Вы́секаць ’высмаркаць нос’ (Янк. II, Бір. дыс., Шатал., брэсц., пін., З нар. сл.), вы́снекаць, вы́снякаць ’тс’ (Бір. дыс., Сцяц.). Укр. ви́сякати ’тс’, сяка́ти ’фыркаць, смаркацца’, рус. исся́кнуть ’вычарпацца’, польск. siąkać, siąknąć, sięknąć ’канчацца, вычэрпвацца; смаркацца’, в.-луж. sakać, saknyć ’высыхаць, вычэрпвацца’, чэш. sáknouti ’сачыцца, мачыць’, славац. siakať, siaknuť ’фыркаць, смаркацца’, серб.-харв. пресѐкати, ‑ка̑м ’вычарпаць’, балг. сѐквам, се́кна ’вычэрпваюся’. Прасл. *sęknǫti роднаснае слав. *sǫčiti, ц.-слав. исѫчити (гл. сучы́ць) (Фасмер, 3, 826). У іншых і.-е. мовах роднаснымі з’яўляюцца літ. senkù, sékti ’апускацца’, seklùs ’мелкі’, лат. sîkt, sīkstu, sîkuзасыхаць’, ст.-інд. ásakrak ’невычэрпны’, ст.-англ. sîhte ’балоцісты’ (з *siηhti), ірл. sesc ’сухі, бясплодны; той, які не дае малака’, кімр. hysp ’сухі’ (Траўтман, 256). Іначай–Махэк₂ (536), які звязвае таксама са слав. sokъ. Беларускія формы з ‑н‑, відавочна, пад уплывам польскіх назалізаваных форм з наступнай метатэзай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяка́ць ’смаркаць’ (Ян.), ся́каць ’тс’ (Сл. ПЗБ), ся́каты, ся́катэ ’смаркаць’ (кам., драг., Сл. ПЗБ; Нар. ск.); сняка́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ, Скарбы), часцей з прыстаўкай: высякаць ’высмаркаць’ (Янк. 2); сюды ж форма зак. тр. се́кнуць ’лінуць’ (ТС). Параўн. укр. ся́кати ’смаркаць’, рус. исся́кнуть ’высахнуць; вычарпацца’, стараж.-рус. сѧкнути ’тс’, польск. siąkać ’высыхаць; смаркаць’, в.-луж. sakać ’высыхаць, пераставаць цячы’, чэш. sákati ’паціху сцякаць, сачыцца’, славац. siahnuť ’перастаць цячы’, серб.-харв. усе́кнути ’смаркацца’, славен. usékniti se ’высмаркацца’, балг. се́кна ’перастаць цячы, высахнуць’, ’смаркацца’, дыял. со́кнам ’смаркацца’, макед. секне ’пераставаць цячы, высыхаць’, се секне ’смаркацца’. Прасл. *sęknǫti ’сачыцца; высыхаць’, роднаснае літ. sèkti ’апускацца’, лат. sĩkt‑засыхаць’, с.-в.-ням. sîchte ’дробны’, ірл. sesc ’сухі, бясплодны’; да і.-е. *sek‑ ’сцякаць; пераставаць цячы’; гл. Фасмер, 3, 826; Траўтман, 256–257; Скок, 3, 216; Шустар-Шэўц, 1265; ЕСУМ, 5, 496; Глухак, 543; Борысь, 544.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.

1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы. Чорны. Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. Увачавідкі сохне трава ў валках. Васілевіч. // Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы. Хадкевіч. Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць. Мележ. / у безас. ужыв. У горле сохне. // Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне. // Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне. / Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.

2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла... Бяганская.

3. перан. Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай. Купала. Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Шамякін. // Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы. Астрэйка. Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скару́па ‘шкарупа, струп’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘шкарупіна’ (Ласт.), скору́па ‘шарпак’ (беласт., Сл. ПЗБ), скару́ба ‘тс’ (там жа), скару́пка (Нас.), ‘скурка, шкарлупка’ (Ласт.), ‘струпок’ (Байк. і Некр.), скару́пнуць ‘пакрывацца струпам; засыхаць, пакрывацца як бы карою (гаворыцца аб нечым мяккім)’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. скорупа, шкорупа ‘чарапок’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шкарупа, шкарлупіна. Ст.-бел. скорупа, шкорупа з ст.-польск. skorupa, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 103; яшчэ раней такую думку выказаў Карскі (Белорусы, 149). Пытанне аб паходжанні слоў з ‑б‑ і ‑п‑ застаецца да канца не высветленым. Яны несумненна суадносяцца з прасл. *koruba/*korupъ. Трубачоў (ЭССЯ, 11, 105) на падставе ко́руп ‘скінутая гадзюкай ці вужом скура ў час лінькі’ (шальч., Сл. ПЗБ) узнаўляе прасл. *korupъ, на фоне якога формы з ‑b‑ разглядаюцца як другасныя, узнікшыя ў выніку азванчэння (“аслаблення”) першапачатковага ‑p‑, параўн. серб. кору̀пина ‘кара, кажура, шалупінне’, макед. корупка ‘скурка, кажура, шкарлупа’ і інш. У сувязі з гэтым пытанне аб запазычанні з польскай уяўляецца спрэчным, паколькі гэтыя словы ўзаемадзейнічаюць з блізкімі па семантыцы кантынуантамі прасл. *skorolupa (гл. шкарлупа). Адсутнасць паўнагалосся Карскі (1, 255) тлумачыў недастаткова высветленымі акцэнтнымі прычынамі або пропускам ненаціскнога галоснага. Прасл. *skorupa (побач з *skorupъ, *skorъpa) узнаўляецца на падставе ўкр. шкору́па ‘цвёрдая скарынка на зямлі’, польск. skorupa ‘шкарлупіна, панцыр, чарапок, цвёрдая абалонка зямлі, шарпак’, чэш. дыял. škorupa, škorapa ‘тс’, славац. дыял. skorupa, škorupa, в.-луж. skorpawa, škorpawa ‘шалупіна, скурка, кара’, н.-луж. škórpina ‘тс’, серб.-харв. ско̏руп ‘плёнка на гарачым малацэ’ (гл. Сной у Бязлай, 3, 246–247).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́рна, ма́рня ’бедна жыць, апранацца’ (ваўк., шальч.), гродз. ’дрэнна выглядаць’ (Сл. ПЗБ); ма́рна, ма́рне, ма́рня, марня́ ’дарэмна, бескарысна, упустую’ (ТСБМ, Нас., Касп., Булг., Растарг., Шат., Ян., Янк. 2; КЭС, лаг.; паст., Сл. ПЗБ), ма́рно, ма́рне, ’марна, кепска’ (ТС, Сцяшк. Сл.), калінк. ма́рне ’зусім’ (З нар. сл.), ма́рнасць ’дарэмнасць, бескарыснасць’ (ТСБМ, Нас., Яруш.), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ (ТСБМ, Нас.), ’слабы, змарнелы, чэзлы’, ’невялікі па велічыні’, ’нязначны’, ’дрэнны (аб надвор’і)’, ’нешчаслівы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС); марне́цьзасыхаць, чэзнуць, нудзіцца, гібець, чахнуць, жыць без уцехі, занепадаць’ (ТСБМ, Яруш., Мядзв., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., ТС; КЭС, лаг.); марня́віць ’марнаваць без карысці’, ма́рніць ’губляць дарэмна час, без карысці’ (Нас.), марніцца (БЛ, 10, 17), марнава́ць ’збыткаваць, нішчыць, марнатравіць’, ’мучыць, стамляць’, ’псаваць’ (ТСБМ, Янк. БП, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), марнавацца ’гінуць’ (Яруш.). Укр. марно́, ма́рни́й, марнува́ти, марні́ти, ма́рність, рус. пск. марный, пск., смал. марнеть; польск. marnie, marnieć, marność, marny; н.-луж. marnjeś, marny, в.-луж. marność, marny; чэш. marný, marnost, marnivý, ганацк. zmárnit ’страціць’, márné ’слабы’; славац. marný, márnosť, márniť, márnivý, славен. máren ’руплівы, старанны’. Прасл. marьnъ. Бернекер (2, 21), Фасмер (2, 575) і за імі Шустар-Шэўц (12, 888–889) выводзяць гэтую лексему з мара́ (гл.). Махэк₂ (352–353) мяркуе, што ў чэш. mařiti < marьnъ сышліся дзве лексемы: адна ’пазбаўляць жыцця’, роднасная да mříti (mьrěti) — фактытыў да mořiti (прасл. moriti), а другая mařiti ’разбіваць (планы, надзеі), траціць (маёнтак)’, якая роднасная да ст.-в.-ням. marrjan ’перашкаджаць, забараняць’, англ. mar ’псаваць’. Кюнэ (76) бел. лексему марна выводзіць з польск. marny. Бел. марне, марня — з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)