трансфармацы́йны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трансфармацыі ​1. Трансфармацыйная апаратура.

трансфармацы́йны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трансфармацыі ​2. Трансфармацыйны касцюм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апара́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да апарата, звязаны з апаратам (у 1 знач.).

2. у знач. наз. апара́тная, ‑ай, ж. Памяшканне, дзе размешчана апаратура. Апаратная тэлецэнтра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлемехані́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які служыць для кіравання вытворчымі працэсамі на адлегласці. Тэлемеханічныя метады. Тэлемеханічная сістэма. Тэлемеханічная апаратура.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлемеханікі (у 1 знач.). Тэлемеханічны кантроль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радыёрэле́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для перадачы радыёсігналаў звышвысокай частаты цераз шэраг прыёмна-перадавальных радыёстанцый. Радыёрэлейная апаратура. Радыёрэлейныя станцыі.

2. Які ажыццяўляецца перадачай сігналаў цераз шэраг прыёмна-перадавальных радыёстанцый. Радыёрэлейная сувязь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́мпа, ‑ы, ж.

Невысокі бар’ер уздоўж авансцэны, які прыкрывае ад гледачоў прыборы для асвятлення сцэны. Рассунуўшы машастовую заслону, перад рампай узнік канферансье. Мікуліч. // Асвятляльная апаратура, якая змяшчаецца за такім бар’ерам. Агні рампы.

[Фр. rempe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантро́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кантролю, ажыццяўляе кантроль. Кантрольны пункт. Кантрольны мост. Кантрольная камісія. // Прызначаны для кантролю. Кантрольная работа. Кантрольная апаратура.

2. у знач. наз. кантро́льная, ‑ай, ж. Праверачная работа ў школе, вну. Было ў Сяргея і сваё, асабістае жаданне. Пра яго ён не толькі не пісаў ніколі ў кантрольнай, але нават не гаварыў і сваім лепшым сябрам. Шахавец.

•••

Кантрольныя лічбы гл. лічба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сту́дыя, ‑і, ж.

1. Майстэрня мастака або скульптара.

2. Школа для падрыхтоўкі мастакоў, скульптараў, артыстаў, дзе вучэбныя заняткі спалучаюцца з творчай практыкай. Студыя выяўленчага мастацтва. Оперная студыя. □ [Пісьмы Саковіча] памаглі мне прайсці ўвесь нялёгкі шлях вучобы ў студыі і закончыць яе на выдатна. Рамановіч. // Творчы калектыў артыстаў, мастакоў пэўнага мастацкага напрамку.

3. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, з якога вядуцца радыё- і тэлеперадачы або ў якім праводзяцца здымкі кінафільмаў. Студыя дакументальных фільмаў. □ У цэнтры так званай малой студыі, дзе размешчана розная апаратура, ёсць невялікая пляцоўка, адкуль выступаюць дыктары. «Маладосць».

[Іт. studio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, якія ствараюцца для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбнасцей грамадства. Дасягненні навукі і тэхнікі. Развіццё тэхнікі ў перыяд навукова-тэхнічнага прагрэсу.

2. зб. Машыны, механізмы, прыборы, апаратура, прылады той ці іншай галіны вытворчасці. Будаўнічая тэхніка. Сельскагаспадарчая тэхніка. □ Як толькі пачала вызваляцца з-пад снегу глеба, выйшла ў поле тэхніка. «Звязда». // Сукупнасць зброі, сродкаў радыёлакацыі і пад., што маюцца на ўзбраенні арміі. Ракетная тэхніка. // Сродкі невытворчага прызначэння, якія абслугоўваюць бытавыя, камунальныя, навукова-даследчыя, медыцынскія, спартыўныя, культурныя і пад. патрэбы. Тэлеінфармацыйная тэхніка. Тэхніка спартыўных комплексаў.

3. Сукупнасць прыёмаў, навыкаў, якія прымяняюцца ў якой‑н. галіне дзейнасці або мастацтве. Жывапісная тэхніка. Тэхніка ігры на фартэпіяна.

•••

Тэхніка бяспекі — сістэма тэхнічных сродкаў і прыёмаў работы, якія ствараюць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Ядзерная тэхніка — галіна тэхнікі, якая ахоплівае выкарыстанне ядзернай энергіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчыт, ‑а, м.

1. Ручная ахоўная зброя старажытнай воіна ў выглядзе прамавугольніка, круга, эліпса з дрэва, металу і пад., якая служыла для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Ішла дружына на дружыну, схаваўшы грудзі за шчыты. А. Вольскі. // Выпукласць, упрыгожанне на чым‑н., якое сваім выглядам нагадвае такі прадмет. У цэнтры гравюры на геральдычных шчытах намаляваны ўмоўныя знакі, значэнне якіх не расшыфравана дагэтуль. «Помнікі». // перан. Пра каго‑, што‑н., што з’яўляецца аховай, служыць для аховы. Армія наша — гордасць краіны, Сіла надзейная, шчыт. Колас. Радзіма прышэльцаў карала, Няроўны прымаючы бой, І шчыт непрабойны Урала Высока нясла над сабой. Гаўрусёў. // перан. Пра тое, што прыкрывае, хавае што‑н. сапраўднае. — Зноў канспірацыя... — незадаволена прабурчаў Рогаў. — Шчыт для баязліўцаў. Новікаў. // перан. Тое, што аддзяляе каго‑н. ад каго‑, чаго‑н., робіць чужым і пад. Але словы былі сказаны, і яны сталі шчытом паміж мною і ўсімі, хто быў у палаце... Савіцкі.

2. Прыстасаванне ў выглядзе металічнага ліста, збітых дошак і пад. для засцярогі ад чаго‑н. Нясе На паварот круты Дарога счэп вагонаў. Тут [на Запалярнай чыгунцы] супрацьснежныя шчыты — Як войска ў абароне. Калачынскі. Так не праходзіць дня без страты новай, Шчыт кулямёта ў драпінах увесь. Зарыцкі. [Старшыня:] — Добра яшчэ, што своечасова агледзеліся і перагарадзілі ім [сухавеям] дарогу шчытамі. Паслядовіч. // Вялікі прамавугольны ліст, збіты, сплецены з якога‑н. матэрыялу, які служыць для насцілу, апалубкі і пад. — Назаўтра прыйдуць [рабочыя], а на аб’екце няма ніводнага апалубачнага шчыта, не рассартавана арматура, не падрыхтаваны цвікі, «схапіўся» бетон да пачатку змены. Грахоўскі. // Гатовая частка сцяны, перакрыцця, перагародкі і пад., якая выкарыстоўваецца ў будаўніцтве зборных збудаванняў. Шчыты збор нага дома. □ Побач з імі [школай і клубам] — адзіная драўляная будыніна са шчытоў — маладзёжны інтэрнат. Беразняк. // У баскетболе — высока паднятая шырокая дошка на краі баскетбольнага поля, да якой прымацаваны жалезны круг. // У гідратэхніцы — затвор для закрыцця адтулін гідразбудаванняў. // Спец. Прыстасаванне, якое захоўвае ад абвалаў пры праходжанні тунеля, а таксама для выканання работ пры праходцы тунеля. Мантаж шчыта метро.

3. Франтон двухскатнага даху. Міхей... Што Міхею. У яго хата крыта гонтай, з фігурным шчытом, з зялёнымі аканіцамі. Ермаловіч. Без шчыта яна [хата], наўкруг накрытая саломай, зялёнай ад моху, нізка насунутай на малыя прыплюшчаныя вокны. Брыль. // Верх, макаўка чаго‑н. (звычайна дрэва і пад.). І голас вашай [камсамольскай] песні звонкай Лавіў прастор нябёс, зямлі, І ціш балот, і шчыт сасонкі. Колас.

4. Вертыкальна ўстаноўленая дошка або ліст, на які змяшчаецца што‑н. для паказу, агляду і пад. Абапал алеі, па якой яны [рабочыя] ішлі ў людскім патоку, стаялі чырвоныя шчыты з лозунгамі, дыяграмамі, з партрэтамі перадавікоў. Карпаў. Каля шчыта, дзе звычайна прыклейвалі аб’явы, стаяў майстар Будзішэўскі і нешта чытаў. Даніленка. // Спец. Вялікая мішэнь для стральбы артылерыі на моры. // Спец. Сукупнасць разнастайных прыбораў, сігнальных апаратаў, кнопак кіравання і пад., змешчаных на адной панелі, дошцы, пульце. Размеркавальны шчыт. □ Лёнька перавёў рычажок — на пярэднім шчыце загарэлася кантрольная лямпачка. Гамолка. Электронная апаратура .. пастаянна паказвае сваю дзейнасць праз дзесяткі ўстаноўленых на вялікім шчыце прыбораў. «Беларусь».

5. У геалогіі — найбольш старая частка сушы, для якой уласцівы выхад на паверхню зямлі старажытных складкавых крышталічных народ.

6. У біялогіі — цвёрдае ўтварэнне ў розных жывёл для аховы іх мяккіх тканак.

7. Экватарыяльнае сузор’е, у якім знаходзіцца адно з найярчэйшых месц Млечнага шляху. Хлопцы селі, памаўчалі, Паглядаючы ў блакіт: Мо’ яшчэ раз вывучалі Таямнічы зорны шчыт? Кірэенка.

•••

Са шчытом — з перамогай, з поспехам (вяртацца, прыходзіць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)