скі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.

1. Кінуць уніз адкуль‑н., з чаго‑н.; вымусіць упасці з чаго‑н. Скінуць вазон з акна. □ Уначы атраду Яўгена Харошкі партызанскія самалёты скінулі, як ніколі да гэтага, вялікі груз. Кавалёў. Конь скінуў цівуна ў глыбокую канаву. Бядуля. [Дзед:] — Дзеткі, Юрась зараз агуркі палье, а вы схадзіце скіньце з вышак карове сена... Караткевіч. Алеся скінула чамадан з пляча, даволі моцна грукнуўшы ім аб зямлю. Шамякін. // Высадзіць каго‑н. з самалёта ў час палёту. Скінуць дэсант. / Пра поезд, эшалон і пад. [Кардаш:] — Я выбух чуў, грымнула, аж шыбы задрыжалі. Так і падумаў — зноў цягнік скінулі. Навуменка.

2. З боем адцясніць, выбіць з занятай пазіцыі. І пайшлі палкі на горад .. — Скінуць ворагаў у мора. Зарыцкі.

3. Звергнуць, пазбавіць улады; вызваліцца ад чыйго‑н. панавання. Аднойчы лютаўскай раніцай жыхароў нашага горада ўскалыхнула навіна: скінулі цара. Хомчанка. / у перан. ужыв. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. А. Александровіч. // Разм. Зняць з пасады, звольніць. Скінуць з загадчыка. □ [Оля:] — Як не пабудуеш клуба, скінем цябе са старшыні! Пестрак.

4. Зняць з сябе (вопратку, абутак і пад.). Дзімін ахвотна скінуў з сябе кашулю, саколку і, фыркаючы, пачаў умывацца. Карпаў. Падышлі да балотца, паклалі насілкі на зямлю, таму што Зіне і Святлане трэба было скінуць абутак. Кулакоўскі. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Скрыпнуў ложак. Аляксандра Пятроўна скінула з сябе коўдру, паднялася. Каршукоў. // Зняць рыўком што‑н. з чаго‑н. [Крушынскі] скінуў з кніжак упаковачную жоўтую паперу. Бядуля. [Грасыльда] выцягнула з прабоя сук, патрымала ў руках, пасля сунула яго недзе пад страху. Тады скінула клямку — тая глуха бразнула аб дошкі — і адхінула дзверы. Пташнікаў. // Страціць, пазбавіцца чаго‑н. у час лінькі, лістападу (пра жывёл, расліны). Скінуў лось рогі... Густыя кручаныя рогі мякка ўпалі ў траву. Блатун. Асыплюцца жалуды, скінуць дубы сваё лісце, а на галінках дзічкі вісяць невялікія жоўтыя яблычкі. Бяспалы. // перан. Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Па ўсмешцы ягонай бачу, што адказаў бы, ахвотна скінуў бы сваю службовую сур’ёзнасць. Брыль. Апошнія чары салодкага сну скінуў з сябе Петрык. Шынклер. Калі кончыўся лес, пайшлі кусты і наперадзе зачарнелася хата, Надзя нібы ачнулася, скінула з сябе стому. Бураўкін.

5. Разм. Збавіць, зменшыць на якую‑н. колькасць, велічыню. [Аляксей:] — Асудзілі на дваццаць гадоў. Апеляцыя два гады скінула. Машара. [Алесь:] — А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску .. Таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні! Караткевіч. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас.

6. Разм. Скласці, сабраць у адно месца. Скінуць галлё ў кучы.

7. Разм. Пры падліку на лічыльніках — зняць нейкую суму, адсунуўшы костачкі назад.

8. Абл. Зваліць, зняць (пра дрэва, будыніну). Сасну Завішнюк выбраў сам. Андрэй з Юркам Далінай скінулі яе з пня. Пташнікаў. [Антон Крамарэвіч:] — Калі пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скіну з месца. Чорны. // Зваліць (пра хваробу). Рукалеева скінуў тыф... Тыф быў у атрадзе ў лагеры і ў вёсцы. Пташнікаў.

9. Разм. Дачасна пазбавіцца ад цяжарнасці па якой‑н. прычыне. Марыя раптам захварэла, злягла ў пасцель. Грушка запрасіў гінеколага, і жанчына-ўрач пасля агледзін сказала Грушку на адзіноце, што Марыя — скінула... Пестрак.

10. У гідратэхніцы — адвесці ваду з якога‑н. вадаёма. Скінуць ваду з Салігорскага вадасховішча ў Случ.

11. Зрабіць скідку (у 4 знач.). [Руфка:] — Скінуць след убок і зайцу не ўсякаму ўдаецца. Машара.

12. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Скінуць па рублю.

13. У картачнай гульні — пакласці меншую карту ў адказ на карту партнёра.

•••

Скінуць газ — тое, што і збавіць газ (гл. збавіць ​1).

Скінуць з рахунку — перастаць прымаць да ўвагі.

Скінуць маску — тое, што і зняць маску (гл. зняць).

Скінуць цяжар — вызваліцца ад чаго‑н. цяжкага, што выклікае шмат клопатаў.

Як вокам скінуць — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ла, ‑ы, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Якімовіч. [Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Шамякін. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Колас. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы. Самуйлёнак. Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы. Ставер. Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў. Гурло. // Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч. // Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. □ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу. Скрыган. // Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! Звонак. Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы. Лынькоў. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Карпаў.

3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. □ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена! Гамолка. Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла. Танк.

4. Прававая дзейнасць; правамоцтва. Сіла закону. // Фінансавая дзейнасць (каштоўных папер, грошай). Пакупная сіла рубля.

5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. □ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла. Купала. [Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу. Колас. // Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. □ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла. Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду. Самуйлёнак. // Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. □ Здавён, аднак, у сілу слова веру! Лойка. Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы. «Полымя». // Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны. Танк. Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла. Смагаровіч.

6. Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла. Кулакоўскі. А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад. Колас.

7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. □ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю. Колас. Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная. Кудраўцаў. // Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. □ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным. «Маладосць». [Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча. Крапіва. Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Колас. Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог. Скрыган.

8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды. Шамякін. Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату. Данілевіч.

9. часцей мн. (сі́лы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. □ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу. Баранавых.

10. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. □ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас. Івашын. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

11. часцей мн. (сі́лы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. □ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу. Лынькоў. На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл. Алешка. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Чорны.

12. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. □ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы. Дуброўскі.

13. у знач. прысл. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. □ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі. «Полымя».

14. каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася... Грахоўскі. [Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць. Сабаленка.

•••

Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.

Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).

З пазіцыі сілы гл. пазіцыя.

Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.

Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.

Рабочая сіла — здольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.

Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць. Лынькоў.

Брацца (убірацца) у сілу гл. брацца.

Выбіцца з сіл гл. выбіцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сілы гл. высмактаць.

З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз. Колас.

З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму; (не) пад сілу каму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка. Вышынскі. Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры. Лужанін.

Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць. Крапіва.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.

Не шкадуючы сіл гл. шкадуючы.

Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.

Па меры сіл гл. мера.

Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.

Увайсці (увабрацца) у сілу гл. увайсці.

У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады. Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе. Гілевіч.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.

Уступіць у сілу гл. уступіць.

Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.

Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.

Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)