стоўпатварэ́нне, ‑я, н. (звычайна ў спалучэнні са словам «вавілонскае»).

Зборышча, мітусня, неразбярыха. Веньямін не любіць танцаў. .. Таму як бы звыс[оку] глядзіць на тых, хто ахвотай лезе ў гэта вавілонскае стоўпатварэнне. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

алі́мп, ‑а, м.

1. (З вялікай літары). Гара ў паўночнай Фесаліі, на якой, паводле вераванняў старажытных грэкаў, жылі багі; зборышча багоў.

2. Жарт. і іран. Пра абраннікаў якога‑н. грамадства. Літаратурны алімп.

[Грэч. Olympus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́ўпішча, ‑а, м.

Разм. Вялікае зборышча людзей; натоўп. І хаця ўсе захоўвалі парадак і не чуваць было ні рэзкіх выклікаў, ні гучных галасоў, усё ж адчувалася пэўная напружанасць ва ўсім гэтым стоўпішчы народу. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зброд ’бязладнае зборышча выпадковых людзей’ (ТСБМ), ’зборышча бадзяг’, ’свавольнік’ (Нас.). Рус. сброд ’тс’, укр. збрідзборышча бадзяг’. Sъbrodъ — аблаўтная форма назоўніка да дзеяслова bred‑ti (брасці, гл. брадзіць, брод). КЭСРЯ, 401. Збродзень ’свавольнік’ з суфіксам ‑ень да таго ж кораня; параўн. рус. сбродни ’бадзягі’, ст.-рус. XV ст. събродьнь ’бадзяга’ (Сразн.). Параўн. развіццё знач. у чэш. zbrodeň, zbrodně, польск. zbrodnia ’злачынства’, адкуль ст.-бел. (XVI ст.) збродня, збродзень і суч. дыял. збродня ’злачынства’ (Булыка, Запазыч., 118), Брукнер (648) тлумачыў zbrodnia як ’адход ад броду’, г. зн. ’дарогі’, што наўрад ці дакладна. Хутчэй тут пераход ад назвы сукупнасці бадзяг на ўчынак, які яны могуць зрабіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́мул ‘шум, вэрхал’ (мін., Цыхун, вусн. паведамл.), ст.-бел. тумультъ, тумултъ, тумолтъ, тулмутъ ‘гвалт, зборышча, сумятня’ (1595 г., ГСБМ, Карскі 1, 390). Запазычана са ст.-польск. tumult ‘тс’, ‘шум, гам, гоман, галас, неспакой’, якое з лац. tumultus ‘тс’, ‘бунт’ (Булыка, Лекс. запазыч., 41); мінская гарадская форма, відаць, праз ід. tuml ‘глум, галас, мітусня, вэрхал, гоман’, што да с.-в.-ням. tumel ‘шум, неспакой, зборышча’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 808).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

збо́рня, ‑і, ж.

Разм.

1. Сход, сходка; зборышча. Зборня ўнялася і перайшла да звычайных разважанняў, жартаў, смеху і піскаў. Гартны.

2. Уст. Памяшканне, дзе адбываліся сходы грамады; зборная. На ганку перад зборняю спаткаў Лабановіча валасны стораж дзед Піліп. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Згон ’адкрытае месца для зборышча’, ’вялікая колькасць’ (Юрч. Вытв.). Рус. паўд.-зах. сгон, паводле Даля, ’агульная праца, што не залічваецца да чарговай паншчыны’, жалі і касілі сгоном. Аддзеяслоўны бязафіксны наз. съгонъ ад съгоняти (гл. гнаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

папра́духа, ‑і, ДМ ‑дусе, ж.

Уст.

1. Жанчына, якая займаецца ручным прадзеннем. Якая папрадуха пры кудзелі, такое палатно ў белі. З нар.

2. толькі мн. (папра́духі, ‑дух). Зборышча, якое наладжвала вясковая моладзь для таго, каб папрасці і павесяліцца. Дзяўчаты ходзяць днём адна да адной на папрадухі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Талала́йства (талала́йство) ’зброд’ (беласт., Сл. ПЗБ), талала́ства, талала́йствазборышча, вечарынка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Укр. талала́йство ’набрыдзь’, ’няпэўныя людзі’, талала́йствозборышча, натоўп’, польск. tałałajstwo ’навалач, набрыдзь, зброд’, tałalejstwo, taładajstwo, tałatajstwo ’тс’ (Варш. сл.). Вытворныя ад талалой ’крык, шум, гам’, гл. талала з т. зв. “вертыкальнай заменай” гукаў, магчыма, як вынік кантамінацыі. Звяртае на сябе ўвагу падабенства са славен. tolovȃjstvo ’разбой’, вытворнае ад tolovȃj ’бандыт, разбойнік’ з венг. tolvaj ’злодзей’ (Сной у Бязлай, 4, 195), аднак магчымая сувязь з ім застаецца няяснай. Фанетычна ненадзейнае вывядзенне адпаведных польскіх слоў з tałędać, tałyndać się ’валэндацца, валачыцца’, прапанаванае Брукнерам (564). Гл. і ЕСУМ, 5, 507.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зброд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.

Разм., пагард. Бязладнае зборышча выпадковых людзей. Усякі зброд. □ Вам імпануе гэты зброд? — спытаў [Альшэўскі] у Марысі, паказваючы на дзядзькоў, што сядзелі непадалёк. Бажко. // Пра шкодных, небяспечных для грамадства людзей. Панскі зброд. Фашысцкі зброд. □ І калі яшчэ не пакаралі — Пакараем той крывавы зброд, Тых, што чалавецтва абакралі На мільёны год. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)