друк¹, -у, м.
1. Працэс публікацыі і выпуску ў свет разнастайнай друкаванай прадукцыі.
Кніга яшчэ ў друку.
2. Знешні выгляд надрукаванага (асаблівасці шрыфту, характар ілюстравання і пад.).
Уборысты д.
Каляровы д.
3. Спосаб друкавання (спец.).
Высокі д.
Глыбокі д.
Плоскі д.
4. Галіна вытворчасці, якая друкуе творы; выдавецкая і друкарская справа.
Работнікі друку.
5. Сукупнасць друкаваных выданняў; прэса.
Перыядычны д.
Замежны д.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
стэрэаты́п, ‑а, м.
1. Металічная, гумавая або пластмасавая копія друкарскага набору, якая служыць для друкавання шматтыражных і паўторных выданняў; матрыца.
2. перан. Нязменны, агульнапрыняты ўзор, якога прытрымліваюцца; шаблон, трафарэт. У многіх артыкулах і вершах сталі стэрэатыпам «крывавыя мазалі» як сімвал працы і людскога гора. Грахоўскі.
[Ад грэч. stereos — цвёрды і typos — адбітак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бібліягра́фія, ‑і, ж.
1. Навуковае, сістэматызаванае апісанне кніг і іншых выданняў, зробленае па якой‑н. прыкмеце. // Галіна ведаў аб спосабах такога апісання.
2. Спіс кніг і артыкулаў па якім‑н. пытанні, прадмеце. Бібліяграфія па старажытнай беларускай літаратуры.
3. Аддзел у часопісе або газеце, дзе змяшчаюцца рэцэнзіі або нататкі пра новыя кнігі.
[Ад грэч. biblíon — кніга і graphō — пішу.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Выхава́нне (БРС, Нас., Яруш., Гарэц., Байк.). Запазычанне з польск. wychowanie ’тс’ (Кюнэ, Poln., 115), дзе яно з’яўляецца калькай франц. éducation (Унбегаўн, RÉS, 12, 45). З польск. wychowanka запазычана таксама бел. выхава́нка ’прыёмная дачка, выхаванка’, а бел. выхава́нец ’прыёмны сын, выхаванец’ з’яўляецца калькай польск. wychowaniec ’тс’ (Кюнэ, там жа). Улічваючы даўняе выкарыстанне (параўн. у Ф. Скарыны выхование — Воўк–Левановіч, Мова выданняў, 282) і шырокае распаўсюджанне гэтых слоў, нельга прыняць пункт гледжання Крукоўскага (Уплыў, 127) аб калькаванні рус. воспитанник, воспитанница ў бел. выхаванец, выхаванка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
радыка́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да радыкала 2 (у 1 знач.). Радыкальная партыя.
2. Рашучы, найбольш дзейсны; карэнны. Радыкальныя меры. Радыкальныя змены. □ Урад СССР прапанаваў зрабіць самы радыкальны крок: вырашыць праблему раззбраення цалкам, раз і назаўсёды, для цяперашніх і будучых пакаленняў. «Звязда». // Які прытрымліваецца крайніх, рашучых поглядаў. «Мужыцкая праўда» — .. самае радыкальнае з усіх выданняў, якія выходзілі напярэдадні і ў час паўстання 1863 года. С. Александровіч. Радыкальная моладзь зачытвалася тварамі Вальтэра, Русо, Нямцэвіча і Карпінскага. Мальдзіс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́трымаць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак.
1. што. Устаяць, стойка перанесці, не паддаўшыся ўздзеянню цяжару, ціску і пад.
Плаціна вытрымала напор паводкі.
В. асаду.
2. што. Падвяргаючыся праверцы, аказацца годным.
В. прыёмныя экзамены.
3. перан., што. Праявіць цвёрдасць, не ўступіць.
В. сваё слова да канца (не адступіць ад сказанага).
4. каго-што. Пратрымаць дзе-н. на працягу якога-н. часу.
В. хворага дома.
5. што. Доўгім захоўваннем давесці да высокай якасці.
В. віно.
6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра тыражы кніг, спектаклі: ажыццявіцца, адбыцца ў якой-н. колькасці.
Падручнік вытрымаў многа выданняў.
П’еса вытрымала некалькі пастановак.
|| незак. вытры́мліваць, -аю, -аеш, -ае.
Не вытрымлівае ніякай крытыкі (перан.: нікуды не варта).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Нагода ’прычына, выпадак’ (ТСБМ), параўн. таксама нагодачка‑пого́дачка ’божая кароўка’ (лаг., Шатал.). Укр. нагода ’выпадак, зручны час’, польск. nagoda ’прычына, аказія, выпадак, прыгода’, чэш. náhoda ’выпадак, выпадковасць, няшчасны выпадак’. Усё да *goditi з шырокай семантыкай, у тым ліку ’чакаць зручнага выпадку, рыхтавацца да нечага’, параўн. балг. нагодя се ’прыстасавацца, патрапіць’; зыходным для беларускага слова можа быць дзеяслоў нагадзіцца ’трапіцца, выпадкова сустрэцца, нечакана з’явіцца’, параўн. безасабовы дзеяслоў нагодзіло з супрацьлеглым (адмоўным) значэннем ’не ў пару прынесла каго-н. ці што-н.’ (Нас.). Наяўнасць падобных утварэнняў у народнай мове, здаецца, здымае пытанне аб магчымым пранікненні названага слова з чэшска-польскага арэала або з эмігранцкіх выданняў, дзе яны, на думку Жураўскага (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), «адзначаюцца значна раней, чым у нашых мясцовых беларускіх».
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
хранало́гія, ‑і, ж.
1. Навука, якая вывучае гісторыю летазлічэння. // Дапаможная гістарычная дысцыпліна, што ўстанаўлівае гістарычныя даты, час з’яўлення дакументаў і пад.
2. Пералік падзей у іх часавай паслядоўнасці. Храналогія беларускай гісторыі.
3. Паслядоўнасць паяўлення чаго‑н. у часе. Храналогія падзей. □ Цыкл гэтых твораў будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасна і па лініі ідэ[йн]ых катэгорый (носьбітамі і творцамі якіх ёсць чалавечыя вобразы): бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д. Чорны. Знаходка ўнікальнага экземпляра «Малой падарожнай кніжыцы» ў капенгагенскай бібліятэцы ўносіць істотную папраўку ў храналогію скарынінскіх выданняў. «Помнікі».
•••
Геалагічная храналогія — устанаўленне перыядаў узнікнення розных пластоў Зямлі.
[Ад грэч. chronos — час і logos — вучэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папярэ́днік, ‑а, м.
1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.
2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запі́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Лісток паперы, на якім што‑н. напісана; кароткае пісьмо. Пакуль Міхась гаварыў, у прэзідыум сходу адна за адною перадаваліся запіскі. Паслядовіч. Ільіч зноў сеў, узяў паперу, нешта хутка напісаў, паклаў запіскі перш у адзін канверт, а потым у другі, заклеіў. Гурскі.
2. Кароткі пераказ у пісьмовай форме якой‑н. справы; афіцыйнае паведамленне аб чым‑н. Тлумачальная запіска. Дакладная запіска.
3. толькі мн. (запі́скі, ‑сак). Занесеныя на паперу чые‑н. назіранні, нататкі, успаміны. Алік разгарнуў сшытак і прачытаў першыя радкі: «Я спяшаюся расказаць у сваіх запісках усё, што ведаю пра гэтага чалавека». Шашкоў. // Літаратурны твор у форме запісаў, дзённіка, успамінаў.
4. толькі мн. (запі́скі, ‑сак). Як частка назвы некаторых навуковых выданняў — зборнікаў артыкулаў. Вучоныя запіскі Інстытута славяназнаўства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)