны іншай асобы або прадмета (падабенства, адрозненне, далучэнне, аддаленне і пад.). Зверыць копію з арыгіналам. Пазнаёміць з прыяцелем. Спыніць перапіску з кім‑н. Разлучыцца з блізкімі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія ўзаемадзейнічаюць з іншай асобай або прадметам. Бачыцца з бацькамі. Сустракацца з людзьмі. □ Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі. Колас.

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія маюцца ў каго‑н. у момант дзеяння. Ісці з партфелем. Сядзець з дзіцем на руках. □ Стары пакут усіх не знёс, Уцёк у лес з сякерай вострай. Чарот. Усе праз гадзіну-другую выходзілі з поўнымі кошыкамі чырвоных рыжыкаў. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «разам з тым», «ні з чым». // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, наяўнасць, прысутнасць якіх з’яўляецца прычынай якога‑н. стану, з’явы. З такім таварышам не прападзеш. □ Я ж быў рад новаму чалавеку, бо мне іншы раз было сумнавата з Нямком. Кулакоўскі.

25. з Р. Ужываецца пры абазначэнні матэрыялу, з якога зроблена што‑н. Хата з бярвення. Вянок з жывых кветак. Нож са сталі. □ Няма на свеце лепшых падушак, як з гусінага пуху і пер’я. Чорны.

26. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якога‑н. прадмета, месца, сховішча, з якога бярэцца, выпадае, выдаляецца што‑н. Нож выпаў з рук. Узяць яблык з кошыка. □ Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. Галавач. Панасу памог выбрацца з няволі польскі салдат, што стаяў там на варце. Колас.

27. з Р. Ужываецца пры абазначэнні крыніцы, адкуль што‑н. бярэцца, паходзіць. Цытата з кнігі. Арыя з оперы.

28. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асяроддзя, групы, адкуль хто‑н. паходзіць. Ён з рабочай сям’і. □ Васіль быў не з бедных. Якімовіч. Выйшлі ўсе мы з народа, Дзеці заводаў і сёл. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на прыналежнасць асобы або прадмета да якой‑н. групы, катэгорыі па ўласцівасці або прымеце. Задача была не з лёгкіх.

29. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. сукупнасці, адкуль бярэцца, вылучаецца якая‑н. частка. Адзін з многіх. □ — Нехта з блізкіх сяброў, — падумаў Лабановіч, — але хто? Колас. Адна з жанчын разгарнула невялікі пакунак, паказвае другім. Галавач.

30. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія змяняюцца, робяцца якасна іншымі. З іскры разгарыцца полымя. □ І ноч тады — з цёмнай карэльскай ночы — робіцца казачнай ноччу. Лынькоў.

31. з Р. Ужываецца пры абазначэнні стану, які парушаецца, перапыняецца (звычайна пры дзеясловах «выводзіць», «выходзіць», «выбіваць» і пад.). Выбіцца з сіл. Выходзіць з сябе. □ Кожная новая змена ў абставінах, ці яна добрая, ці благая, выводзіць чалавека з.. раўнавагі. Колас.

32. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы, прадмета або часткі прадмета, з якіх пачынае развівацца дзеянне, стан (звычайна пры дзеясловах «пачынаць», «пачынацца», «пачаць», «пачацца»). Пачну з цябе. Дзень пачаўся з абходу палат.

33. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з якой што‑н. спаганяецца, утрымліваецца і пад. З яго ўзялі тры рублі. □ Ладымер Стальмаховіч, стоячы ў дзвярах, зняў як бы сяброўскі допыт з Сымона Мікуця. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць адзінкай разліку пры атрыманні, зборы чаго‑н. Класці ў касу ўзаемадапамогі па пяць рублёў з кожнай зарплаты. Сабраць па трыццаць цэнтнераў пшаніцы з гектара.

34. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць узорам для пераймання, капіравання і пад. Зняць копію з дыплома. Зрабіць рэпрадукцыю з карціны. Рысаваць з натуры. Перакласці з рускай мовы. Браць прыклад са старэйшых.

35. з Р (пры дзеясловах «смяяцца», «жартаваць», «кпіць», «здзекавацца», «дзівіцца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх праяўляецца якое‑н. пачуццё. З каго кпіла, смяялася, таму сама дасталася. З нар. Пасмяяўся чыгун з катла, а абодва чорныя. Прыказка. Хто не бачыў вялікага, той з малога дзівіцца. Прыказка.

Абмежавальныя адносіны

36. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца падабенства або агульнасць у чым‑н. Старшыня сельсавета адных год з Полазам, але нізкі ростам і рухавы. Шамякін.

Адносіны сумеснасці

37. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія сумесна з другой асобай або прадметам удзельнічаюць у якім‑н. дзеянні або суправаджаюць іншую асобу, прадмет. Сцяжынкаю хлопец з дзяўчынай ідзе. Танк. Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла. Мележ. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія разам з іншымі асобамі або прадметамі ўваходзяць у склад чаго‑н. Нас з вамі дзесяць чалавек.

Адносіны ўласцівасці

38. з Т (з дзеясловамі «быць», «адбывацца», «здарацца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія знаходзяцца ў пэўным стане, з якімі што‑н. адбываецца. Такое не з кожным здараецца. □ Нешта муліла бок, няёмка было з рукой. Лынькоў. Ганна па .. насцярожанасці [Васіля], па голасе здагадалася, што было з ім. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)