маг, ‑а, м.

1. Той, хто нібыта валодае тайнамі магіі; чарадзей, чараўнік. // перан. Пра чалавека, які робіць што‑н. надта лёгка і лоўка. Мы ведаем цяпер Тваё імя, Купала, Вялікіх песень маг І сэрцаў валадар. Глебка.

2. На Старажытным Усходзе — жрэц, які спраўляў рэлігійныя абрады і прадказваў будучае.

[Грэч. mágos ад перс. muğ — вогнепаклоннік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набо́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які верыць у бога і выконвае ўсе рэлігійныя абрады. Гаспадар быў набожны і суботні дзень сустракаў як належыць набожнаму яўрэю. Мікуліч. // Уласцівы такому чалавеку. Набожны настрой. Набожныя размовы.

2. перан. Поўны вялікай павагі. Тым часам Прахор запаліў большую лямпу і асцярожна, з набожнай пашанай адчыніў дзверы ў другую палавіну хаты. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрыярха́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да патрыярха (у 1 знач.). Патрыярхальны род.

2. Верны старым традыцыям. Патрыярхальны ўклад жыцця. Патрыярхальнае выхаванне. □ У доўгай паношанай світцы, падпяразанай саматканым шырокім поясам, ён [падарожнік], здалося Андрэю, прыйшоў з нейкай далёкай патрыярхальнай старыцы. Пестрак. Цяпер, калі патрыярхальныя абрады і звычаі, што паслужылі асновай прыказак, пайшлі ў забыццё, асобныя прыказкі становяцца незразумелымі. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

алта́р, ‑а, м.

1. У старажытных народаў — месца, на якое ўскладаліся ахвярапрынашэнні і перад якім адпраўляліся культавыя абрады.

2. Усходняя частка царквы, дзе знаходзіцца прастол, аддзеленая ад агульнага памяшкання іканастасам. [Вінцук] стаяў і глядзеў у дол, але адчуў, што цікаўныя бабулькі ўжо знайшлі яго і глядзяць не ў бок алтара, а на яго. Чарнышэвіч.

•••

Узлажыць (прынесці) на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) гл. узлажыць.

[Лац. altare ад altus— высокі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мі́стыка ’вера ў надпрыродныя, таямнічыя сілы і зносіны з імі чалавека’, ’нешта загадкавае, нерастлумачальнае’ (ТСБМ). З рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77), якое праз зах.-еўр. мовы прыйшло са ст.-грэч. μυστικός ’таямнічы’. Не выключана ў якасці пасрэдніцы польск. мова, як у лексемы містэрыя ’тайныя абрады ў гонар бажаства ў старажытных краінах’, ’рэлігійная драма ў сярэднія вякі’, ст.-бел. мистерия ’містэрыя, таінства’ (XVI ст.), якое са ст.-польск. misteryjum < с.-ням. Mysterium (мн. л. Mysteria) < лац. mystērium < ст.-грэч. μυστήριον ’тайна, таінства’ (Булыка, Лекс. запазыч., 179; Фасмер, 2, 627) < ст.-грэч. μύω ’закрываю вочы, стульваю губы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гісто́рыя, -і, ж.

1. Рэчаіснасць у яе развіцці і руху.

Законы гісторыі.

2. Навука аб развіцці чалавечага грамадства.

Г.

Старажытнага свету.

Г.

Сярэдніх вякоў.

3. Ход развіцця, руху чаго-н.

Г. раслін.

Г. знешняга гандлю.

Г. хваробы.

4. Сукупнасць фактаў і падзей, што адносяцца да мінулага жыцця; мінулае, якое захавалася ў памяці людзей.

Народныя вясельныя абрады ўжо сталі гісторыяй.

5. мн. -і, -рый. Расказ, апавяданне пра што-н.

Дзеці любяць слухаць займальныя гісторыі.

6. мн. -і, -рый. Здарэнне, выпадак, пераважна непрыемныя.

Трапіць у сумную гісторыю.

Вось дык г.!

|| прым. гістары́чны, -ая, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

іна́кш, прысл. і злучн.

1. прысл. Тое, што і іначай (у 1 знач.). Ужо зусім інакш, сустракалі назаўтра хлопцы сясцёр. Грахоўскі. — У нашым становішчы трэба разважаць інакш. Маўр.

2. злучн. супраціўны. Тое, што і іначай (у 2 знач.). Данік разумеў, што там — вялікі бой, можа нават такі, як бітва пад Барадзіно.., інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі. Шамякін.

3. злучн. далучальны. Далучае члены сказа, якія растлумачваюць змест папярэдніх слоў ці сказаў. [Бабручыха] была баба, як кажуць, набожная — кожную справу ў сваёй гаспадарцы пачынала малітвай з трэбніка. Былі ў ім розныя «чыны», інакш — абрады, і малітвы. Брыль.

•••

Інакш кажучы гл. кажучы.

Так ці інакш гл. так.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Руса́ллі ’у старажытных славян — вясеннія язычніцкія святкаванні, звязаныя з культам продкаў’ (ТСБМ); руса́льны ’які мае адносіны да русалляў’, руса́льны ты́ждзень (ты́здзень) ’першы тыдзень пасля сёмухі, калі спраўлялі русальныя абрады’ (ТС), руса́льніца ’тыдзень пасля сёмухі’ (Ласт.). Стараж.-рус. по рѫсалиѧх(ъ) М. скл. мн. л. ’свята Тройцы’ (XI ст.), укр. ру́саля ’Тройца’, балг. Руса́ля, Руса́лска неделя ’нядзеля пасля Спасу’, серб.-харв. дыял. ру́са̄ље ’тройца’, славен. risȃle ’тс’, чэш. rusadla ’вясеннія язычніцкія святкаванні’, славац. rusadlá ’тс’, ст.-слав. роуслиѩ ’тс’. Слова, вядомае з XI ст. як назва паганскага свята ўваскрэслай прыроды і памінання нябожчыкаў. З лац. rosālia < rosaria (dies rosae ’дні ружы’ ад лац. rosa ’ружа’) — назвы вясновага свята ружаў, падчас якога прыносілі ружы на магілы. Параўн. іт. pasqua rosata ’пяцідзесятніца’. Кантамінацыяй з рус. русло тлумачылі о > у і змену ў семантыцы, калі русалка з лясной і палявой істоты ператварылася ў вадзяную, што няпэўна, хутчэй гэта ўплыў народных слоў, што ўзыходзяць да *rus‑, гл. русавы дзед. Гл. таксама Фасмер, 3, 520; Махэк₂, 525; БЕР, 6, 349–351; Чарных, 2, 128; Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 200–201; ESJSt, 13, 783–784; Жураўлёў, Язык и миф, 499.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)