сто́мленасць, ‑і, ж.

1. Стан стомленага; бяссілле. Стомленасць арганізма. □ Аднак жа .. [Андрэй] не разлічыў сваіх сіл і к канцу другога дня пачаў адчуваць вялікую стомленасць. Чорны.

2. Спец. Змяненне механічных і фізічных уласцівасцей матэрыялу пад уздзеяннем напружання і дэфармацыі. Стомленасць металу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капітулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак.

1. Спыніўшы ваенныя дзеянні, здацца (здавацца) пераможцу на прадыктаваных ім умовах. Рэшткі нямецка-фашысцкай арміі безагаворачна капітулявалі. «Беларусь».

2. перан. Адступіць (адступаць) перад цяжкасцямі, перашкодамі; прызнаць (прызнаваць) сваё бяссілле ў чым‑н. Капітуляваць перад пагрозай. Капітуляваць у спрэчцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Знямо́га ’стан крайняй стомленасці’. Укр. знемо́габяссілле’, балг. изнемо̀га ’знямога’. Параўн. ст.-слав. изнемагати. Ст.-рус. изнемогати ’знемагаць’, ст.-польск. zniemóc, sniemóc ’тс’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова jьz‑ne‑mog‑a‑ti з коранем *mog‑; гл. магчы, верагодна, прасл. рэгіянальнага пашырэння (параўн. яшчэ рус. изнеможе́ние, польск. zniemożenie, в.-луж. zniemoženje, серб.-харв. изнѐмоглост ’знямога’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

га́йка, ‑і, ДМ гайцы; Р мн. гаек; ж.

Металічная дэталь розных форм з адтулінай, што мае вінтавую разьбу для накручвання на што‑н. Нарэзаць гайку. Падцягнуць ключом гайкі.

•••

Аслабіць гайкі гл. аслабіць.

Аслаблі гайкі у каго — пра таго, хто страціў волю, здольнасць дзейнічаць.

Падкруціць (закруціць) гайку (гайкі) гл. падкруціць.

Слабіць гайка чыя або у каго — пра чыё‑н. бяссілле, няздольнасць зрабіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змо́га, ‑і, ДМ змозе, ж.

1. Здольнасць рабіць што‑н.; сіла, магчымасць. Наколькі хопіць сілы ў мяне, змогі, наколькі хопіць дзён жыцця майго, — мы пойдзем хваляй, палкай, як агонь, ад перамогі і да перамогі. Дубоўка. Хоць пацяжэлі рукі, цела, ногі, І ўжо ўзняцца мы не мелі змогі, А вочы пільна паглядалі ў далеч. А. Астапенка.

2. Моцная стомленасць, поўнае бяссілле. Балелі рукі, млелі ногі, Старыя падалі ад змогі. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчай, роспач, асуджанасць, безнадзейнасць, бездапаможнасць, бяспомачнасць, безвыходнасць, разгубленасць, беспараднасць, беспрасветнасць; бяссілле, тупік (перан.) □ упадак духу

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Недалу́га ’ненармальная, недаразвітая з нараджэння істота’ (мсцісл., З нар. сл.), ’нямоглы, хваравіты чалавек’ (Мядзв., Макар.), ’няздольны, няздатны чалавек’ (Сцяшк.), ’няўдаліца’ (Яўс.), недалу́гі ’хваравіты, слабы’ (Федар., Рам., Мат. Маг., Ян.), ’неправорны, непрыгодны да справы’ (Сцяшк.), ’няўклюдны’ (Сл. ПЗБ), недалу́жны ’ганебны, няўдалы, непрыгожы, мізэрны’ (Яўс.), ’бездапаможны, слабасільны; закінуты, сіратлівы, няшчасны’ (Гарэц.), ’слабасільны, нездаровы’ (Нас.), недолу́жны ’слабы, хворы’ (ТС), недалу́жнік ’слабасільны чалавек’, укр. недолу́га ’тс’, недолу́гий, недолу́жний ’бяссільны, слабы, нямоглы’, рус. недолу́га ’слабы, худы чалавек; капун’, недолу́гий, недолу́жный ’хворы, хілы; няўмелы’, польск. niedołęga ’слабы, хілы, бездапаможны чалавек; калека; няздольны мець дзяцей’, ’слабасць, бяссілле, няздатнасць’, ’недахоп, адсутнасць чаго-небудзь’; niedołężny ’які мае фізічныя недахопы, слабы, няздатны’, чэш. дыял. nedoluha ’хвароба’, nedolužný ’неразвіты ў разумовым і фізічным плане’. Прасл. *nedolǫga, *nedolǫžьnъ утворана пры дапамозе прыставак ne‑do‑, якія абазначаюць недастатковасць (гл. неда-), і каранёвай марфемы lǫg‑/lǫž‑, роднаснай ням. langen ’быць дастатковым, хапаць’, што чаргуецца з lęg‑ (гл. недалягаць), параўн. Махэк₂, 393–394. Слав. *nedolǫżьnъ разглядаецца звычайна як паўночнаславянскі дыялектызм, аднак мае працяг у славенскай і заходніх сербахарвацкіх дыялектах (гл. Борысь, SOr, 36, 23–30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

слабасць, аслабеласць, нядужасць, бяссілле, бяссільнасць, знясіленасць, знясіленне, знямога, знемажэнне, знямогласць, зняможанасць, змога, нямога, зморанасць, недамаганне, кволасць, стома, стомленасць, стамленне, ператамленне, змора, здарожанасць, упадак сіл, заняпад сіл; немач, немагата (разм.); гніласць (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

разве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. развёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Адвесці кожнага на сваё месца. [Мар’я:] — Усіх [дзяцей] ужо развяла па людзях, адзін вось застаўся, меншанькі самы. Шамякін. Брыгадзір развёў [студэнтаў] па хатах. «Работніца і сялянка». // Расставіць па пастах. Развесці вартавых.

2. Разняць, аддзяліць адно ад другога. — Во гэтакі ахапак вяргінь ды руж прынесла, — солтыс развёў рукі і паказаў, які вялікі пук прынесла Ліпачка. Сабаленка. А Рэкс і зубоў не расшчапіў. Ледзьве .. яму вінтоўкаю развялі. Жук. // Адвесці ў розныя бакі часткі чаго‑н., рассунуць, расставіць што‑н. злучанае, самкнутае. Развесці мост. □ І, сеўшы на пень пад зялёнай бярозай, задорна развёў баяніст свой баян. Машара. // Спец. Адагнуць зубы адзін за адным управа і ўлева (пра пілу). // перан. Разлучыць каго‑н., аддаліць аднаго ад другога. Ты была маёй першай каханай, Толькі лёс навекі нас развёў. Ставер. — Сёння ты прынёс порхаўку замест чалавечага носа, а заўтра прыедзеш без нармальнай сківіцы. Сорак два няшчасці! Я вашу .. кампанію хутка развяду. Паслядовіч. // перан. Рассеяць, развеяць, ліквідаваць (бяду, гора і пад.). Каб знала Яніна — устала б, Ляцела к яму, як магла, Да любага сэрца прыпала б І ласкаю гнеў развяла. Чэрня. Чужую бяду рукамі развяду. Прымаўка.

3. Скасаваць чый‑н. шлюб. — Дык скажыце вы мне, Хіба гэта мужчына?! Я прашу нас развесці, Так жыць немагчыма. Кляўко.

4. Апусціўшы ў ваду або іншую вадкасць, распусціць, растварыць; зрабіць раствор. Развесці чарнільны парашок. □ Гэтыя куханы Гінка пякла хто ведае з якой мукі.. Пасыпаны яны былі но цукрам, а папырсканы салодкай вадой, у якой Гінка, напэўна, развяла драбок сахарыну. Корбан. // Дабавіўшы вады або іншай вадкасці, зрабіць слабейшым раствор чаго‑н.; разбавіць. Развесці спірт. Развесці воцат.

5. Вырасціць або выгадаваць у значнай або вялікай колькасці. Развесці карпаў. Развесці кветкі. □ — Думаем на будучы год вінаградную лазу развесці... Пянкрат. — Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі, — гаварыў Сёмка. Колас. // Пакласці пачатак якой‑н. справе па вырошчванню, гадоўлі чаго‑н. Развесці кветнік. □ Перасадзіў [садоўнік] з панскага гадавальніка перарослыя дзічкі — прышчэпліваць іх давялося ўжо вышэй галавы, — развёў і свой гадавальнік. Кірэйчык. // Даць распладзіцца, размножыцца чаму‑н. у выніку бяздзейнасці, неахайнасці і пад. — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: гэта ж .. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца — заразу развядзе. Колас. — Тваіх спраў, якія ты развёў тут, я прымаць не буду. Будзеш справаздачу даваць у другім месцы, — не гледзячы ў яго бок, адказаў Лазняк. Дуброўскі.

6. Разбараніць каго‑н. Імкліва падышоў [Рыгор] да рабят, якія ўсё пагражалі адзін аднаму, і, узяўшы іх за каўняры, развёў у бакі. Ваданосаў.

7. Распаліць, раскласці (агонь, вогнішча). Пасля дня блукання сышліся [паляўнічыя] ужо ля дамоўкі, развялі касцёр. Ракітны.

8. Разм. У спалучэнні з абстрактным назоўнікам азначае: пачаць рабіць тое, аб чым гаворыцца ў назоўніку. Развесці плёткі. □ — Каб хто толькі ведаў, якую .. [Наўмыснік] развёў дзейнасць. Грамовіч.

•••

Развесці рукі (рукамі) — рухам рук выказаць цяжкасць, безвыходнасць становішча, бяссілле ў вырашэнні якой‑н. справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)