Жарало́ ’адтуліна (у зямлі, посудзе, дрэве, гармаце)’ (ТСБМ, Нас.), ’крыніца, вірыстае месца на рацэ, вокнішча ў балоце’ (Яшкін). Рус. дыял. же́ре́ло́ ’адтуліна ў розных прадметах’, паўд., зах. ’крыніца’, укр. джерело́ ’крыніца’, польск. źródło, н.-луж. žredło, чэш. zřídlo, славац. žriedlo, žrielo ’тс’, балг. жрело̀, ждрело̀ ’цясніна, крыніца’, серб.-харв. ждрело ’глотка’, ’цясніна’, ’адтуліна’, славен. žrélọ ’адтуліна, выхад з цясніны, рот (жывёлы)’, žerélo ’адтуліна (у печы, у вулеі)’. Ц.-слав. жрѣло ’голас’, ст.-рус. жрѣло, жрело ’голас’, жерело ’вусце’, ’голас’, ’горла’, ’крыніца’, ’дула’. Зыходная прасл. форма *žerdlo з першасным значэннем ’горла, глотка’, адкуль перанос на геаграфічны аб’ект, адтуліну ў нейкім прадмеце (параўн. ’рот’), а таксама ’голас’. Аналагічнае значэнне маюць балт. словы: ст.-прус. gurcle ’глотка, горла’, літ. gurklỹs ’зоб, адамаў яблык’, ’горла пасудзіны’, дыял. gurklė ’глотка’, лат. gurklis ’глотка, зоб’ (Траўтман, 89–90). І.‑е. корань *g​er‑ ’глытаць, глотка, зяпа’ (Покарны, 1, 474–475). Суфіксацыя мае балта-слав. характар, слав. назвы на ‑lo утварыліся з інструментальным значэннем (SP, 1, 103). Корань прадстаўлены таксама ў жэрці, горла, жарло (гл.). Сучаснае пашырэнне пераносных, у асноўным геаграфічных, значэнняў прасл. *žerdlo можа сведчыць у карысць гіпотэзы аб тым, што перанос адбываўся яшчэ ў прасл. перыяд, што вяло да семантычнага размежавання *gъrdlo і *žerdlo; месца *žьr(d)lo ў гэтай семантычнай групе няясна. На другасны характар прасл. значэння *žerdlo ’крыніца’ ўказваюць і яго суадносіны з koldędźь (гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 67). Паводле Курынай (Этымалогія, 1967, 132), першаснае значэнне *žerdlo/*žьrdloбяздонне’; яго першасны характар можна пастуліраваць для некаторых геагр. значэнняў, але не для лексемы ў целым. Курыловіч (L’apophonie, 230) тлумачыць і.-е. апафанічнае адрозненне *žerdlo і *žьrdlo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)