буза́ 1, ‑ы, ж.

1. Рэшткі вадкасці, падонкі. На дне бочкі адна буза асталася.

2. Лёгкае хмельнае пітво з проса, грэчкі, ячменю, пашыранае галоўным чынам у Крыму і на Каўказе.

3. Адклады на дне вадаёмаў (рэк, сажалак, азёр), якія складаюцца з найдрабнейшых частак мінеральных і арганічных рэчываў.

буза́ 2, ‑ы, ж.

Разм. Скандал, шум.

[Перс. buzä.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыса́дзісты ’невысокага росту, але шыракаплечы, моцнага складу; нізкі, але шырокі, тоўсты’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Стан.; астрав., Сл. ПЗБ; ТС), прыся́дзісты, прыся́дзістый ’каржакаваты, каранасты’ (смарг., брасл., Сл. ПЗБ), пріся́дзістый ’прыземісты, але шыракаплечы, моцны’ (Бяльк.). Укр. приса́дистий ’тс’, рус. приса́дистый ’тс’, польск. przysadzisty ’нізкі і тоўсты’. Ад прысадзіць ’пасадзіць бліжэй да каго- ці чаго-небудзь’, тут, відаць, ’бліжэй да зямлі’ (гл.) з суф. ‑істы. Банькоўскі (2, 948) звязвае з przysada ’дадатак’ і ’адклады тлушчу на клубах’, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

глей, ‑ю, м.

1. Адклады на дне вадаёмаў, у састаў якіх уваходзяць найдрабнейшыя часцінкі мінеральных і арганічных рэчываў; іл. Азёрныя глеі, запаўняючыя большым або меншым слоем дно азёрнай катлавіны, складаюцца з сумесі арганічных і мінеральных часцінак. Прырода Беларусі.

2. Слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтварыўся пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый. Сіняватая ад глею дарога ідзе паміж тарфянога балота і поля. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкла́сці, -кладу́, -кладзе́ш, -кладзе́; -кладзём, -кладзяце́, -кладу́ць; -кладзі́; -кла́дзены; зак., што.

1. Пакласці ўбок, побач, асобна.

А. патрэбную рэч.

2. Захаваць, не расходуючы.

А. грошы на мэблю.

3. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады.

Возера адклала тоўсты слой ілу.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Палажыць яйкі, пакінуць пасля сябе для захавання патомства (спец.).

Птушка адклала яйкі.

5. Адтэрмінаваць, перанесці.

А. сход.

Не адкладвай справы на заўтра, а жаніцьбы на старасць (з нар.).

6. Пра каўнер і прадметы, прымацаваныя да чаго-н. адным краем: апусціць, адкінуць.

А. каўнер кажуха.

7. У геаметрыі: адмераўшы, адзначыць адрэзак.

На прамой АВ а. адрэзак СП.

8. перан. Пакінуць след, адбітак, зрабіць уплыў.

Перажыванні адклалі свой след.

|| незак. адклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і адкла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.

1. Адлажыць убок, палажыць побач. Пачуўшы стукат у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела: — Уваходзь! Зарэцкі. [Рудзько] адклаў лічыльнікі ўбок, змёў далоняй махорку са стала ў падстаўленую лодачкай другую далонь і адарваў новы кавалачак газеты. Дуброўскі. // Палажыць асобна, аддзяліць. Адкласці сапсаваныя фрукты ў асобную скрынку. / у перан. ужыв. Ужо зіма свае ўборы На другі адклала год. Броўка. // Зберагчы якія‑н. сродкі, паклаўшы іх асобна; сэканоміць. Адкласці грошы.

2. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады. За доўгія гады возера адклала на дне многа ілу.

3. Палажыць яйкі для захавання патомства. Самка авадня здольна адкласці да 500 яечак.

4. Апусціць, адагнуць, адкінуць (аб прадметах, прымацаваных да чаго‑н. адным краем). Анісім ад звонкасці Алімпінага голасу прабудзіўся, адклаў каўнер кажуха і пачаў .. услухоўвацца ў Алімпіны словы. Сабаленка.

5. Перанесці на больш позні час; адтэрмінаваць. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра. Маўр. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Крапіва.

6. У геаметрыі — адмераўшы, адзначыць адрэзак на прамой. На прамой АВ адкласці адрэзак СД.

7. перан. Пакінуць след, адбітак, не знікнуць бясследна, зрабіць уплыў. Уражанні дзяцінства адклалі выразны адбітак на душы чалавека. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Се́ра ‘хімічнае рэчыва жоўтага колеру’, ‘адклады ў вушах’ (ТСБМ), се́ра, сі́ра ‘малодзіва’ (рас., Шатал.; Сл. Брэс., Лекс. Палесся), ‘вадкасць, якая з’яўляецца за месяц да цялення’ (Інстр. 3). Укр. се́ра, дыял. сі́ра ‘сера, sulfur’, дыял. зах. ‘авечае малако’, рус. се́ра ‘сера, sulfur’, ‘вушная сера’, паўн. ‘смала дрэў’, ст.-рус. сѣра ‘сера’, ‘горная смала’, польск. siara ‘малодзіва’, дыял. ‘авечае малако’, siarka ‘сера, sulfur’, в.-луж. syra ‘малодзіва’, ‘сырое малако’, н.-луж. sera ‘малодзіва’, syrik ‘сера’, чэш. síra ‘сера’, славац. дыял. šara ‘малодзіва’, серб.-харв. дыял. се̏ра, си̏ра, cjȅra ‘вада, у якой мылі воўну’, ‘малодзіва, першае малако ў жанчыны’, балг. ся́ра ‘сера’, се̂ра ‘малодзіва’, дыял. се́ра ‘бруд на воўне’, се́реѝ ‘засохлы пот на воўне’, макед. сера, дыял. сера, сереј ‘малодзіва’, ‘тлушч на авечай воўне’, ст.-слав. сѣра ‘сера, нафта’. Зыходзячы з аналізу значэнняў *sěra, Трубачоў (Этимология–1968, 49) робіць выснову, што першасным значэннем яго было ‘тлушч (на воўне авец)’, адкуль потым развіліся значэнні ‘смала’; значэнне ‘сера, sulfur’ вытворнае ад апошняга або сумесна з ім узыходзяць да значэння ‘тлушч’. Роднаснымі ён лічыць serum н. р. ‘сыроватка’, уласна мн. л. н. р. sera, якое далей роднаснае грэч. ορός ‘сыроватка’ < *soros, алб. hirrë ‘тс’, ст.-інд. ksīra ‘малако’; усе ад і.-е. *ser‑ ‘цячы’, параўн. ст.-інд. sárati ‘цячэ, спяшаецца’, suráh̥ ‘вадкі’. Як семантычная паралель да *sěra прыводзяцца царк.-слав. текль, точеница ‘смала’ ад цячы. Мартынаў (Этимология–1968, 20–21), Вештарт (Лекс. Палесся, 92) сера ў значэнні ‘малодзіва’ таксама параўноўваюць з лац. serum ‘сыроваіка’, але ўзводзяць яго да мікраполя ‘малако’, супраць чаго Трубачоў (там жа). У ранейшых этымалагічых версіях (гл. Брукнер, 487; Младэнаў, 626) sera лічылася роднасным рус. серый ‘шэры’, але з прычыны зах.-слав. š‑ (польск. szary) гэта параўнанне адвяргаецца. Фасмер (3, 603) мяркуе нават аб запазычанні, а Махэк₂ (544) дэфінуе слова як няяснае. У якасці магчымай крыніцы запазычання прыводзіцца куман. siriš ‘смала’. Сувязь назвы хімічнага рэчыва з *sěra ‘малодзіва’ Шарапаткава (Studia Etym. Brun., 3, 364) лічыць народнаэтымалагічнай. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 806–807.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)