жва́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны жыццёвых сіл; бадзёры, рухавы; проціл. вялы. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Зіна была ўся ў бацьку: жвавая, гаваркая, знаходлівая, у грамадскім жыцці актыўная, у сяброўстве — чулая, спагадлівая. Кавалёў. // Ажыўлены, выразны, жыццярадасны (пра вочы, твар). Энергічным і жвавым рабіўся твар старшыні. Якімовіч. [Ніканор] пастарэў.. Толькі вочы — маладыя і жвавыя. Бядуля. // Рэзвы, вясёлы, гуллівы. Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, Кружыўся з белым кветак пылам. Купала. На процілеглай ад ложка сцяне скакаў жвавы зайчык, як бы дражнячыся з намі. Сабаленка.
2. Бойкі, ажыўлены, шумны (пра гаворку). Завязалася жвавая, перасыпаная жартамі і смехам размова. Краўчанка.
3. Поўны руху, ажыўлення, дзейнасці. У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. — Усё-такі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ. // Хуткі па тэмпу, шпаркі. Жвавыя рухі. □ Жвавым не па гадах подбегам Клім кінуўся да плота. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сацыялісты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сацыялізма (у 1 знач.). Сацыялістычная вытворчасць. Сацыялістычная сістэма. Краіны сацыялістычнай садружнасці. □ Раніцаю з’езд абраў Савецкі ўрад на чале з Леніным. Так пачалася новая, сацыялістычная эра ў гісторыі чалавецтва. Гурскі. // Заснаваны на прынцыпах сацыялізма (у 1, 2 знач.). Сацыялістычны лад. Сацыялістычная дзяржава. □ Сацыялістычнае грамадства стварае найбольш спрыяльныя ўмовы для збліжэння дыялектаў і растварэння іх у агульнанароднай мове. «Працы».
2. Уласцівы грамадству, заснаванаму на прынцыпах сацыялізма. Сацыялістычная індустрыялізацыя. Сацыялістычная эканоміка. Сацыялістычная законнасць. Сацыялістычнае будаўніцтва. □ [Максім:] — Нашу поўную перамогу забяспечыць нам грамадская свядомасць, дысцыплінаванасць і наша актыўная праца на фронце сацыялістычнай гаспадаркі. Колас. // Які мае мэтай пераўтварэнне грамадства на прынцыпах сацыялізма (у 2 знач.). Буржуазія.. з’яўляецца такой жа неабходнай папярэдняй умовай сацыялістычнай рэвалюцыі, як і сам пралетарыят. Энгельс.
3. Які адпавядае прынцыпам сацыялізма (у 1, 2 знач.), прасякнуты ідэямі сацыялізма. Сацыялістычныя адносіны да працы. Сацыялістычны гуманізм. Сацыялістычная мараль.
4. Які мае адносіны да сацыял-дэмакратыі.
•••
Герой Сацыялістычнай Працы гл. герой.
Савецкая сацыялістычная рэспубліка гл. рэспубліка.
Сацыялістычнае спаборніцтва гл. спаборніцтва.
Сацыялістычная ўласнасць гл. уласнасць.
Сацыялістычны рэалізм гл. рэалізм.
Сацыялістычны ўклад жыцця гл. уклад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
барацьба́, ‑ы, ж.
1. Адзінаборства дваіх, кожны з якіх імкнецца здужаць праціўніка. Барацьба асілкаў. // Від спорту, сілавое змаганне паводле пэўных правіл, пры якім удзельнікі імкнуцца пакласці адзін другога на лапаткі. Класічная барацьба. // Каманднае або асабістае спартыўнае спаборніцтва. Адразу ж.. у барацьбу ўступаюць веласіпедысткі на гоначных машынах. «Звязда». Шахматная барацьба грунтуецца на суровай, вельмі паслядоўнай логіцы. «Маладосць».
2. Змаганне супрацьлеглых класавых, грамадскіх, ідэйных сіл, у якім кожны з бакоў імкнецца атрымаць перамогу. Класавая барацьба. Нацыянальна-вызваленчая барацьба. □ Праблемы ідэалагічнай барацьбы ўсё больш выходзяць на першы план, а праўда аб сацыялізме — магутная зброя ў гэтай барацьбе. Брэжнеў. Налібоцкая пушча.. ператварылася ў адно з вогнішчаў усенароднай партызанскай барацьбы. Брыль. Не на жыццё, а на смерць вялася ў гэтай вайне барацьба паміж сацыялізмам, які з’яўляецца будучыняй усяго чалавецтва, і фашызмам. «Звязда».
3. за што. Актыўная дзейнасць, накіраваная на дасягненне пэўнай мэты. Барацьба за мір. Барацьба за пабудову камунізма. Барацьба за павышэнне прадукцыйнасці працы. Барацьба за датэрміновае выкананне плана. Барацьба за ўраджай. Барацьба за існаванне. // з чым. Дзейнасць на пераадоленне чаго‑н. Барацьба са стыхіяй. Барацьба з безгаспадарчасцю. Барацьба з пустазеллем. Барацьба з перажыткамі мінулага.
4. перан. Сутычка процілеглых, супярэчлівых пачуццяў, імкненняў і ўнутраныя намаганні аддаць перавагу чаму‑н. аднаму з іх. У мяне, у глыбіні пачуццяў, ішла нейкая добра нявызначаная мною барацьба. Нікановіч.
•••
Вольная барацьба — від спартыўнай барацьбы, якая адрозніваецца сваімі правіламі ад класічнай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свядо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Якому ўласціва свядомасць (у 2 знач.). Чалавек — істота свядомая.
2. Звязаны з развіццём свядомасці (у 2 знач.); разумны, асэнсаваны. Вялікі Кастрычнік узняў шырокія працоўныя масы да свядомага палітычнага жыцця, да будаўніцтва новай, сацыялістычнай культуры. Хведаровіч. Усё сваё свядомае жыццё, звыш 50 год, таварыш Калінін прысвяціў рэвалюцыйнай барацьбе за інтарэсы рабочых і сялян. «Беларусь». [Яругін], семнаццацігадовы чалавек, можа, першы раз у свядомым жыцці сваім нароўні з дарослымі дзяліў такую бяду, і адчуванне гэтай роўнасць з іншымі абвастрала суровую рэальнасць навакольнага свету. Карамазаў. // Які прытрымліваецца сістэмы пэўных поглядаў. Свядомы матэрыяліст. Свядомы марксіст. □ Скарына з’явіўся свядомым выразнікам сацыяльна-палітычных імкненняў перадавых слаёў беларускага народа да яднання з брацкімі народамі Расіі і Украіны. Алексютовіч.
3. Здольны мысліць і разважаць; перакананы ў правільнасці сваіх поглядаў, дзеянняў. Свядомы рабочы не толькі выканае, але і перавыканае гэтую норму. Лынькоў. [Чарнавус:] Я цешыўся, як.. [дачка] расла, разумнела, станавілася свядомым чалавекам. Крапіва. Былі і такія [настаўнікі], што ўсё асмейвалі, на ўсё пазіралі звысоку і, прачытаўшы Дрэпера або Бокля, лічылі сябе ў высокай меры свядомымі і начытанымі. Колас. // Які вызначаецца свядомасцю, звязаны са свядомасцю. Свядомая дысцыпліна. □ Нішто так не ўзвышае асобу, як актыўная жыццёвая пазіцыя, свядомыя адносіны да грамадскага абавязку. «Звязда».
4. Які дзейнічае, наступае наўмысна, знарок. [Кісель:] — Нібы мы наўмысля так зрабілі, нібы мы свядомыя неахайнікі? Паслядовіч. // Зроблены з пэўным намерам, наўмысна. Гэта [выказванне Галынскага] было ўжо зусім свядомым выпадам супраць Пілацеева. Галавач. Месцамі аўтар «Хронікі Быхаўца» зрабіў свядомую перагрупоўку матэрыялу. Чамярыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)