настаўнік, выкладчык, педагог; вучыцель (уст.) / хатні: дарэктар (уст.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

фехтава́нне, ‑я, н.

1. Від спорту, майстэрства барацьбы на шпагах, рапірах, эспадронах і пад. Трэці дзядзька — Ціхон Васільевіч — меншы па чыну, толькі выкладчык фехтавання. Новікаў.

2. Паядынак, спаборніцтва на шпагах, рапірах, эспадронах і пад. / у перан. ужыв. Побач з імі [куніцамі], на паляне, Бой гарачы — фехтаванне У майстроў яго, З баркоў Маладых цецерукоў. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экзамена́тар, ‑а, м.

Той, хто прымае экзамен, ацэньвае веды тых, хто яго здае. Асабліва радавала яго [Лабановіча] тая акалічнасць, што экзаменатарам назначаўся не інспектар народных вучылішч, сухі і бяздушны чынуша, а выкладчык, які ў свой час быў таксама настаўнікам пачатковай школы. Колас. Вазьміце білецік, — ледзь кіўнуў галавой строгі, з рудой бародкай экзаменатар. Аношкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наста́ўніквыкладчык’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’настаўнік; натхніцель’ (ТСБМ); яшчэ ў 20‑я гады ўжывалася ў літаратурнай мове побач з русізмам вучы́цель, вучы́целька. Відаць, семантычны наватвор на базе народнага наста́віць ’навучыць’, першапачаткова з наставіць на пуць, параўн. наставіць пуць ’абраць жыццёвы шлях’ (Сл. ПЗБ), настаўля́ць ’павучаць’ (там жа), або праз рус. (ц.-слав.) са ст.-слав. наставьникъ ’кіраўнік, майстар, правадыр’, што атрымала больш вузкае значэнне ’духоўны настаўнік, натхніцель’; параўн. наста́ва ’наглядчык, наглядальнік’ (Сл. ПЗБ). Да ста́віць, стаўля́ць (гл.).

Настаўні́к, настаўні́ч ’талакнянка’ (пух., Жыв. сл.). Таго ж паходжання, што і настаноўнік (гл.); да ставіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пранікнёны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва пранікнёнасць. — Толькі дайце дажыць у здароўі, — ужо зусім недарэчы фатальна закончыла няскладную, але пранікнёную прамову Волька. Васілевіч. У свой час, у бытнасць Шчакаціхіна студэнтам, новы выкладчык Сідараў прынёс у аўдыторыю непадкупную і пранікнёную адданасць самаму масаваму і надзённаму віду мастацтва — графіцы. Ліс.

2. Праніклівы, пільны, уважлівы. — Адкуль вы, таварыш? — Чалавек уважліва паглядзеў на мяне пранікнёнымі вачыма. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асістэ́нт ’памочнік прафесара, урача; малодшы выкладчык у вну’ (БРС), ’пастаянны размоўца, удзельнік цырымоніі’, асістэ́нцыя ’прысутнасць пры знатнай асобе, пастаяннае дагляданне, заляцанне’ (Нас.). Сучаснае значэнне ўсталявалася, верагодна, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 76). Значэнні, зафіксаваныя ў Насовіча, указваюць на польскую крыніцу запазычання (польск. asystent ’памочнік прафесара; памочнік, практыкант урача; член світы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці; кавалер’). Ст.-укр. ассистенция з XVII ст., ассистентъ з XVIII ст., што ўказвае не толькі на магчымую даціроўку беларускага, але і на польскую крыніцу запазычання. Польскае з лац. assistent суправаджаючы’; у рускай мове з пачатку XVIII ст. праз нямецкую (Шанскі, 1, А, 163; Фасмер, 1, 94, указваюць на нямецкую крыніцу, паводле Смірнова, 49) ці польскую — Біржакава, Очерки, 344.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

славе́снасць, ‑і, ж.

Уст.

1. Мастацкая літаратура і вусная творчасць якога‑н. народа. Руская славеснасць.

2. Філалагічныя навукі (лінгвістыка, літаратуразнаўства і пад.). Кафедра славеснасці. Лекцыя па славеснасці. □ Справа была ясная: да славеснасці .. [Багдановіч] меў найбольшую схільнасць. Майхровіч. // Назва вучэбнага прадмета ў дарэвалюцыйнай сярэдняй школе, які даваў сістэматычныя веды па літаратуры. Урок славеснасці. Выкладчык славеснасці. □ Мне прыйшлося вучыцца ў настаўніка Міцкевіча дзве зімы. Ён быў вельмі добры настаўнік. Добра вучыў рускай славеснасці, пісьму і арыфметыцы. І ніколі не караў, як іншыя настаўнікі. «Помнікі».

3. Вусныя заняткі з салдатамі па вывучэнню воінскіх статутаў у дарэвалюцыйнай рускай арміі. [Ротны Гланда:] — Панове афіцэры, Бярыце ўзводы! Замест славеснасці пустой Займіцеся работаю другой: Байцам тлумачце сэнс свабоды І ўрада новага намеры. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халасты́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не ўступіў у шлюб, нежанаты (пра мужчыну). Наш сусед, выкладчык музыкі ў інтэрнаце і кіраўнік самадзейнасці ўсіх навакольных устаноў і арганізацый, халасты хлопец гадоў пад сорак, амаль не даваў знаць аб сваім існаванні. Радкевіч. [Паліна:] Ты — дзяцюк халасты, а ў мяне тут — сям’я, Муж... Куляшоў. // Які складаецца з халасцякоў. Халастая кампанія. // Уласцівы халасцяку, халасцякам. Халастое жыццё. □ «Лёталі ў космас? Час і дзень. У халастым, а ці ў жанатым стане?» Барадулін.

2. Які не прыводзіць у рух механізма, машыны; не рабочы. Халастыя абароты. □ Як шалёны, завыў матор — задняе кола, згубіўшы счапленне з грунтам, засвістала на халастым хаду. Краўчанка. // Не звязаны з выкананнем карыснай работы. Халасты перагон вагонаў. □ Да мінімуму зведзены прастоі, халастыя прабегі. Механізатары змагаюцца за кожную мінуту рабочага часу. «Звязда».

3. Не здольны наравіць цэль; не баявы (пра стральбу). Не быў апошні выстрал халастым, Галовы склалі каты пад кусты... А я без памяці ляжаў на мяккім доле. А. Астапенка. — На граніцы, Ягорка, халастымі патронамі не страляюць. Шыловіч. // Які не мае кулі, шроту. Халасты зарад.

•••

На халастым хаду — упустую, марна.

Халасты прабег — пра транспарт, які ходзіць паражняком.

Халасты стрэл — пра бескарыснае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў дарослым, дасягнуў поўнага развіцця. Сталыя мужчыны збіраліся ў гурткі і разважалі аб вайне, якая насоўвалася на іх. Колас. Аднак, зірнуўшы ў вочы касір[ц]ы, ужо сталай і сур’ёзнай жанчыне, Аня засаромелася свайго намеру і пачырванела да вушэй. Карпюк. / у знач. наз. ста́лыя, ‑ых. Я пытаўся ў сталых: — Дзе ж ён ёсць брыгадзір? Лужанін. // Уласцівы такому чалавеку. Маленства не песціла Зыгмунта Серакоўскага гэтак жа, як і сталыя гады. Якімовіч. У сталым веку будзеш чуць ты [унук] музыку гадоў выразна. Дубоўка.

2. Здольны рабіць, дзейнічаць самастойна, без чыёй‑н. дапамогі, кіраўніцтва; сур’ёзны. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. Ён [сакратар райкома] малады, ды сталы. Пабачыў ён багата. Дубоўка. [Аўдоля:] — Я так і ведала. Цівуну што — сталага работніка шкада на кухню ставіць, а дзяцей не шкада. Якімовіч. // Уласцівы такому чалавеку. Ой, як цяжка рабіць першы, сталы крок у жыцці! Бядуля.

3. Вопытны, які дасягнуў майстэрства ў чым‑н. Драбнатэм’е, прыглушанасць голасу, звужанасць погляду на сучаснасць — бяда нашых многіх сталых і маладых паэтаў. Грахоўскі. Не раз [Іван Якаўлевіч] здымаў шапку перад сталым практыкам-энергетыкам. Цяпер, бач, як вырас Анатоль Іванавіч! Гроднеў. На савецкую работу вылучана вялікая колькасць палітычна сталых работнікаў з шырокім партыйным, дзяржаўным кругаглядам, здольных весці справу энергічна і пісьменна. «Звязда». // Які вылучаецца грунтоўнасцю, майстэрствам і пад. Першыя на дзіва сталыя вершы .. [Валянціна Таўлая] датаваны 1928 годам, калі паэту было чатырнаццаць. Брыль. Па геаграфіі веды Сталыя мы набылі, Пеша схадзіўшы ўсе сцежкі Нашай вялікай зямлі. Куляшоў.

4. Пастаянны, нязменны; разлічаны на доўгі час, не часовы. [Наталя:] — Дарагая, мілая цётка Мальвіна!.. Дзе ты цяпер? Ты ніколі не мела свайго сталага месца — з дзядзькам Прахорам вы вечна падарожнічалі па краіне з канца ў канец. Скрыган. На мой паклон .. [Яворская] адказала запытаннем. — Новы сусед? Адкуль? Ага, выкладчык! Факультатыўна ці на сталую работу? Дуброўскі.

5. Добра абдуманы; які сведчыць пра вопытнасць, майстэрства. Сталае рашэнне. Сталая думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́ва, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць агульнапрынятых гукавых і лексіка-граматычных сродкаў для выказвання думак і наладжвання сувязі паміж людзьмі. Беларуская мова. Нацыянальная мова. Родная мова. Класічныя мовы. □ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Колас. Пачуўшы словы на незнаёмай ім мове, дзяўчаты адразу насцярожыліся. Лынькоў. // Тое ж як прадмет вывучэння і выкладання. Урокі мовы. Выкладчык французскай мовы. □ У .. [Юркі] зноў была запазычанасць па англійскай мове, і ён, пакуль ліквідаваў яе, адстаў ад хлопцаў. Карпаў.

2. Сукупнасць лексічных, граматычных і іншых сродкаў выражэння думак, стыль. Літаратурная мова. Газетная мова. Канцылярская мова. □ А колькі часу прыходзілася траціць на тое, каб дастасаваць мову дзяцей да кніжнае мовы! Колас. Мова загадаў, інструкцый сухая, дакладная. Тут ніякай рамантыкі, ніякай усмешкі. Лынькоў. // Сукупнасць прымет, уласцівых індывідуальнай манеры якога‑н. пісьменніка, мастака і інш. Мова Пушкіна. Мова Коласа.

3. Спосаб вымаўлення слоў, манера гаварыць. Таццяна з мацярынскай пяшчотай і замілаваннем сачыла, як .. [яе сын] ужо сам выпаўзаў з зямлянкі, а потым падымаўся і паважна ішоў па лагеры і з кожным сустрэчным размаўляў на сваёй смешнай дзіцячай мове. Шамякін.

4. Здольнасць гаварыць. Новая хваля сораму прыліла да .. стомленага, бледнага твару [Крысціны], пазбавіла яе мовы. Васілевіч. Дзяніс падаў Карнею руку, але не прамовіў ні слова, быццам у яго адняло мову. Гроднеў.

5. Тое, што перадае сабой якую‑н. думку, можа служыць сродкам зносін. Мова форму л. Мова лічбаў. □ Скрыпка Тамаша кожнаму на яго ж мове гаварыла, пад яго густ грала. Бядуля. Народы ўсяго свету павінны гаварыць паміж сабой не на мове гармат, а на мове мастацтва. «Полымя».

6. Разм. Гутарка, размова. — Пытаўся я ў людзей, брат, сёння Наконт зямлі каля Заблопня, — Так бацька мову расчынае. Колас. [Тапурыя:] — Слухай далей і больш не перабівай мне мовы. Самуйлёнак.

•••

Аналітычныя мовы — мовы, у якіх адносіны паміж словамі ў сказе выражаюцца не формамі змянення слоў, а парадкам слоў, службовымі словамі, інтанацыяй і пад.

Жывая мова — мова якога‑н. існуючага народа, якая ўжываецца як сродак зносін.

Індаеўрапейскія мовы — агульная назва самай вялікай у свеце сям’і сваяцкіх моў Азіі і Еўропы, да якой належаць мовы індыйскія, іранскія, славянскія, балтыйскія, германскія, раманскія, італійскія і некаторыя іншыя.

Інфармацыйная мова — спецыяльная штучная мова, якая выкарыстоўваецца ў сістэмах апрацоўкі інфармацыі.

Літаратурная мова — унармаваная форма агульнанароднай мовы, пісьмовыя і вусныя нормы якой з’яўляюцца агульнаабавязковымі.

Мёртвая мова — старажытная мова, на якой ужо не гавораць.

Новыя мовы — сучасныя мовы, у адрозненне ад старажытных, мёртвых моў.

Простая мова — мова другой асобы, пры перадачы якой захоўваюцца лексічныя і граматычныя асаблівасці выказвання.

Ускосная мова — мова другой асобы, пры перадачы якой захоўваецца толькі змест, а яе лексічныя і граматычныя асаблівасці поўнасцю або часткова змяняюцца ў апавяданні пры дапамозе даданых сказаў.

Часціны мовы гл. часціна.

Эзопаўская мова гл. эзопаўскі.

Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.

Знайсці агульную мову гл. знайсці.

Мову заняло гл. заняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)