адзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Першы, найменшы цэлы лік, а таксама яго лічбавы знак «1». // толькі мн. (адзі́нкі, ‑нак). Апошняя лічба ў мнагазначных ліках. Двухзначны лік складаецца з адзінак і дзесяткаў.
2. Самая нізкая адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая азначае: «вельмі дрэнна».
3. У спалучэнні з назоўнікамі або прыметнікамі азначае велічыню, якая прынята для вымярэння аднародных велічынь. Адзінка вымярэння. Грашовая адзінка. Адзінка даўжыні. Кармавая адзінка. Адзінка паскарэння. Сістэма адзінак.
4. Кожная асобная істота, прадмет, паасобнік. Аддзел рукапісаў сабраў каля 2000 адзінак рукапісных твораў. «Беларусь». // Службовае месца ў штатным раскладзе якой‑н. установы, арганізацыі. Штатная адзінка. Вакантная адзінка. // толькі мн. (адзі́нкі, ‑нак). Мала хто; паасобныя. З вялікай групы экскурсантаў толькі адзінкі дасягнулі вяршыні гары.
5. звычайна з азначэннем. Самастойная частка нечага цэлага. Адміністрацыйная адзінка. Гаспадарчая адзінка. Баявая адзінка.
6. Асобны чалавек; асоба, індывідуум. Гераізм савецкіх людзей — не якасць выключных адзінак, а масавая з’ява, уласцівасць усяго народу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эпі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эпасу (у 1, 2 знач.). Паэма «Янук Сяліба» [М. Танка] — эпічнае палатно, дзе праўдзіва паказваецца жыццё беларускай вёскі ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны. «Беларусь». // Які напісаны ў форме эпасу, з’яўляецца эпасам. Эпічная песня. Эпічны твор. □ Якуб Колас з’яўляецца паэтам шырокага літаратурнага дыяпазону, выдатным празаікам, творцам вялікіх эпічных паэм. «Полымя». Творы паэта [М. Танка].. узбагацілі ўсе яе [беларускай літаратуры] вельмі разнастайныя паэтычныя жанры, пачынаючы ад эпічнай сюжэтнай паэмы і канчаючы лірычнай мініяцюрай. Бугаёў. // Уласцівы эпасу. Эпічны стыль. □ Янка Купала змог жыва і адчувальна перадаць эпічную шырыню і глыбокую народнасць, фальклорную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Палітыка. Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. // Поўны значнасці, гераізму, які можа быць адлюстраваны ў народным эпасе. Эпічны працоўны гераізм Аляксей Максімавіч Горкі раіў браць савецкім пісьменнікам у аснову сваёй творчасці. «Полымя».
2. Спакойны, не ўсхваляваны; без эмоцый. — Чаму не хочаш? — мяне здзіўляе ўжо не самы адказ, мяне здзіўляе эпічны Шуркаў тон. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)