зрасці́ць, зрашчу, зросціш, зросціць; зак., што.

1. Лечачы, ствараючы спрыяльныя ўмовы, даць магчымасць зрасціся. Зрасціць зламаную косць.

2. Спец. Змацоўваючы канцы, зварваючы краі чаго‑н., злучыць, з’яднаць. Канат павінен быў вытрымаць велізарны груз. Таму зрасціць яго — не простая справа. Даніленка. Ад радасці Дзмітрый падсвіснуў. Ён не ўяўляў яшчэ, як удасца зрасціць трубку, але ў адным не сумняваўся: танк узрываць не прыйдзецца. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Закрыць, пакрыць сябе чым‑н.; накрыцца, прыкрыцца. Закрыцца каўняром ад ветру. Закрыцца далонямі. □ Камень гэтакі высокі, што пад ім мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, і мог такім парадкам закрыцца зверху і ад бомбы і ад дажджу. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заслацца, завалачыся, засланіцца. На світанні неба закрылася хмарамі, пасыпаліся дробныя ледзяныя крупкі. Кірэенка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спыніць сваю дзейнасць, існаванне (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Выстаўка закрылася. □ Мясцовая фабрыка зноў была закрылася. Лынькоў. // Скончыцца (пра сход і пад.). Нарада закрылася.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загойваючыся, сцягнуцца, зрасціся краямі (пра рану). Рана закрылася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скласціся, згарнуцца (пра што‑н. раскрытае, разгорнутае). Парасон закрыўся. // Заплюшчыцца. Павекі закрыліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Пажыўшы або папрацаваўшы дзе‑н. некаторы час, прыстасавацца, прызвычаіцца да гэтага месца, абстаноўкі. Партызаны Ларывончыкавага атрада гэтак прыжыліся да таго густога, здавалася, непраходнага лесу, ажно некаторыя забываліся, што яны на вайне. Сабаленка. Ганялі .. [Сакалоўскага] з цэха ў цэх — нідзе не прыжыўся. Шынклер. Кінуў [бацька] зямлю, увесь набытак і падаўся ў горад. Там і прыжыўся. Сачанка. Для мяне было ясна, што яна служыць там аддана, як могуць служыць толькі працавітыя, сумленныя і адзінокія старыя жанчыны, якія з цягам часу прыжыліся ў чужой сям’і. Карпюк. [Прадзед] адстаў ад свайго табара ды так і прыжыўся ў вёсцы. П. Ткачоў.

2. Прыстасаваўшыся да новых умоў, пачаць добра расці, развівацца (пра жывёл, расліны). Маладыя дрэўцы, пасаджаныя мінулай восенню і вясной, прыжыліся. Хадкевіч. Прыжыліся буслы ў горадзе: Адчуваюць сябе як дома. Сіпакоў. // Прырасці, зрасціся з чым‑н. Прышчэпак добра прыжыўся.

3. Замацавацца дзе‑н., за чым‑н. Палявая, Лугавая, Аляксандраўская, Мікалаеўская — так называюцца вуліцы. Але назвы гэтыя не прыжыліся, завуць па-ранейшаму. Навуменка. Каўбойскія фільмы, як гэта ні дзіўна, трывала прыжыліся на італьянскіх экранах. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)