плака́т, ‑а, М ‑каце, м.
1. Каляровы насценны малюнак з кароткім агітацыйным тэкстам; від выяўленчага мастацтва. Да нарады раённая газета выдала плакат, на якім былі паказаны поспехі ўсіх калгасаў і лепшых даярак. Шчарбатаў. На сценах віселі розныя плакаты і лозунгі адпаведна патрэбам часу. Колас. Досыць часта кампазіцыя плакатаў будавалася на кантрасце: станоўчым вобразам чырвонаармейцаў, салдат супрацьпастаўляліся адмоўныя вобразы ворагаў рэвалюцыі. Шматаў. // Напісаная або надрукаваная аб’ява аб чым‑н. На грудзях у яго [Ружэ] вісеў кароткі, выразны плакат-пытанне: «Ці падпісаліся вы пад Адозвай міру?» Шамякін.
2. Гіст. Пашпарт, які выдаваўся сялянам і мяшчанам у дарэвалюцыйнай Расіі.
[Ад лац. placatum — пасведчанне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тана́льнасць, ‑і, ж.
Спец.
1. Дакладнае размяшчэнне гукаў ладу па вышыні. Танальнасць до мажор. // Гама, на якой пабудаваны музычны твор. Танальнасць песні.
2. Асноўны, пераважаючы колер, каларыт, спалучэнне таноў твора выяўленчага мастацтва (карціны, гравюры і пад.), якія садзейнічаюць стварэнню той або іншай эмацыянальнай настроенасці. Ксілаграфія вылучаецца мастацкай дасканаласцю разьбы, багатай танальнасцю. Шматаў.
3. перан. Асноўная эмацыянальная настроенасць літаратурнага твора, п’есы, вобраза і пад. Шырока распаўсюджаны фальклорны матыў [скаргі дзяўчыны-прыгажуні з народа] атрымаў у творчасці Тараса Шаўчэнкі асаблівую лірычную танальнасць, яркае паэтычнае выражэнне. Палітыка. Асноўным стылёвым сродкам, які падтрымлівае агульную высокую танальнасць твора, з’яўляецца шырокае выкарыстанне ў «Палтаве» [А. С. Пушкіна] архаічнай лексікі. Рагойша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)