пад’ём, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падняць (у 1–5 і 7 знач.) і падняцца (у 1 знач.).

2. Участак дарогі, які ідзе ўверх. На пад’ёме Высокай гары я дагнаў чалавека з фурманкай. Брыль. З пад’ёму цягнік імчаў хутка. Федасеенка.

3. Выпуклая верхняя частка ступні ад пальцаў да шчыкалаткі. Высокі пад’ём. Нізкі пад’ём. □ Ніна была ў кароценькім жакеце з чорным, пад коцік, каўняром, у хустцы. На нагах туфлі з раменьчыкам на пад’ёме. Арабей. // Частка абутку, якая аблягае гэтае месца нагі. Боты не блішчалі, а ў пад’ёме былі разрэзаны, каб можна было іх абуваць, калі мокрыя. Карпюк.

4. Сігнал да ўставання або да паходу. Прайграць пад’ём. □ — Пад’ём! Загасіць касцёр, — крыкнулі мы на хаду, схапілі свае рэчы і падаліся ў лес. Няхай. О, як жа звязана трывала Усё ў жыцці адным вузлом: Не зналі б мы цаны прывалам, Калі б не гралі нам пад’ём. Непачаловіч.

5. Тое, што і пад’ёмнік. Руднічны пад’ём.

6. У граматыцы — ступень набліжэння языка да паднябення. Гукі сярэдняга пад’ёму.

•••

Лёгкі на пад’ём гл. лёгкі.

Цяжкі на пад’ём гл. цяжкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Прадаўгаватае суквецце хваёвых і некаторых іншых раслін, пакрытае луской. На лясной дарозе, пад старой разлапістай сасной, ляжаць апалыя шышкі. Ігнаценка. Злева, зарослы сівай мятліцай, зялёным лопухам з калючымі шышкамі, ляжаў земляны вал старажытнай крэпасці. Грамовіч. // Плод або гронкі пладоў некаторых раслін, якія формай, знешнім выглядам нагадваюць такое суквецце. Врусніц было многа, яны віселі на куп’і шышкамі, як авечыя хвасты, бурыя ад густога сонца. Пташнікаў.

2. Круглы бугор на целе чалавека, жывёлы; гуз. А шышка ўсё ж падскочыла [ў Артура] на лысіне. Гроднеў. Ад першай да апошняй старонкі героі падалі з лодкі, набівалі шышкі, загледжваліся на дзяўчат, грузлі ў балоце. «Звязда». // Выпуклая няроўнасць, бугор на паверхні чэрапа, якія быццам бы (паводле фрэналогіі) паказваюць на ўласцівасці, здольнасці, схільнасці чалавека. Ды вы зірніце на ягоны [Яшкаў] лоб, Якія мудрыя дзве шышкі! Валасевіч.

3. Разм. іран. Пра якую‑н. важную асобу. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Лынькоў. — А сам ты хто? У якім жа чыне? — Вартую двор! Вартую сад! — Ці чулі вы?! От гэта шышка!.. Бялевіч.

4. Патаўшчэнне авальнай ці акруглай формы на канцы, вярхушцы якога‑н. прадмета, звычайна для ўпрыгожання. Шлем з шышкай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сядро́1 ’палатно ў сетцы’ (ТС). Няясна. Магчыма, збліжэнне з польск. jadro ’сетка для лоўлі рыб альбо птушак, выпуклая яе частка’, кош. jadro ’сетка з матнёй’, ’складка ў адзенні’, ’(рэдкая) тканіна’, чэш. jadro ’ўнутранасць рыбацкай сеткі’, славен. jádran ’матня ў рыбацкай сетцы’, ст.-слав. ꙗдро ’выгін, выпукласць, складка’ (гл. ядро), для якога выводзіцца значэнне ’выпукласць, звісаючая частка, матня’ з першапачатковага ’нешта набухшае, абвіслае’ (гл. Слаўскі, 1, 485–486; ЭССЯ, 6, 43–44; SEK, 2, 324–325). Аднак цяжка вытлумачыць пачатковае с‑ (магчыма, уплыў дзеяслова сядзець, гл. сядро3).

Сядро́2 ’здор’ (брэсц., ЖНС), сюды ж, відаць, ст.-бел. сѧдра: чрева его сѧдра зубъ слоновых, што перакладаецца як ’пласціна’ (Альтбаўэр), сѧдръ: кости его сѧдръ сталныи; подобїѧ сѧдра зубнаго з няясным значэннем (КГС). Параўн. рус.-ц.-слав. сѧдра ’загусцелая вадкасць’, серб.-ц.-слав. сѧдра ’тс’, чэш. sádra ’гіпс’, славац. sadra ’тс’, славен. sadra ’тс’, серб.-харв. са̏дра, се̏дра ’гіпс, вапнавы нацёк’, гідронім балг. Седрач, харв. sedro ’порысты камень’. Апошняе Махэк₂ (535) выводзіць ад кораня *sęd‑ са старадаўнім суфіксам ‑r‑, што фармальна і семантычна магчыма, але як амонім да разгледжаных слоў; сядро < сядзець, г. зн. ’тое, што асела на кішках’, параўн. сала. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 185; Бязлай, 3, 213 (узводзяць да прасл. *sędra, што мае і.-е. паралелі); Вештарт, Лекс. Палесся, 134; Дурыданаў, БЕ, 23, 1–2, 105–108.

*Сядро́3, седро́ ’задняя частка штаноў’ (стол., Нар. ск.), ’мянушка чалавека, шырокага ў касцях, з вялікай тазавай часткай’ (Альп.). Словаўтваральны варыянт назоўніка ад сядзець з суф. ‑р‑, параўн. сядло, садно, сядро1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоб1, лоп, луоб, ло̂б ’пярэдняя частка галавы’ (ТСБМ, Бес., Кл., Бяльк., Касп., Сцяшк., Янк. Мат., ТС, Мат. Гом.), ’чалавек моцнага целаскладу’ (ТС), ’галава, мазгаўня’ (Кл.), ’абібок’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’пярэдняя частка чаго-небудзь’ (Сцяшк.); лэб, лэп ’лоб’ (шальч., воран., іўеў., шчуч., валож., трак., швянч.), ’галава’ (астрав., ашм.), шчуч. ’валасы’ (шчуч.Сл. ПЗБ) — параўн. ст.-бел. лебъ < ст.-польск. łeb (Булыка, БЛ, 11, 46). Укр. лоб, ліб, рус. лоб ’лоб’, польск. łeb ’галава жывёлы’, зневаж. ’галава чалавека’, ст.-польск. łep ’чэрап’ (у Сымона Буднага); паўн.-усх. ’лоб’ і розныя пераносныя значэнні; чэш. leb ’чэрап’, перан. ’галава’, ст.-чэш. leb, славац. leb ’чэрап’, славен. ləb ’чэрап’, ’лоб’, балг. лъб, ц.-слав. лъбъ ’чэрап’, ст.-слав. лъбьнъ (параўн. рус. лобное место, славен. lebánja, lobánja ’чэрап’, ’узгорак’). Прасл. lъbъ ’чэрап’ > ’лоб’ > ’галава’ (Слаўскі, 5, 92). Звычайна прасл. лексему супастаўляюць са ст.-грэч. λόφος ’шыя’, ’узгорак’, ’чубок, чупрына’, ’султан з пёраў’ і з тах. A lap ’чэрап’, ’галава’ (Шульцэ, Kleine Schriften, 1933, 252; Бецэнбергер, BB, 4, 333; Фрэнкель, 398; Поўха, Inst. linguae tocharicae, 1, 1955, 264; Фасмер, 2, 507). Аднак гэта аспрэчваюць: Бернекер (1, 748–749), Слаўскі (JP, 36, 72), Фрыск (2, 140) з прычыны фанетычных неадпаведнасцей. Яны, а таксама Брукнер (309), Махэк₂ (323) параўноўваюць прасл. lъbъ з lubъ ’кара, лыка’, прыводзячы ў якасці доказаў наяўнасць сінонімаў — параўн. серб.-харв. дуброўн. lùbina ’чэрап’, харв. lùbanja, славен. lubánja, якія ў рэшце рэшт узыходзяць да і.-е. *leubh‑ ’лупіць, здымаць кару’. Прасл. lъbъ адпавядае і.-е. lubh‑ (сюды ж і літ. lùbena ’лушпіна’, lùbos ’столя’, lubà ’стальнічына’) з першасным значэннем ’выпуклая шкарлупка’ (параўн. серб.-харв. чак. з XVI–XVII стст. lup ’чэрап’, lȗp ’шкарлупа’).

Лоб2 ’пакрытая ледзяной карой зямля (пасля дажджу, адлігі)’ (карэліц., Янк. Мат.). Да лоб1 (гл.).

Лоб3 ’шчыт, франтон’ (Тарн., Зн., Касп.; пруж., бяроз., в.-дзв., Нар. сл., Шатал.; міёр. Нар. сл.), лельч., калінк. ’падстрэшак’, пруж. ’закот’, міёр. лоп ’падфрантонная сцяна ў будынку’ (Нар. сл.). У выніку пераносу паводле падабенства з лоб ’лоб’, параўн. палес. спіна, грыва ’вільчык’. Да лоб1 (гл.). Параўн. таксама лабак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пук1 ’выклічнік, што перадае стук, стрэл, лопанне ці гук падзення’ (“падение чего, особенно круглого”, Нас.; мсцісл., Нар. лекс.; Сержп.; Нік. Очерки; ЭШ), ’бух, бульк’: бобе́р пук у во́ду (ПСл), укр. пук, пу́ку, рус. пук (пераважна смаленскае), польск. puk, pąk, чэш., славац. puk, в.-луж., н.-луж. puk, славен. pok, серб.-харв. пук, балг., макед. пук. Старое гукаперайманне, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт. 170 (варыянты pukъ! puku!), роднаснае ням. pochen ’стукаць’ (Махэк₂, 406). Гл. пукаць1.

Пук2 ’выпукласць, пукатасць’: у пуку клепка выгінаецца (ТС), ’самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго-небудзь’: пук неба (Нар. Гом.), ’самая сярэдзіна’: puk zimy (Варл.), ’выгіб пілы’ (ПСл), пук, мн. л. пуке́ ’выступы на падэшве нагі каля пальцаў’ (Сцяшк.), пука́ ’выпукласць ступні каля большага пальца’ (Дразд.); параўн. укр. дыял. пу́ка ’ўнутраны бок канца пальца’, рус. дыял. пуквыпуклая сярэдняя частка бочкі’, пуки́ ’найбольш шырокія месцы ў ступні’. Утворана на базе прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае, выпіраючае’, звязана з пу́чыць ’выступаць, выстаўляць, выпіраць’ (гл.).

Пук3 ’кветканоснае сцябло, стрэлка (цыбулі, шчаўя і інш. раслін)’ (пераважна паўн.-усх., ЛА, 2; Яўс., Варл., Сл. ПЗБ, Шатал., Янк. Мат., карэл., Жыв. сл.; Жд. 2), пу́чча ’тс’ (ЛА, 2; Ян.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’маладыя парасткі’ (брагін., Шатал.), ’аер’ (б.-каш., Мат. Гом.), пукі́ ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (брасл., Нар. словатв.; паст., ЛА, 1), сюды ж пучы́цца ’расці ў стрэлкі (аб цыбулі)’ (Яўс.), фраз. пайсці ў пук (пукі, пучча) ’ператварыцца ў пустацвет (пра расліны); іран. ’застацца ў дзеўках, не выйсці замуж’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), пукава́тая ’якая пайшла ў пукі (пра моркву)’ (Жд. 1); рус. пуки́ ’шчаўе ў час цвіцення’, польск. pąk ’завязь кветкі’, чэш., славац. puk ’тс’. Прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ звязваюць з пу́каць ’лопацца, раскрывацца’ гукапераймальнага паходжання, роднасным ням. pochen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1189; Махэк₂, 406; параўн. Фасмер, 3, 403; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 629.

Пук4 ’звязка; сноп; скрутак; ахапак’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., ЛА, 4; Варл., ТС, Ян., Яўс., Раст., Шат., Сл. ПЗБ, ПСл) ’галінкі, пасечаныя і звязаныя ў куль для паліва’ (Сцяц.), пучо́к ’ахапак звязаных дроў’ (стол., Сл. Брэс.), ’збітыя жэрдкі для прыціскання стога’ (мазыр., Шатал.); укр. пук ’звязка’, рус. пук ’звязка; паплавок з пучка травы; мяч з шэрсці, апука’, польск. pęk ’гронка, звязка’. Утворана на базе праслав. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ як вынік злучэння ў адно некалькіх аднародных прадметаў. Гл. папярэдняе слова.

Пук5 ’расліна дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ (Кіс.), укр. пук ’расліна гірча, Selinum carvifolia L.’, а таксама ’баршчэўнік, Heracleum sibiricum L.’ Хутчэй за ўсё, ад пук3 ’стрэлка, кветаноснае сцябло’, параўн. рус. дыял. пуки́ ’шчаўе ў час квецені’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 629.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)