Махра́тка ’дробная, але ўрадлівая бульба (гатунак)’ (Жд. 1). Утворана ад махра́ты ’з вялікай колькасцю тонкіх карэньчыкаў, на якіх шмат дробнай бульбы’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’аздоблены махрамі’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Да махры́ (гл.). Параўн. таксама махрачы́.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
свято́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць святочнага. Паліна ўсё заставалася яшчэ ў настроі той прыўзнятай святочнасці, якую перажывае чалавек у такі дзень. Кавалёў. // Святочны выгляд. [Вітрыны] звычайна аздоблены з любоўю, з добрым густам, і іх прыгожы выгляд надае пражскім вуліцам нейкую святочнасць. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узо́рысты, ‑ая, ‑ае.
Аздоблены ўзорамі, з узорамі. Дом быў невялікі, .. з блакітнымі аканіцамі, з узорыстымі ліштвамі. Шахавец. На хвілінку [Мікола] спыніўся, глянуў на каляіну, выціснутую на абочыне ўзорыстымі шынамі матацыкла. Б. Стральцоў. Вокны былі завешаны доўгімі, аж да падлогі, узорыстымі фіранкамі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мініяцю́ра, ‑ы, ж.
1. Невялікі рысунак або размаляваная закладка ў старадаўнім рукапісе, кнізе. Рукапіс з мініяцюрамі.
2. Невялікая карціна або партрэт вельмі тонкай работы, старанна аздоблены.
3. Мастацкі твор малой формы. У першай кнізе Ю. Свіркі пераважалі мініяцюры-замалёўкі прыроды з ухілам да філасофскага асэнсавання вобразаў. Лойка.
•••
У мініяцюры — у зменшаным памеры.
[Іт. miniatura, ад лац. minium — кінавар, сурык.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перламу́травы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да перламутру, складаецца з перламутру. Перламутравы слой. // перан. Які нагадвае чым‑н. перламутр. Перламутравы бляск. □ [Хмары] як бы ўзняліся, у іх з’явіліся перламутравыя прамыіны-прасветліны, і навокал паяснела. Карпаў.
2. Зроблены з перламутру; аздоблены перламутрам. Перламутравыя гузікі. Перламутравыя клавішы акардэона. □ З рукавоў пінжака высунуліся белыя шырокія манжэты з перламутравымі запінкамі. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Верч, ве́рчик ’скрутак вычасанага льну ці канапель’ (Уладз.), верч ’скрутак лыка’ (Шат.), мсцісл. ’лазовы скрутак, запечаны ў цесце’ (Рам., 8); ’скрутак’ (Жд., 2, Мат. Гом.), верч, верчык ’скрутак лазы, дроту, кабелю і г. д.’ (КТС, Шатал.); ’пшанічны хлеб, па-асобаму выпечаны і аздоблены, каравай’, верчык ’баранак’ (Растарг.). Укр. ве́рчик ’скрутак чаго-небудзь, ’плецены баранак’, іншыя паралелі адрозніваюцца семантычна; параўн. с.-рус. верчь, верча ’від прадзення, калі прадуць не верацяном, а закручваюць ніткі рукамі’, дан. верьч ’скручаныя адходы льну’, серб. вр̏ч ’гліняны збан, кухаль’. Узыходзіць да vьrt‑jь < vьrteti (Рудніцкі, 367).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лічкава́ты ’прыгожы’ (браг., Мат. Гом.). Утворана ад дзеяслова ⁺лічкаваць < лі́чка < ліцо, параўн. ст.-бел. личко ’тварык’ (XVI ст.), а таксама личковати ’памячаць, пазначаць украдзенае, апазнаную рэч’ (1541 г.) і рус. кур. личковать ’класці наверх лепшыя ўзоры тавару, вырабаў’, уладз., ніжнегар. ли́чка ’шліфаванне, паліраванне вырабаў’, дан. личко́вка ’бялілы для твару’, кур. личку́н ’багамаз, які малюе толькі твар і рукі’, укр. личкувати ’маскіраваць’, ’выгладжваць паверхню каменя ў млыне’, ’падбіраць рэчы лепшую да лепшай’, личко́ваний ’аздоблены з выгляду’, ’шліфаваны’. Усе да прасл. ličiti ’быць прыметным’, ’фарміраваць, утвараць’ (Слаўскі, 4, 247; Махэк₂, 331, Трубачоў, Эт. сл., 15, 81–82).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
чака́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чаканні (у 1, 2 знач.), прызначаецца для чаканні (у 1 знач.). Чаканная работа.
2. Выраблены шляхам чаканні (у 1 знач.); аздоблены чаканкай. Ды застываюць пальцы на эфесе З чаканнага крутога серабра... Блатун. Індыйская сялянка нясе ваду з калодзежа .. у спецыяльнай меднай пасудзіне, багата ўпрыгожанай чаканным узорам. «ЛіМ».
3. перан. Ясны, выразны, дакладны. Чаканны крок. □ Здавалася, што той, хто быў з гэтай кнігай у агні, гутарыць са мной яе чаканнымі вершамі. Гарбук. Чытаючы гэтыя ямбы, успамінаеш чаканны радок пушкінскага «Яўгенія Анегіна». Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)