даста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. што. Узяць што‑н. такое, што знаходзіцца на некаторай адлегласці. Калі Ігнась дастаў з палічкі жоўценькі сшытак, Люба запыталася: — Мабыць, малюнкі? Мурашка.

2. да чаго, чаго. Дацягнуцца, дакрануцца да чаго‑н. аддаленага. Дастаць рукой да бэлькі. □ Цені ад яблынь дасталі да хаты і павольна папаўзлі па сцяне ўверх. Шамякін. Стаіць дуб, аднагодак мой, І мне ўжо не дастаць рукой Пад воблакам яго вяршыні. Танк.

3. што. Выняць, выцягнуць што‑н. адкуль‑н., з чаго‑н.; здабыць. Дастаць сшытак з партфеля. □ Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку. Гартны. Слава першым буравым майстрам, якія дасталі з цёмных глыбінь першыя грамы калійнай солі! Паслядовіч.

4. што і чаго. Раздабыць, набыць, расстарацца. Дастаць важныя звесткі. □ Саша кожны дзень прасіла брата схадзіць да чырвонаармейцаў і дастаць газету. Шамякін. // Разм. Атрымаць, нажыць. Дастаць хваробы.

•••

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі — абавязкова раздабыць, адшукаць што‑н., дзе б яно ні было.

Зімой лёду (снегу) не дастаць у каго — пра дужа скупога чалавека.

Крукам (шастом) галавы (носа) не дастаць каму — пра вельмі ганарыстага чалавека.

Рукой дастаць — вельмі блізка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапта́цца, тапчуся, топчашся, топчацца; незак.

1. Пераступаць з нагі на нагу на адным месцы. На паляне Анісім доўга таптаўся на месцы, чуйна ўслухоўваўся, з якога боку дзьме вецер, — хаця б не пачуў дзік чалавека. Сачанка. // Хадзіць туды-сюды на невялікай прасторы. Яшчэ больш .. [Антон] угнуў плечы і бязмэтна пачаў таптацца каля драбін. Чорны. — Чаго ж мы будзем таптацца на ганку? — зноў парывіста загаманіў Шырокі. Колас.

2. Рабіць што‑н., не дасягаючы мэты. Часці тапталіся на месцы, наступленне, было відаць, пачынала зрывацца. Мележ. // Рабіць што‑н., завіхацца, але без значнага плёну. [Касарыцкая:] — Тут дзень пры дні круцішся, топчашся, падмятаеш, даглядаеш... Іншы раз і знаку ніякага няма, як ваду ў ступе таўчэш... Грамовіч.

3. Глуміць, ходзячы па чым‑н. [Мікалай Патапавіч:] — Чаму вось гэтая .. «Фіялка» стаіць і жолаб з голаду грызе, а побач аднагодак топчацца па сене? Кулакоўскі. // Разм. Ходзячы па чым‑н., наносіць бруд. [Санітарка:] — І ночы на цябе няма! Ідзі спаць, хлопча, і не тапчыся па чыстай падлозе, усё роўна не пушчу. Грахоўскі.

4. Зал. да таптаць.

•••

Таптацца на (адным) месцы — не развівацца, не рухацца наперад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тава́рыш ’друг, прыяцель, паплечнік, калега’, ’равеснік, аднагодак’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), това́рыш ’сябар’ (ТС), товарышо́к ’пры неафіцыйным звароце’ (Нар. Гом.), сюды ж карэляты ж. р. тава́рышка ’сяброўка, саўдзельніца’, ’спадарожніца’, ’равесніца, з якой таварышавала’ (Янк. 2), ’сяброўка, аднагодка’ (Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, Жд. 2), товары́шка ’тс’ (ТС), таварышава́ць ’сябраваць, дружыць’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі), таварышкава́ць ’тс’ (Сцяц.), товарышова́ць, товары́шыць ’тс’ (Нас., ТС), ст.-бел. товаришь ’прыяцель; супольнік’ (Альтбаўэр), товаришъ, това́рышъ, таваришъ, таварышъ, товарышка ’супольніца’, товаришити ’дружыць, быць у адной суполцы’ (Карскі 2–3, 277, 394). Укр. това́риш ’прыяцель, супольнік’, рус. това́рищ ’тс’, польск. towarzysz ’тс’, каш. towařëš, н.-луж. towariš ’тс’, в.-луж. towarš ’тс’, ст.-чэш. tovaryš, towařiš, чэш. tovaryš ’падмайстар’, ’супольнік’, славац. towariš, славен. towȃriš ’тс’. Адзінага меркавання адносна паходжання слова няма. Чарных (2, 247) выводзіць са стараж.-рус. товаръ (гл. тавар1) з, магчыма, старэйшым на ўсходнеславянскай глебе значэннем ’стан; вайсковы лагер’. Суфікс ‑išč‑ь замест *‑iš‑ь/*‑yš‑ь, які адзначаецца ў іншых славянскіх мовах і сярэднерускіх гаворках, можа, такім чынам, тлумачыцца ўплывам стараж.-рус. това́рище ’стан’ (паводле Сразнеўскага, найбольш ранняя фіксацыя пад 992 г.), паводле Карскага (2–3, 394), апошнія ў выніку спрашчэння. Часцей слав. *tovarišь або *tovoriščь лічыцца запазычаннем з цюркскіх моў, у якіх слова складаецца з дзвюх частак: тур., чагат. tavar ’маёмасць; скаціна; тавар’ і () ’сябар, таварыш’ (Фасмер, 4, 68; ЕСУМ, 5, 586; Борысь, 639).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

усу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Прасунуцца ўнутр чаго‑н. Дзверы нясмела адчыніліся, і ў пакой усунулася кепачка з пакамечаным брылём, а потым худы хлапечы твар. Арабей. Мала, зусім мала часу спатрэбілася Крукаву на тое, каб праз адчыненыя дзверцы ўсунуцца ў топку, паставіць на сваё месца каласнік. Васілёнак. // Улезці, паказацца ў чым‑н. Час ад часу ў вокны ўсунецца твар, як крэйда, збялелы, паглядзіць і расплывецца дзесьці ў цемені камеры. Нікановіч.

2. Разм. Уваліцца, праваліцца куды‑н. Бацька сказаў, нібы адгадаўшы маю думку: — Мабыць, усунуўся нехта ў багну.. І чорт яго пагнаў, не праведаўшы дарогі!.. Кулакоўскі. // Трапіць, папасці ў што‑н. А Якава збракавалі!.. Па вачах не падышоў і руку некалі зламаў. .. Мабыць, у машыну ўсунуўся, калі ў дэпо рабіў. Чарнышэвіч. Міша сігануў праз канаву, усунуўся адным ботам у глыбокую гразь, потым ускраем балацявіны абагнуў Нятрэсеў хутар з тыльнага боку. Арочка. // Утапіцца. Было іх, рэчак, часамі на ноч і па дзве, і па тры. Але такой шырокай не было. І так яны, хлопцы, яшчэ не сядзелі. — Я паплыву прыганю [лодкі], — сказаў Алесь. — Усунешся яшчэ. Брыль.

3. Разм. Увайсці куды‑н. павольна, ледзь перастаўляючы ногі. У карчму не ўвайшоў, а неяк цішком, прыгнуўшыся, усунуўся Апанас Хмель. Пестрак. Рыпнулі дзверы, і ў адрыну ўсунуўся Мікіта, Ігнасёў аднагодак. Чарнышэвіч. З гэтымі словамі ў пакой усунулася.. мажная кабеціна, пудоў на дзесяць вагою. Дубоўка.

4. Разм. Умяшацца, ублытацца ў што‑н. Справа магла наблізіцца да нейкага кампрамісу, але ў аркестроўку ўсунуўся Ядловец і.. перарваў дыспут. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)