спо́дак, ‑дка, м.

Невялікая талерка з паднятымі берагамі, на якую ставіцца кубак або шклянка. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. — Мы зробім яму з гэтых дошак будку і будзем карміць кожны дзень, — гаварыў Андрэй, тыцкаючы сабачку носам у сподак з малаком. Ваданосаў. Неўзабаве Ганна Карпаўна прынесла з кухні патэльню з яечняй, бохан хлеба і сунічнае варэнне на сподку. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́лы, -ая, -ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена.

На чыстым абрусе ляжаў ц. бохан хлеба.

2. Які поўнасцю ахоплівае што-н. (пра адрэзак часу, месца, прастору).

Ц. тыдзень.

Калона расцягнулася на цэлую вярсту.

3. Аб вялікай колькасці. вялікіх памерах, аб’ёме чаго-н.

Ц. кавалак сала.

Цэлая гара камення.

Ц. мех бульбы.

4. Не пашкоджаны, не знішчаны, не сапсаваны; не зношаны.

Пасля пажару у́ вёсцы хата засталася цэлая.

Чаравікі былі старыя, але цэлыя.

5. Не паранены, здаровы.

Ц. вярнуўся з вайны.

6. у знач. наз. цэ́лае, -ага, н. Што-н. адзінае, непадзельнае.

Адзінае ц.

Цэлы лік або цэ́лае — лік. які складаецца з цэлых адзінак, які не мае дробу.

У цэлым

1) ва ўсёй сукупнасці. цалкам;

2) увогуле, без падрабязнасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

На́вадзень (на́ва дзень) ’бохан хлеба’ (Грыг.), навадзянь ’тс’ (Пал.). Укр. чарніг. на́водзеньбохан, вялікі жытні хлеб’. Карскі (2–3, 99) лічыць чарніг. новодзень ’усякі цэлы (непачаты) хлеб’ складаным словам тыпу вялікдзень і пад., аднак семантыка яго застаецца нявытлумачанай. Можна бачыць у ім табуізаваную назву або эўфемізм, параўн. naujinis, naujas ’новы’ як назва баравіка ў літоўскіх дыялектах, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, II, 193, што пацвярджаецца таксама забаронай рэзаць хлеб да заходу сонца, параўн.: Нельга было почынаць ббхона увечэры наноч (ТС). Страхаў сведчыць пра рытуальнае дзяленне хлеба на Палессі: «…бралі буханку і ішлі на двор, станавіліся там, дзе зайшло сонца, і пачыналі рэзаць. Лусту адрэжа гаспадар і вяртаецца ў хату» (Полесье и этногенез славян. M., 1983, 99). Магія цэлага, непачатага адлюстравалася і ў паняцці новы, параўн. ст.-рус. новый ’іншы; яшчэ адзін’, што павінна было забяспечыць працяг дастатку і ў будучым; параўн. таксама выкарыстанне таго ж паняцця ў гадавым сялянскім цыкле: чэш. мар. prednov(ok), славац. donovok, dönovie ’час перад жнівом, як правіла, непасрэдна перад жаданым «новым» хлебам, калі трэба вытрымаць «да новага» хлеба’. З фармальнага боку другая частка слова можа быць узведзена да *dšti ’рабіць’, параўн. польск. дыял. dziono, dzienie, dzień ’выраб’ і рус. пск. борть новодетъ, борть стародетъ ’дрэвы з новымі і старымі борцямі’, новодѣль ’новая борць’ і пад.; у такім выпадку першапачатковае значэнне слова можна ўзнавіць як ’новапачаты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

су́сла 1, ‑а, н.

1. Адвар крухмалістых і цукрыстых рэчываў у стане браджэння, які ідзе на выраб піва і квасу.

2. Сок адціснутага вінаграду.

су́сла 2, ‑ы, ж.

Абл.

1. Самаробная соска або жвачка (звычайна з хлеба з цукрам), якую даюць дзіцяці. [Кастусь:] — Калі Вова прачнецца і будзе плакаць, дасцё суслу. Яна ў калысцы. Кудравец. На палічцы ляжыць распачаты бохан хлеба. Я адломваю кавалак мякіша, пачынаю жаваць, каб зрабіць суслу. Асіпенка.

2. перан. Пра папяросу, люльку і пад. Зязюльскі шпурнуў сваю суслу-папяросу. Колас. Ох і перападала Лаўрэну ад бабкі Валі за гэтыя суслы, як яна звала цыгарэты. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умя́ць, умну, умнеш, у мне; умнём, умняце; пр. умяў, умяла; заг. умні; зак., што.

1. Прымяўшы, уціснуць, увагнаць у што‑н., куды‑н. Дзядзька.. выплюнуў з рота папяросу, спакваля расцёр яе, умяў наском бота ў пясок. Сачанка.

2. Націскаючы, зрабіць больш шчыльным. Умяць тытунь у люльцы. // Прымяць хадою, яздою; утаптаць, уездзіць. Умяць зямлю гусеніцамі трактара. □ Падэшвы яго [Шпакевіча] ботаў глыбока ўмялі намыты пясок на беразе. Чыгрынаў.

3. Разм. З’есці вялікую колькасць чаго‑н., прагна з’есці што‑н. Умяць цэлы бохан хлеба. □ [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бо́нда1 ’бочка’ (Касп., Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Наўрад ці ёсць нейкая сувязь з бо́нда2 (гл.). Хутчэй таго ж паходжання, што і бо́ндар, бо́дня (гл.), бо́нда, мабыць, з бо́дня. Гл. Краўчук, БЛ, 1975 (7), 65.

Бо́нда2бохан хлеба; круг каўбасы; булка, печаны хлеб; скаціна; скавароднік, перапечак; пасаг; закваска ў дзяжы і г. д.’ (шмат значэнняў, гл. Нас., Чач., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. II, Сцяшк., Сцяшк. МГ, Сцяц., Некр.). Падрабязна гл. Крывіч, 1923, 3, 51–52. Укр. бо́нда, польск. bonda. Запазычанне з літ. bandà (таксама шмат значэнняў). Гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50–51. Падрабязна Непакупны, Мовознавство, 1969, (3); Сцяц., Нар., 22. У ст.-бел. мове бонда засведчана з XV ст. (Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адсе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; зак.

1. Аддзяліцца, адстаць (пра малако, хлеб і пад.). Цётка Хіма, набраўшы ў жменьку з карца вады, абгладжвала кожны бохан, мо для таго, каб блішчала скарынка, а мо каб ён не адсеў, і накрыла доўгім вышываным ручніком. Сабаленка. // Распасціся на тварожыстую масу і сыроватку; адкіпець (пра малако). Прывезла [старая] малако і парыць пачала. Яно ж яшчэ не закіпела, Як тут жа і адсела. Корбан.

2. Здаць назад. Тады [Ратушняк] узяў тузануў за лейцы — конь падагнуў яшчэ горш галаву і адсеў назад у аглоблях: не пайшоў. Пташнікаў.

3. перан. Разм. Адлегчы, спасці. Ганна Кухарава знарок мігнула Зосі і паклікала пайсці на двор «паглядзець, ці мароз адсеў». Крапіва. І ўсе згрызоты нейк адселі, І ўсе тут зноў павесялелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Рэжучы, раздзяліць на часткі, кавалкі. Як дарослы, [хлапчук] узяў з паліцы, з-за занавеска, бохан хлеба, разрэзаў вялікім нажом напалам, палавіну аддаў Шуру... Навуменка. У хаце Аня ўзяла са стала нож, разрэзала вузел і, прысеўшы на ўслон, пачала спрытна разгортваць зляжалую істужку бінту. Мележ. // Рэжучы, раздзяліць (старонкі кнігі, часопіса і пад.). Разрэзаць часопіс. // перан. Рассекчы (паверхню вады, паветра і пад.). Разрэзаць плынь ракі. □ Канчук .. са свістам разрэзаў паветра. Мурашка.

2. Падзяліць, расчляніць што‑н. на часткі. Франкісты стараліся авалодаць гэтай дарогай, каб разрэзаць рэспубліканскія часці. Кухараў.

3. Зрабіць надрэз на чым‑н. Разрэзаць нарыў. // Пашкодзіць чым‑н. вострым; парэзаць. Аб цвік, якім жалеза было прыбіта к тронку, [Сашка Стафанковіч] разрэзаў палец. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бу́лка ’белы хлеб’ (Карскі 1, Сцяшк.), ’пшанічны хлеб’ (Сцяц. Нар., Вешт.), ’жытні хлеб’ (Касп., Нас., Шн.), ’бохан хлеба’ (Бяльк.). Гл. яшчэ Бесар., Федар., 2. Падрабязна агляд значэнняў Сцяц. Нар., 25 (які лічыць, што найбольш пашыранае і даўняе значэнне ’пшанічнае печыва дзецям’). Рус. бу́лка, укр. бу́лка. Лічыцца запазычаннем з польск. bułka ’тс’ (вядомае з XV ст.). Праабражэнскі, 1, 52; Брукнер, 48; Слаўскі, 1, 50; Бернекер, 100; Рудніцкі, 251; Шанскі, 1, Б, 222. Аб запазычанні сведчыць тое, што ва ўсх.-слав. мовах слова з’явілася вельмі позна: у рус. і ўкр. з XVIII ст., у бел., мабыць, таксама (няма ў Булыкі). Крыніца польскага слова не вельмі пэўная (італ.; франц. boule ’круглы хлеб’, с.-в.-ням. biule ’шышка і г. д.’, швед. bulle ’хлеб, булка і да т. п.’; Слаўскі, 1, 50). Вельмі няпэўныя версіі пра роднаснасць усх.-слав. бу́лка з булава́, булды́рь і г. д. (так Фасмер, 1, 239; там і агляд іншых параўнанняў). Да слова бу́лка параўн. яшчэ Вештарт, Лекс. Палесся, 107–110.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пірог1, піру͡ох, пырі́г ’булка з начынкай’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Бес., Чуд., Яруш., Федар. 6, ТС; мазыр., Шн. 3; полац., Нар. сл.), ’паска’ (Маш.), ’тоўсты блін, праснак’ (полац., Нар. сл.; пруж., Сл. Брэс.; віц., ЛА, 4), ’пшанічны белы хлеб, бохан хлеба, булка, куліч’ (Шат.; Варл.; полац., Нар. сл.; гродз., глыб., докш., вільн., шальч., драг., Сл. ПЗБ; віц., ЛА, 4), пірагом ’згарнуць зерне ў кучу’ (рагач., Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, пірагі́ ’вялікія запоіны — другі этап вяселля, у час якога дамаўляюцца пра пасаг, тэрмін вяселля, колькасць сватоў’ (віл., З нар. сл.), піро́гі ’частаванне праз тыдзень пасля вяселля’ (беласт., Сл. ПЗБ, Скарбы). Укр. пиріг, рус. пирог, польск. pirog, pierog, чэш., славац. piroh. Найбольш імаверным можна дапусціць паходжанне слова з прасл. *pirъ ’бяседа, банкет’ і суф. ‑ogъ (як у тварог, *batogъ, *brьlogъ) (Вондрак, Vergl. Gr., 1, 629; гл. яшчэ Фасмер, 3, 265). Сюды ж пірожнік ’маршалак у вясельнай дружыне’ (Варл.).

Пірог2 ’скручаная ці сплеценая пасма апрацаванага ільновалакна’ (вільн., гродз., Сл. ПЗБ). Названа паводле падабенства формы. Да пірог1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)