дагнаць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.

1. Параўняцца з кім‑, чым‑н., што рухаецца наперадзе; нагнаць. Раман пусціўся шпарчэй, думаў, можа дагоніць на Лавацкім полі Раіну. Пташнікаў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Каля пушчы, каля броду Нас дагнала непагода. Танк. // перан. Параўняцца ў поспехах, росце і пад. з тым, хто апярэджваў. Прыйшоў у школу Піліпка, калі складанне простых дробаў канчалі ўжо, і нічога, дагнаў. Навуменка. Хаця выпрацоўка.. [Васіля] і павялічылася, Алены ён усё-такі не дагнаў. Чарнышэвіч.

2. Прыгнаць куды‑н., у якое‑н. месца. Дагнаць кароў да лесу. Дагнаць машыну да горада. // перан. Разм. Давесці да якіх‑н. паказчыкаў. Дагнаць выпрацоўку да 150 працэнтаў.

3. Падагнаць, наладзіць як трэба. Каса чыя нядобра косіць — Няхай Антося ён папросіць: Антось наладзіць — так дагоніць, Тады пабач, як загамоніць. Колас.

4. Давесці што‑н. распачатае да канца або да пэўнай мяжы. Дагнаць баразну да канца. Дагнаць цвік да сярэдзіны. ▪ Цімох дагнаў пракос да карчоў, вярнуўся назад. Капыловіч. // Закончыць перагонку якіх‑н. вадкасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)