разляце́цца, ‑лячуся, ‑ляцішся, ‑ляціцца; ‑ляцімся, ‑леціцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паляцець з аднаго месца ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх птушак і пад., некалькі, многа самалётаў і пад.). Нашы самалёты разляцеліся і, апісаўшы кругі, з-пад нізу ўдарылі па фашыстах, разагналі іх строй. Жычка. // Разнесціся ў паветры, адляцець у розныя бакі. Лісты разляцеліся па падлозе. □ Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. Разлютаваны Лявон як крутнуўся, дык тры Алішэўцы разляцеліся, што тыя трэскі. Сабаленка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раз’ехацца ў розныя бакі, па розных месцах. Маці тупала ля печы — рыхтавала снеданне. Раз’ехаліся, разляцеліся яе дзеці. Адна з .. дачок .. аж на Сахалін забралася. Даніленка. — Вось і разляцелася наша сям’я, — нявесела ўсміхнулася Маша. Шамякін. // перан. Зрабіцца вядомым многім; шырока разысціся. Слава аб стаенніках пана Вашамірскага разляцелася па ўсіх ваколічных і нават далёкіх маёнтках. Бядуля. Нарэшце «вышкаўцы» дасталі грудку солі. Чуткі пра гэта вельмі хутка разляцеліся па ўсіх вёсках. Кулакоўскі.

3. Разм. Разбіцца, распасціся на часткі, кавалкі ад удару, узрыву. Шклянка ўдарылася аб камень і са звонам разляцелася на дробныя асколкі. Васілеўская. Снавалі сюды-туды нямецкія аўтамашыны, і ўжо не адна з іх разляцелася па трэскі разам з пасажырамі. Кулакоўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Знікнуць, аказацца нерэальным. Самуіл ужо сам думаў аб тым, каб знайсці дзе месца ў Вільні, але раптам усе яго планы разляцеліся. С. Александровіч. Здавалася, ушчэнт разляцеліся юнацкія мары пра гераічныя подзвігі. Асіпенка.

5. У палёце набраць вялікую скорасць; пачаць палёт з вялікай скорасцю. Жук, разляцеўшыся, ударыўся ў шыбу. // Разм. Набягу набраць скорасць; разбегчыся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́цца, спынюся, спынішся, спыніцца; зак.

1. Перастаць рухацца. [Паляўнічыя] спыніліся на ўзлеску адпачыць. Ляўданскі. Харытон спыніўся, кашлянуў так, што па ўсёй аколіцы пайшоў грукат. Бажко. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Лупсякоў. // Перастаць дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, заводы, а таксама сэрца і пад.). Матор спыніўся. Дыханне спынілася. □ Спыніцца ў хаце гадзіннік, і адразу ўсе адчуюць, што нечага не хапае. Корбан. Біцца спынілася мужнае сэрца Таварыша Жданава, бальшавіка. Танк. // Перастаць ісці, цячы (пра дождж, ваду і пад.). [Вейс:] — Прыкрыў я сваёй куртачкай механіка, шапку на [галаву] насунуў яму шчыльней, каб кроў спынілася... Шынклер.

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе‑н., прыехаўшы куды‑н. [Кастусь:] — А не падкажаце, у каго б мне спыніцца на некалькі дзён? Я — рыбак... Ваданосаў. Спыніліся ў сям’і партызанскага сувязнога дзеда Тамаша, куды паслаў іх [партызан] Тарас Яцэвіч. Якімовіч.

3. Перапыніцца, прыпыніцца, перарвацца (пра развіццё, ход і пад.). Гутарка спынілася. □ Друкарская і выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны ў Вільні па нейкіх прычынах спынілася пасля 1525 года. С. Александровіч. Пакуль цячэ ў лясах маіх жывіца, Пакуль у іх азону пах чуцён, Табе, жыццё, ніколі не спыніцца. Камейша.

4. Зрабіць перапынак або спыніць (якія‑н. свае дзеянні); стрымацца. Страчыў я адказы дзесяткі разоў і спыніўся... Няўжо гэта важна — калі я і дзе нарадзіўся? Кірэенка. Коста спыніўся, не скончыўшы фразы. Шыцік. // на чым. Перапыніць сваю працу, занятак і пад. на якім‑н. этапе. [Міхайлаў:] — Я атрымаю дыплом тэхнолага, але на гэтым не спынюся. «Маладосць». Ёсць у дзяцінстве міг гульні, Калі самому не спыніцца І цяжка некаму спыніць! Чэрня.

5. на кім-чым. Затрымацца па кім‑, чым‑н. (пра погляд, увагу, думкі і пад.). Позірк лесніка спыніўся на Бобіку, які нешта вынюхваў у галлі. Аношкін. Усё тое, на чым магло спыніцца вока, знікла. Чарнышэвіч. У наступным пакоі позірк Кет спыніўся на адзінай карціне сына. Гарбук. // Расказваючы, апісваючы, затрымаць сваю ўвагу на кім‑, чым‑н. Паколькі большасць з апублікаваных у свой час твораў М. Косіч невядома сучаснаму чытачу, мы крыху спынімся на іх характарыстыкі. Казека. — Таварышы! Успомніце свой баявы шлях! — генерал коратка спыніўся на гісторыі зараджэння і развіцця ўсенароднага партызанскага руху. Шамякін. І вось вячэра зачалася! Спыніцца мушу я на квасе: Ён колер меў чырванаваты. Колас.

6. на кім‑, чым. Прыйсці да якога‑н. рашэння, заключэння; спыніць свой выбар на кім‑, чым‑н. Спыніцца на апошнім варыянце. □ — Дык як, Ніна, выбрала ты нарэшце «свайго героя» ці ўсё яшчэ не ведаеш, на кім з нас спыніцца? — ідучы па алеі, быццам жартам пытаўся Андрэй. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)