скарчане́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які азябнуў ад холаду; замерзлы. [Дзед] датыкаўся да шпалы скарчанелымі пальцамі, як граблямі. Пестрак.

2. Адубелы, застылы (пра труп). Калі ўзышло сонца,.. [Пацейчык] быў ужо скарчанелы, і мухі пачалі роіцца над яго страшным тварам. Чорны. // Адубелы; засохлы, закарэлы (пра рэчы). У курнай хаце мужык Падымаецца, .. Цягне лапці з палка Скарчанелыя. Купала. Цімох сядзеў на прыпеку. Выцягнуў з пячуркі скарчанелыя анучы, мяў іх і расціраў. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акачане́лы, ‑ая, ‑ае.

Які астыў, змёрз на холадзе; адубелы. Рыбакі часамі прыплывалі сюды на вастраносых чаўнах і, расклаўшы агонь, адагравалі над ім акачанелыя ад вады рукі. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апруцяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Застылы, скарчанелы (пра труп, часткі мёртвага цела). Ляжаў .. [Амелька] апруцянелы, з раскінутымі рукамі, пасінелы, агідны, як і ўсё яго жыццё. Сабаленка.

2. Які страціў адчувальнасць; анямелы, адубелы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

оцепене́вший прил.

1. здранцве́лы, аняме́лы, сшэ́рхлы;

2. змярцве́лы, аняме́лы;

3. адубе́лы; см. оцепене́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

окочене́лый

1. адубе́лы, скарчане́лы, скале́лы;

2. скарчане́лы;

3. змярцве́лы, заняме́лы, зняме́лы; см. окочене́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

оцепене́лый

1. (затёкший) здранцве́лы, аняме́лы, сшэ́рхлы;

2. (от ужаса) змярцве́лы, аняме́лы;

3. (от холода) адубе́лы;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

акасцяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў цвёрдым як косць, ператварыўся ў косць.

2. Адубелы, застылы (пра труп). Аднаго ранку Збігнеў знайшоў сябра ў гушчары нежывога.. Там Дамарацкі і прыкрыў яго, акасцянелага, галлём. Карпюк. // Які страціў гнуткасць, адчувальнасць.

3. перан. Які застыў у пэўных формах, перастаў развівацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пакрыўся лёдам, ператварыўся ў лёд. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі. Дуброўскі. Зледзянелая, выслізганая палазамі дарога была перамецена толькі ў некалькіх месцах. М. Стральцоў.

2. Халодны, як лёд; адубелы. Зледзянелыя рукі. □ Слёзы цяклі па твары, мяшаліся са снегам, здаваліся гарачымі на зледзянелых ад холаду шчоках. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ледзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лёду; які складаецца з лёду. Усё — зямля, дрэвы, стрэхі — пакрылася звонкай ледзяной коркай. Шамякін. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Ледзяныя вяршыні гор. □ Па ледзяных горках коўзаюцца дзеці. Мурашка.

2. Вельмі халодны; халодны як лёд. Дзе-нідзе байцы з першага ж кроку правальваліся па пояс ў ледзяную ваду. Краўчанка. Здольнасць што-небудзь усведамляць вярнулася да Хвядоса ўжо на вуліцы, калі твар яго апякло ледзяным ветрам. Шашкоў. // Застылы, адубелы. Ледзяныя пальцы. Ледзяны твар.

3. перан. Пагардліва-халодны, знішчальны. Ледзяны позірк. // Халодна-раўнадушны, абыякавы. Ледзяныя вочы. Ледзяны выраз твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засты́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў густым, цвёрдым пры ахалоджванні. Застылы тлушч. □ Нажом з драўлянымі тронкамі цётка адрэзала танюсенькую скібачку хлеба, паклала на яе кавалачак застылага мёду. Нядзведскі.

2. Разм. Пакрыты лёдам, прымерзлы. Тонкі лёд на застылай лужыне праламаўся, разляцеўся мокрымі ільдзінкамі. Шыцік.

3. Разм. Змёрзлы, закарчанелы ад холаду. Раечка адчула прыемную цеплыню, нават застылыя ногі ўгрэліся. Лобан. Папіскваюць застылыя на марозе канаплянкі. Лупсякоў.

4. Халодны, адубелы, спруцянелы (пра труп). Цень кратаў кладзецца, нібы пляцёнка з лучын, на застылы .. труп старога селяніна. Бядуля.

5. Нерухомы, анямелы. Застылая ўсмешка. Застылы твар. □ Саша заплюшчыла вочы, сядзела ціхая, застылая. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)