упіса́цца, упішуся, упішашся, упішацца; зак.
1. Запісацца куды‑н. Калгас у сяле арганізаваўся зімой яшчэ. Туды ўпісалася гаспадароў сорак. Навуменка.
2. Разм. Умясціцца на якой‑н. прасторы, у межах чаго‑н. Вока набліжалася да акуляра прыцэла. Сілуэт бамбардзіроўшчыка ўпісаўся ўжо ў першы бліскучы круг, потым у другі і нарэшце стаў на перакрыжаванне. Алешка.
3. перан. Арганічна ўвайсці ў акаляючае асяроддзе, структуру чаго‑н., не парушыць гармоніі з чым‑н. [Металічныя вышкі] неяк адразу прывычна ўпісаліся ў зялёны палескі пейзаж. Кірэйчык. У прывычны пейзаж утульных катэджаў, спартыўных залаў, манежаў ўпісаліся стрэлы вежавых кранаў. «Звязда». Паглядзіце, як па-свойску і арганічна ўпісаліся ў яго [Барадуліна] «Блакаду» народныя замовы, загадкі, прымаўкі: «На моры на Кіяні, на быстрым буяні стаіць ліпавы куст...» «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ага́ 1, часціца.
1. сцвярджальная. Ужываецца, каб выказаць згоду, сцвярджэнне. — У сяло ідзеш? — пацікавілася Алеся. — Ага, да Івана Базылёвага, — адказаў Кастусь. С. Александровіч.
2. Ужываецца ў апавядальнай мове пры ўспамінанні чаго‑н., пры перамене тэмы гутаркі і пад. Галя выкаціла веласіпед на дарогу і спынілася. Што яна забылася зрабіць у Сялібе? Ага, разглядаючы кніжную вітрыну на пошце, яна думала, што зараз жа трэба ісці ў бібліятэку, запісацца і ўзяць што-небудзь для чытання. Ермаловіч. [Арцём:] — Вычыталі [у газетах] і пачалі мазгаваць: ага, наконт птушак пытанне адпадае — вадаёмаў няма. А трусы — тут, браткі, варта падумаць. Ракітны.
3. Ужываецца для выказу ўшчування, папроку. [Аўгінька] пачала спаганяць злосць на небараку Віктару. — Ага, паехаў? Што, спазніўся? Ага? Зарэцкі.
ага́ 2, выкл.
1. Выказвае здагадку, радаснае здзіўленне і пад. [Ляснічы:] — Ага, ты тут! Ну, чалавеча, Збірай манаткі і ў Парэчча За добры час перабірайся! Колас. [Туляга:] Ага, разумею... Толькі я хацеў запытацца ў вас, ці не будзе гэта... подласцю? Крапіва.
2. Выражае насмешку, злараднасць, пагрозу і пад. — А дзе ты служыш, чалавеча? — Служу, паночку, я ў Парэччы. — Ага!.. Чаму гэта, ягомасць, Вядзеш вялікую знаёмасць? Чужых цялят бярэш на пашу? Колас. [Анатоль:] — А мой тата мінёр, ён фашыстам усе цягнікі паўзрывае. Ага! Брыль. І важна гаварыў [Міколка] потым да бацькі: — Ага! Не можаш мяне ўзяць... Забуксаваў!.. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)