іды́лія, ‑і, ж.

1. Невялікі літаратурны твор, які ідэалізавана паказвае вясковы побыт на ўлонні прыроды.

2. Іран. Спакойнае, нічым не засмучанае, шчаслівае існаванне. Венцяроўцы жылі ціха і супакойна праз шмат дзесяткаў гадоў... Нішто не парушала іх ідылію... Чарот.

[Ад грэч. eidyllion — карцінка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ландша́фт ’агульны выгляд мясцовасці, пейзаж’, ’вясковы краявід на малюнку’ (ТСБМ). Магчыма, з польск. landszaft, lanczaft, lanczoft (з 1626 г.) або з рус. мовы ў якасці культурнага тэрміна. Першакрыніцай, аднак, з’яўляецца ням. Landschaft ’мясцовасць’ (Брукнер, 290; Фасмер, 2, 467; Слаўскі, 3, 50–51; Чартко, Бел. лінгв. зб., 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

памужне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць больш развітым фізічна; узмужнець. Быў просты вясковы хлапчук. А гэта — вырас, памужнеў, у плячах раздало. Ракітны. [Трахім] памужнеў і падрос за гэты час, калі яны не бачыліся. Мележ. // Стаць больш дарослым, самастойным, сталым. Мы ўжо даўно не навабранцы, Мы памужнелі ў баях. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радо́ўка, ‑і, ДМ ‑доўцы; Р мн. ‑довак; ж.

1. Разм. Чыя‑н. чарга рабіць што‑н. Тую ноч была радоўка пільнаваць хворую прафесару. Гарэцкі. Дома нікога не было. Двое сыноў і маці пасвілі ў полі вясковы статак — адбывалі радоўку. М. Ткачоў.

2. Агульная назва некалькіх відаў шапкавых грыбоў сямейства радоўкавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ландша́фт, ‑у, М ‑фце, м.

1. Агульны выгляд мясцовасці; пейзаж. Раўнінны ландшафт. □ Месяц быў поўны, чырвоны, на яго паверхні чарнелі абрысы далёкага таямнічага ландшафту. Лупсякоў. Рыгору хацелася выкарыстаць апошнія дні .. [для агляду] сілцоўскіх летніх ландшафтаў. Гартны.

2. Вясковы краявід на малюнку, карціне.

3. Спец. Сукупнасць тыповых прыкмет якой‑н. мясцовасці. Азёрны ландшафт. Горны ландшафт. Вывучыць ландшафт.

[Ням. Landschaft.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скердзь, скерць ‘галоўны пастух’ (гродз., тальм., трак., Сл. ПЗБ), скерць ‘авечы пастух’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. скердь (skierdź) ‘наёмная праца’ (Яблонскіс), польск. дыял. skʼercʼвясковы пастух, старшы пастух’. Выводзяць з літ. skėr̃džius, ker̃džius ‘пастух’, што ўзыходзіць да і.-е. *kerdh‑ ‘чарга, стойла, статак’ (Фрэнкель, 242; Сабаляўскас, LKK, 12, 7 і наст. Лаўчутэ, Балтизмы, 33). Анікін (Опыт, 279) мяркуе пра польскае пасрэдніцтва, што патрабуе дадатковай аргументацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясня́к1вясковы жыхар, селянін’ (Нас.). Запазычана з польск. wieśniak ’тс’. Аналагічна весняцкі ’сялянскі’ < польск. wieśniacki, веснячка ’сялянка’ < польск. wieśniaczka.

Вясня́к2 ’сад, пасаджаны або перасаджаны вясною’ (слаўг., Яшк.), рус. весняк ’малады лясны зараснік, які вырастае вясной’. Да вясна́ (гл.). Утворана пры дапамозе суф. Nomen collectivum ‑няк.

Вясня́к3 ’цёплы паўднёвы вецер’ (слаўг., Яшк.), рус. арханг., разак, ’вясенні паўдн.-усх. вецер’. Да вясна́ (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑як.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пага́ны ’мярзотны, подлы; прызначаны для смецця, нечыстот’ (ТСБМ, Касп., Шат., Яруш., Шпіл., Бяссон.), пога́ны ’тс’ (ТС, Сл. Брэс.), ’дрэнны, дробны’ (Мат. Гом.), ’няхрышчаны, язычнік’ (ТСБМ, Нас.), пага́на ’дрэнна, кепска’ (Яруш., Шпіл., З нар. сл.), пага́нец, па́ганства. Агульнаславянскае; параўн. укр. пога́ний, серб.-харв. по̏ган ’нячысты’, чэш., славац. pohan ’язычнік’. Старажытнае запазычанне з лац. pāgānusвясковы, язычаскі’: pāgus ’акруга’ (Фасмер, 3, 294 і наст.; там жа і інш. літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дурма́н, ‑у, м.

1. Тое, што адурманьвае, ап’яняе (пра алкаголь, чад, пах і пад.). Надзвычайна прыкра убіраць у грудзі мутны дурман адгону. Нікановіч. // перан. Пра тое, што атупляе розум, свядомасць, з’яўляецца сродкам падману. Рэлігія — дурман для народа.

2. Памутненне свядомасці, розуму; адурэнне, ап’яненне. Дурман у галаве. □ Толькі калі часам нап’ецца якісь вясковы хлопец і пачне ў п’яным дурмане задзірацца, жанчыны гаварылі: «Якраз як Сашка Марцінаў». Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Магазі́н, магазы́н, маказы́н, маказэ́н, мага́зін, магʼа́зін, мыгазі́нвясковы грамадскі свіран для збожжа’, ’рэзервуар у лямпе, куды наліваецца газа’, ’прадпрыемства рознічнага гандлю’, ’частка вулля, куды ўстаўляюцца рамкі’ (ДАБМ, с. 801; ТСБМ, Касп., Шат., Бяльк., В. В., Прышч. дыс.; Выг., Янк. Мат., Мат. Гом., Нар. сл., Нар. словатв., Шатал., Сл. ПЗБ). З рус. магази́н ’склад, магазін’, якое прыйшло з ням. Magasin у эпоху Пятра I. Формы з націскным ‑га́ запазычаны з польск. мовы. Сюды ж магазы́нка ’газоўка’ (Касп.), магазынак ’каморка’, ’рэзервуар у лямпе’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)