Во́чка ’дзірка, адтуліна’; ’ячэя ў сетцы’; ’значок на ігральнай карце’ (БРС); ’дзірка ў калодзе-вуллі для ўваходу пчол’ (Сержп. Борт., 21); ’пятля ў вязанні’ (Шат.); ’пятля ў нітах, у якую кідаюць нітку асновы’ (Шатал.). Памянш. да вока (гл.). Сюды ж, відавочна, і вочкагазоўка’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ціха плакаць; усхліпваць. [Маці] толькі сутаргава хліпала, выціраючы вочы вялікімі патрэсканымі пальцамі. Мележ. Белагаловая дзяўчынка сядзела трохі воддаль і хліпала, выціраючы кулачкамі заплаканыя вочы. Чыгрынаў.

2. перан. Слаба, мігатліва гарэць. Лямпа, якая вісела перад сталом прэзідыума, чамусьці пачала хліпаць усё мацней і мацней. Паслядовіч. Газоўка хліпала вечарам. Барадулін. Недзе ля Ялты раз-поразу загараўся зялёны агеньчык маяка; ён хліпаў бясконца, пасылаючы ў мора супакаенне начным вандроўнікам. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Міжвольна падымаць і апускаць павекі. Мікіта Уласавіч стаяў збоку і толькі часта-часта маргаў.., нібы ў вочы яму трапіла нейкая парушына. Шуцько. Юрка маўчаў, толькі неяк жаласліва маргаў вачыма. Кулакоўскі.

2. Падаваць знак каму‑н. рухам павек, падморгваць. Пан Забжэцкі маргаў [дзецям] з-за стала, ківаў, пагражаў, маўляў: «Я вам пакажу!» Сабаленка.

3. перан. Тое, што і міргаць (у 2 знач.). Лямпачка маргае. Газоўка маргае.

4. перан. Разм. Упускаць зручны момант; зяваць. Лета год корміць: нельга марнавацца, маргаць. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Магазі́н, магазы́н, маказы́н, маказэ́н, мага́зін, магʼа́зін, мыгазі́н ’вясковы грамадскі свіран для збожжа’, ’рэзервуар у лямпе, куды наліваецца газа’, ’прадпрыемства рознічнага гандлю’, ’частка вулля, куды ўстаўляюцца рамкі’ (ДАБМ, с. 801; ТСБМ, Касп., Шат., Бяльк., В. В., Прышч. дыс.; Выг., Янк. Мат., Мат. Гом., Нар. сл., Нар. словатв., Шатал., Сл. ПЗБ). З рус. магази́н ’склад, магазін’, якое прыйшло з ням. Magasin у эпоху Пятра I. Формы з націскным ‑га́ запазычаны з польск. мовы. Сюды ж магазы́нкагазоўка’ (Касп.), магазынак ’каморка’, ’рэзервуар у лямпе’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сапе́ль1 ’ерш’ (Нар. лекс.), сопе́ль ’тс’ (ТС), саплю́к ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. дыял. сопли́вик, со́плик ’тс’. Ад соплі (гл.), саплівы, таму што гэта рыба пакрыта слоем слізі.

Сапе́ль, сопе́ль ’лядзяш’ (ТС), саплі́, сапле́ ’соплі’, ’ледзяшы’ (швянч., в.-дзв., Сл. ПЗБ), сапля́к ’саплівае дзіця’ (ТСБМ), ’лядзяш’ (Сцяшк.; івац., Жыв. сл.), ’сопляк’, ’лядзяш’ (Сл. ПЗБ), ’лядзяш’, ’газоўка’, ’адростак’, мн. л. саплякі́ ’соплі’ (ТС). Гл. соплі.

*Сапель, сопэ́ль ’шуфля’ (Сл. Брэс.). З польск. szufel ’тс’ з частай менай с/ш і адаптацыйным пераходам ф > п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капце́ць ’вылучаць копаць, сажу пры гарэнні’, ’куродымець’, ’жыць без мэты’, ’вэндзіць’, ’карпець, надакучаць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Бяльк., Др.-Падб., Федар. 6). Утворана ад копаць ’сажа’ (гл.) < прасл. паўн. kopъtъ < і.-е. *ku̯ēp‑, *ku̯əp‑, *kū̆p‑ ’дыміць, варыцца’ (Літ-py да гэтага слова гл. Фасмер, 2, 319; Шанскі, 2 (К), 305; Слаўскі, 2, 454; ЕСУМ, 2, 449). Сюды ж капцёлка, капці́лка, капцю́лкагазоўка, лямпа без шкла’ (ТСБМ; в.-дзвін., Шатал.; бялын., карэліц. Янк. Мат.; Др.-Падб.), ’вяндліна’ (зэльв. Сцяшк.), капцю́х ’светач’ (маст.), ’курная хата’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.), віл. капцю́ха, бярэз. капцюшка, драг. коптю́ха (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

куры́цца, курыцца; незак.

1. Слаба гарэць, тлець, вылучаючы многа дыму. На месцы клуба курыліся асмалкі сцен, расцягнутых і залітых. Брыль. Бледная курыцца на сцяне газоўка. Купала. / Пра пахучыя рэчывы. Ладан курыцца.

2. чым і без дап. Вылучаць выпарэнні, лёгкі туман, пару. Адцвілі Вясёлыя пралескі, Увайшлі Усе рэчкі ў берагі. У пуху зялёным Пералескі, Цёплай парай Курацца лугі. Дзеружынскі. А над балотамі паўставаў туман, ад вясенняй вільгаці ледзь прыкметна курыліся лясы. Чарнышэвіч. // Пакрывацца, зацягвацца пылам, снегам і пад. [За выганам] віўся Ліцкі шлях. Ён увесь — на колькі ахапляла вока — быў запоўнены фурманкамі і пешаходамі — жыў, плыў рэчкаю бурліваю. Грукацеў, курыўся пылам. Гартны.

3. Паднімацца ўверх, віцца, кружыцца (пра дым, туман, снег, пыл і пад.). На вуліцы курыўся пыл ад бітай цэглы, сухі, гарачы. Лынькоў.

4. безас. Пра наяўнасць жадання, ахвоты курыць. Добра курыцца ў лесе,.. прыемна пахне над снегам махорка!.. Брыль.

5. Зал. да курыць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свіры́ць ‘ледзь-ледзь гарэць’ (Мат. Гом.), свірэ́ць ‘цьмяна гарэць’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж свіру́шкагазоўка’ (чэрв., рагач., ЛА, 4). Параўн. рус. наўг. свири́ть ‘прасочвацца (пра ваду)’. Відаць, імітатыў на базе прасл. *svirati, *sviriti ‘свісцець, гудзець’, параўн. стараж.-рус. свирати, свирити ‘іграць на дудцы’, серб.-харв. сви́рати, сви́рити ‘гудзець, іграць на дудцы, скрыпцы’, славен. svírati ‘тс’, svíriti ‘гудзець, свісцець’, балг. сви́ря ‘іграць на музычным інструменце; гудзець, выдаваць гук; свісцець’, макед. свири ‘іграць (на музычным інструменце); гудзець, свісцець; стракатаць (пра цвыркуна)’, ст.-слав. свирати ‘іграць на дудцы’. Роднаснае ст.-ісл. svarra ‘бушаваць, свісцець’, ням. surren, schwirren ‘гудзець, свісцець’, ст.-інд. svárati ‘гучаць’, лац. susurrāre ‘шыпець, шаптаць; гудзець’ (Фасмер, 3, 579; Сной₂, 716). Зыходная семантыка захавалася ў свіро́ла ‘свістулька (самаробная)’ (Мат. Гом.), параўн. макед. дыял. свиро́л ‘жалейка, дудка’; сьвірэ́ц ‘музыка, што іграе на дзвюх дудках, звязаных разам’ (Ласт.), параўн. балг. свире́ц ‘музыкант на народных інструментах’, серб. сви́рац ‘музыка, што іграе на дудзе’ < прасл. *svirьcь (насуперак БЕР, 6, 554, не толькі паўднёваславянскі дыялектызм). Спецыфічная семантыка ‘цьмяна гарэць’ грунтуецца на гукавым суправаджэнні такога гарэння (шыпенні, гудзенні і пад.). Гл. таксама свірчэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́за ’газа’ (БРС, Шат., Бяльк., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Укр. гас, газ ’газа’. Польск. gaz, gaza, gas ’тс’. Для ўкр. гас Рудніцкі (579) прымае паходжанне ад слова газолін (і пад уплывам слова гасити, гаснути). Уся група слоў не вельмі яснага паходжання Зразумела, што ёсць сувязь з газ1 (гл.), але значэнне ’газа’ растлумачыць не проста. Параўн. яшчэ балг. газ ’нафта, газа’, якое БЕР (III, 224) лічыць запазычаннем з тур. gaz yaǧi (а гэта калька з англ. gas оіl). Можна ўказаць яшчэ на наяўнасць двух значэнняў і ў рум. gaz ’газ, газа’. Гэтыя значэнні ёсць і ў венг. gáz (гл. MESz, 2, 1037). Для надзейнай этымалагізацыі і значэнняў (яўна другасных) гэтага слова не хапае дакладных гістарычных даных і можна толькі меркаваць, што супадзенне значэнняў ’газ, газа’ тлумачыцца канкрэтнымі тэхналагічнымі дэталямі (можна, напр., меркаваць пра першапачатковы перанос назваў, звязаных з газавым асвятленнем пры дапамозе газы). Здаецца, што першапачаткова перанос назвы для газы меў месца іменна ў рум. мове, што, магчыма, тлумачыцца канкрэтнымі мясцовымі ўмовамі.

Ґаза́ ’лямпа’ (Сцяц.). Бясспрэчнае запазычанне (параўн. і выбухное ґ). Але слова ў такой форме і з такім значэннем няма ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што гэта новаўтварэнне на беларускай глебе: ґа́за ’лямпа’ атрымалася, відавочна, скарачэннем слоў тыпу газні́к, газніца, газоўка. Фармальна бел. слова супадае з польск. gaza ’газа’, але значэнні слоў разыходзяцца.

Газа ’халоднае і хмурае асенняе надвор’е’ (Кліх). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)