пагну́ць, гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., што.

1. Сагнуць, пакарабаціць усё, многае або што‑н. у многіх месцах. Аднойчы я сам бачыў, як .. [парабкі].. выплюхнулі з цабэрка ваду, а рыдлёўкі пагнулі і закінулі ў крапіву. Бажко. Алёша, закасаўшыся, сам стаяў у размешанай гразі, глядзеў, каб чаго не пагнуць у машыне. Лобан. // Схіліць, нахіліць — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. На .. [ стале] у гладышы з адбітым горлам пагнулі галовы прывялыя чырвоныя вяргіні. Пташнікаў.

2. і без дап. Гнуць некаторы час. Узяў дзед кусок скуры, так падэшвы на дзве, пагнуў-пагнуў яго ў руках і пытае: — Колькі за гэта? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнуць, гну, гнеш, гне; гнём, гняце; незак., каго-што.

1. Прыдаваць дугападобную выгнутую форму; згінаць. Гнуць дрот. // Згінаць, рухаючы ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Гнуць пальцы. □ Трудна спіну гнуць спрацаваную, Каласы збіраць Паваляныя. Купала. // Схіляць уніз, прыгінаць да каго‑, чаго‑н. Ветры гнулі вецце да зямлі. А. Александровіч. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. // перан. Падпарадкоўваць, душыць, гнясці. Быць трэба бадзёрым, вясёлым, І як бы ні гнуў цябе лёс. Прануза. Дымам пойдзе ўсё ліхое, Усё, што душыць нас і гне. Колас.

2. Вырабляць, нарыхтоўваць што‑н. шляхам згінання. Гнуць дугі.

3. перан.; і без дап. Разм. Накіроўваць свае дзеянні, размову на дасягненне якой‑н. мэты; схіляць да чаго‑н. — Ведаю, куды ты гнеш, кабета, — загарачыўся Гарбачэня. — Хочаш, каб табе грамадою дапамаглі пабудаваць хату... Гурскі. Мартын Рыль зірнуў на дзеда Талаша. Ён дагадваецца, куды гне стары. Колас.

•••

Гнуць горб (карак, спіну) — а) многа і цяжка працаваць на каго‑н. Гаравалі, гнулі спіны, горкім быў жаночы лёс, Рэкі буйныя кіпелі ад гарачых нашых слёз. А. Александровіч; б) перад кім пакланяцца, угоднічаць. Усе казалі, што й сын, як і бацька — мужык, Перад панам свой горб будзе гнуць... Чарот.

Гнуць на свой капыл — рабіць па-свойму, не зважаючы на думку іншых. Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма. Чорны.

Гнуць сваё; гнуць (весці) сваю лінію — настойліва дамагацца чаго‑н., ажыццяўляць што‑н.

Гнуць у крук (безас.) — пра стан недамагання, пачатак хваробы. У панка ляскалі зубы і ўсяго гнула ў крук, аж балела паясніца. Пташнікаў.

Гнуць у тры пагібелі — моцна, жорстка прыгнятаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́ць, гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

1. Зрабіць гнутым, надаць выгляд дугі, вугла. Сагнуць дрот. □ І ўпершыню мой валасаты прашчур Падняўся і сагнуў рагаты сук. Грахоўскі. Даўней грыўню мог [Сямён Ямкавы] сагнуць пальцамі. Чорны. // Зрабіць што‑н. шляхам згінання. Сагнуць дугу. □ Распарыў [Янка] палазы ў печы. Сагнуў, габлюе цэлы дзень. Корбан. // Нахіліць да зямлі. Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх вецце абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк. Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужаеш. Прыказка.

2. Нахіляючыся, выгнуць спіну. Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Бядуля.

3. Зрабіць згорбленым, згорбіць. Гэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі і не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста і хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій. Шамякін. / у безас. ужыв. Вярнуўся Змітрок у Добры Дуб. Дзеці абадраныя, Хрысціна хваравітая, і самога ледзьве не сагнула. Гроднеў.

4. Скласці пад вуглом у суставе (пра канечнасці). — Дык у мяне ж рука — во! — сагнуў у локці руку Сашка. — Праўда ж, моцны я? Даніленка.

5. Пашкодзіць, зрабіць пагнутым. [Бацька] — Каб ты бачыў, сынок, сашнік сагнуў як ёсць, у камень недзе ўправіўшы. Чорны.

6. перан. Зламаць стойкасць, сілу, зрабіць каго‑н. пакорным. Нястача і гора сагнулі яго. □ Нашых плеч не сагнулі Ні замець, Ні снег, Ні скавыш. Глебка. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць, Зламаць, сагнуць. Танк. Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка.

•••

Сагнуць (скруціць) у бараноў (казіны) рог; сагнуць у дугу; сагнуць у крук; сагнуць у абаранак — уціскам, строгасцю прымусіць каго‑н. пакарыцца, падпарадкавацца.

Сагнуць у тры пагібелі — падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, уціску; прымусіць пакарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)