без, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназ. «без» выражае:

Азначальныя адносіны

1. Пры апісанні прадмета (з’явы, паняцця) для ўказання на адсутнасць у ім часовай або пастаяннай прыметы, выражанай назоўнікам роднага склону. Лес без канца і краю. Работа без прымусу. □ А што гэта за даліна ды без рэха, А зялёная ляшчына без арэхаў, Ручаіна без жывой-крутой вадзіцы, Лугавіна без духмянай медуніцы. Танк.

2. Пры словах, якія абазначаюць меру або колькасць, паказвае, колькі не хапае да поўнай меры. Без чвэрці гадзіна. Без малога год. Кілаграм без дзесяці грамаў. □ Роўна без дваццаці восем вечара.. пачуўся громкі голас. Колас.

Аб’ектныя адносіны

3. Паказвае, што дзеянне адбываецца пры адсутнасці, без удзелу каго‑, чаго‑н. Працаваць без машын. □ Найбольш складаная і адказная частка работы зроблена без Міхася. Брыль.

4. Адпавядае словам: акрамя, за выключэннем, не лічачы. Ганна хутчэй зачыніла дзверы за сабой — і без таго маркотна, хоць ты плач. Мележ.

Акалічнасныя адносіны

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае прыслоўныя спалучэнні, якія выражаюць спосаб дзеяння і інш. акалічнасці. Завянуць без пары. Ссохнуць без вады. Прабірацца без шуму. □ Мікалай Патапавіч .. даваў парады хоць і без ахвоты, але шчыра. Кулакоўскі.

•••

Без жартаў гл. жарт.

Не без гэтага — і гэта бывае.

Не без таго — бывае і так.

Не без чаго — тое, што і з чым‑н., але з меншай ступенню сцверджання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апусці́ць, апушчу, апусціш, апусціць; зак., каго-што.

1. Перамясціць у больш нізкае становішча; паставіць, палажыць ніжэй, чым было. Баец апусціў аўтамат і паспяшыў Пракопу на дапамогу. Якімовіч. Павал апусціў хамут з калень на зямлю і слухаў. Чорны. // Нахіліць, нагнуць. Юрка зачырванеўся і таму апусціў галаву, каб не заўважыла Люська. Навуменка. Жоўтымі матылямі злятае з бярог дачасна засохлае лісце, у знямозе апусцілі вецце гнілабокія вербы. Шашкоў. // Скіраваць уніз (позірк, вочы). [Бабуля:] — Не... — адказала я, паглядзела на .. [Ціхана] і апусціла вочы. Бядуля.

2. Змясціць куды‑н., у што‑н., у сярэдзіну чаго‑н. Апусціць невад пад лёд. □ Па дарозе Рыгор апусціў у скрынку лісты. Гартны. Верачкі больш няма: сёння мы апусцілі ў глыбокую, вузкую яму сасновую трунку з найбольшым шчасцем маёй сястры. Брыль.

3. Спусціць; вызваліўшы замацаваны край, даць упасці. — Апусціце шторы, — захваляваўся Бергнер. Гурскі. Апусцілі заслону, выйшаў ніўскі настаўнік, падняў руку, каб суцішыць расхваляваных дзяцей. Пальчэўскі. // Перавесці з вертыкальнага становішча ў гарызантальнае, адчыняючы або зачыняючы што‑н. Апусціць шлагбаум.

4. Зрабіць пропуск, прапусціць, выключыць (з тэксту і пад.). Скараціўшы так лёгка і механічна свой даклад, Бародка, знарок ці незнарок — невядома, апусціў даволі важную частку. Шамякін.

5. Аслабіць догляд; запусціць, занядбаць. Як і гаспадаром застаўся [Верамейчык], папікаў усе жылы, каб гаспадаркі не апусціць, каб прыдбаць яшчэ што ды ад людзей не астацца. Крапіва.

6. Абл. Перастаць займацца чым‑н. [Садовіч:] — І самае важнае — ніякае стравы для галавы. Не чытаў нічога і школу апусціў. Колас.

•••

Апусціць вушы — а) зрабіцца пасіўным, абыякавым па якой‑н. прычыне; б) завянуць (пра расліны).

Апусціць крылы — страціць энергію, бадзёрасць.

Апусціць нос — тое, што і павесіць нос (гл. павесіць).

Апусціць рукі — страціць здольнасць або жаданне займацца чым‑н.

Апусціць (падтуліць) хвост — стаць больш сціплым, менш прэтэнцыёзным, збавіць самаўпэўненасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; пр. прапаў, ‑пала; заг. прападзі; зак.

1. Згубіцца, знікнуць невядома куды (з прычыны крадзяжу, нядбайнасці і пад.). Сума грошай, што прапалі з банка, была вялікая. Чорны. [Хведар:] — У маёнтку, дзе стаіць усё начальства, паперы нейкія прапалі... Чарот.

2. Перастаць з’яўляцца дзе‑н.; знікнуць. Праз які тыдзень Косцік зноў прыйшоў на тое месца. Але грыбоў не было. Кінуўся ён туды-сюды, — прапалі баравікі! С. Александровіч. [Дзед:] — Гэй, Ляксей! Дзе ты прапаў? Пайшлі... Шуцько. // Адправіцца, пайсці куды‑н., не вярнуцца, знікнуць, не даўшы пра сябе знаць. Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому і прапала немаведама дзе. Скрыган. Сам Андрэй вярнуўся з перавязанай шыяй, а Васіль зусім прапаў. Пальчэўскі. // Знікнуць з поля зроку; перастаць быць бачным ці чутным. Пятро ўбачыў стагі. Ён глядзеў на іх, пакуль яны не прапалі з вачэй, — за маркотна-мройным даляглядам. М. Стральцоў. У канцы сяла гукі гармоніка перамяшаліся з сабачым брэхам і прапалі. Лобан.

3. Знікнуць, страціцца. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў. Кірэй адчуў яшчэ, як прапаў боль у падбародку і як яго цела лягло на нешта мяккае, мяккае, як пух. Дамашэвіч.

4. Загінуць; памерці. — Пазбавішся кавалка хлеба, прападзеш нізавошта. Шынклер. Так і прапалі абодва браты праз зайздрасць чалавечую. Скрыган. // Загінуць, здохнуць (пра скаціну). [Даміра:] — За два месяцы на калгасных фермах ніводнае парася не прапала. Асіпенка. // Спыніць рост, завянуць, засохнуць (пра расліны). — Ну, пра гэта можна пасля пагаварыць, — заўважыла Маша. — А вось скажыце, Лаўрэн Карпавіч, чаму ў калгасе «Сейбіт» лён прапаў? Гроднеў.

5. Трапіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча. — Прапаў!.. — ледзь чутна толькі прамовіў Сяргей і змоўк, апусціўшы нізка галаву... Нікановіч.

6. Прайсці без карысці. Тры з паловай гады падпольнай працы, працы ў самых складаных і цяжкіх умовах, не прапалі дарэмна. Гурскі.

•••

Без вестак прапасці — бясследна знікнуць (пра чалавека).

Пішы прапала гл. пісаць.

Прападзі ты пропадам! — выказванне моцнага раздражнення, злосці з прычыны чаго‑н.

(І) след прапаў гл. след.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)