прывалі́ць¹, -алю́, -а́ліш, -а́ліць; -а́лены; зак.

1. каго-што. Прыперці, прыхіліць да чаго-н. або прыціснуць зверху чым-н.

П. камень да сцяны.

2. Прыстаць да берага, да прыстані (спец.).

Параход прываліў да прыстані.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. З’явіцца, прыйсці (разм.).

Шчасце прываліла ў хату.

Прываліла многа народу. незак. прыва́льваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. прыва́льванне, -я, н. (да 1 знач.) і прыва́л, -у, м. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цвік, ‑а, м.

1. Металічны або драўляны стрыжань з вастрыём на канцы, прызначаны для змацавання чаго‑н. Рупная рука прыбівала цвікамі адарваную дошку. Бядуля. Вось Глеб махнуў рукою, нібы даў сігнал, і Данік пачаў заганяць цвік. Дуброўскі. // Калочак для вешання чаго‑н. Андрэй вярнуўся, павесіў на цвік шапку і сеў. Чарнышэвіч.

2. перан.; чаго. Разм. Галоўнае, значнае ў чым‑н. Слон — Галоўная персона, Слон — Заўсёды цвік сезона. Барадулін. Без выступлення Алены Мінаўны мы не маглі вярнуцца ў рэдакцыю. Яно было запланавана як асноўны цвік у перадачы, прысвечанай ходу жніва. Грахоўскі.

•••

Цвіком сядзець; сядзець як цвік гл. сядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.

1. Параўняцца з кім‑, чым‑н., што рухаецца наперадзе; нагнаць. Раман пусціўся шпарчэй, думаў, можа дагоніць на Лавацкім полі Раіну. Пташнікаў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Каля пушчы, каля броду Нас дагнала непагода. Танк. // перан. Параўняцца ў поспехах, росце і пад. з тым, хто апярэджваў. Прыйшоў у школу Піліпка, калі складанне простых дробаў канчалі ўжо, і нічога, дагнаў. Навуменка. Хаця выпрацоўка.. [Васіля] і павялічылася, Алены ён усё-такі не дагнаў. Чарнышэвіч.

2. Прыгнаць куды‑н., у якое‑н. месца. Дагнаць кароў да лесу. Дагнаць машыну да горада. // перан. Разм. Давесці да якіх‑н. паказчыкаў. Дагнаць выпрацоўку да 150 працэнтаў.

3. Падагнаць, наладзіць як трэба. Каса чыя нядобра косіць — Няхай Антося ён папросіць: Антось наладзіць — так дагоніць, Тады пабач, як загамоніць. Колас.

4. Давесці што‑н. распачатае да канца або да пэўнай мяжы. Дагнаць баразну да канца. Дагнаць цвік да сярэдзіны. □ Цімох дагнаў пракос да карчоў, вярнуўся назад. Капыловіч. // Закончыць перагонку якіх‑н. вадкасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.

1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.

2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.

3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.

4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.

5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.

6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і падымуся, падымешся, паднімецца; пр. падняўся, ‑нялася, ‑нялося; заг. падніміся і падыміся; зак.

1. Перамясціцца куды‑н. уверх; узысці. [Хмара] моўчкі вылез з машыны, моўчкі падняўся на ліфце і прайшоў у свой нумар. Васілевіч. Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку. Бяганская. // Праплыць нейкую адлегласць супраць цячэння. Падняцца ўверх па Дняпры.

2. Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. Дзіцячая рука сутаргава паднялася і.. кранулася рудой шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Кіра падбегла да.. [Арыны], абвіла шыю рукамі, паднялася на пальчыкі і пацалавала ў шчаку. Карпаў. // Перамясціцца ўверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Шлагбаум падняўся. □ Зноў паднялася заслона, зноў, затаіўшы дух, усе сачылі за тым, што тварылася перад імі. Пальчэўскі. // перан. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча. Падняцца па службовай лесвіцы.

3. З’явіцца над гарызонтам, узысці. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка. Над полем падняўся вялікі чырвоны месяц. Грахоўскі. // Узвышша над чым‑н., стаць відным на фоне чаго‑н. Раптам над мураванай агароджай, якой абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы. Гарбук. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). За рэчкаю, у лузе, падняўся туман. Шамякін. Над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Чорны.

4. Устаць на ногі. Рыгор падняўся і стаў у акне вагона. Гартны. Грузны шасцідзесяцігадовы генерал падняўся з дарагога скуранога крэсла і, цяжка адсопваючыся, прайшоўся па кабінеце. Якімовіч. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Зранку.. [Волька] старалася раней падняцца, з апаскаю глядзела на яго пасцель і скоранька адзявалася, пакуль .. [Уладзімір] не прачнуўся. Скрыган. // перан. Разм. Паправіўшыся пасля хваробы, пачаць хадзіць, рухацца. Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Цяпер ён мог, Хоць і трымаючыся за сцяну, З смалярні выйсці. Танк.

5. Устаўшы, рушыць з месца. Ваня радасна падняўся насустрач [гаспадару], нібы забыўшыся на сціпласць, працягнуў рукі. Кулакоўскі. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. // Узляцець. З трывожным крыкам паднялася з куп’я чародка маладых цыранак. Бажко. // перан. Перайсці да якіх‑н. актыўных дзеянняў. [Талаш:] — Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Колас. [Іван Маеўскі:] — Увесь народ падняўся на супастата. Шамякін.

6. Пачацца, узнікнуць. Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман. Колас. У стане ворагаў паднялася паніка. Гурскі. Узышло сонца.., адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей. Шамякін.

7. Павялічыцца ў росце, дасягнуць вышэйшага ўзроўню. — Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялічкі хвойнічак. Лужанін. Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы. Навуменка. // Павялічыцца ў аб’ёме; успучыцца, стаць рыхлым. Шчака ў Алены, як гарбуз, паднялася, а вачэй у Ганны зусім не відаць, пазапухалі. Ермаловіч. На правым баку календара заставаліся лічаныя лісточкі, а левы бок яго разбух, падняўся, як цеста на добрых дражджах. Арабей. // Стаць большым за існуючую або сярэднюю норму. Цэны падняліся. □ Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература, і медсястра мусіла даваць ёй уколы. Карпюк. // перан. Вырасці, стаць дарослым. Як падрос, падняўся Янка, Як ганяць стаў ў поле стада, — На жалейцы граў дзень цэлы, А зязюлька кукавала. Купала. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Мы за год памацнелі, Да новых Падняліся вышынь у жыцці. Калачынскі. [Сцяпан:] — Яна, брат, у нас паднялася. Звеннявая. Ракітны.

8. Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. раней запушчанае, заняпалае). Гаспадарка паднялася. Дысцыпліна паднялася. // перан. Стаць больш бадзёрым (пра настрой).

•••

Падняцца (узняцца) на ногі — а) устаць з месца; б) пачаць хадзіць пасля хваробы. Нарэшце, [Рауберман] паправіўся, падняўся на ногі і паехаў да свайго грознага генерала. М. Ткачоў; в) стаць дарослым, самастойным.

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)