аслупава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; зак., што.
Разм. Паставіць слупы, абазначыць слупамі. Аслупаваць участак зямлі. □ Пан Бальвацкі запрасіў каморніка і загадаў яму адмераць і аслупаваць луг. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абазначэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. абазначаць — абазначыць (у 1 знач.).
2. Знак, метка і пад., з дапамогай якіх што‑н. абазначана. Умоўныя абазначэнні. Цікавыя абазначэнні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аба..., прыстаўка (гл. а... 1).
Ужываецца замест «а... 1» і «аб...»: 1) перад збегам зычных: абабраць, абагнаць, абазваць, абазначыць; 2) перад зычнымі «б», «п» з наступным апострафам (’), а ў некаторых выпадках і без яго: абаб’ю, абап’ю, абабіць, абаперціся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
датава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.
Абазначыць (абазначаць) дату на чым‑н. Максім Танк любіць датаваць свае творы; амаль што пад кожным вершам стаіць дзень яго напісання. Бярозкін. // Вызначыць (вызначаць) час, калі адбылася якая‑н. падзея. Датаваць з’яўленне рукапіснага помніка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паназнача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Прызначыць на якую‑н. пасаду, працу і пад. усіх, многіх.
2. Устанавіць, вызначыць што‑н. усім, многім. Паназначаць пенсіі.
3. Абазначыць, памеціць якім‑н. чынам усё, многае. Вырашылі [юныя натуралісты] заўтра ж схадзіць у лес, падшукаць і паназначаць кусты для перасадкі. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пункці́р, ‑у, м.
Перарывістая лінія з кропак або кароткіх рысак. Абазначыць пункцірам. □ Даўно ўжо ноч, а я сяджу над картай, Кладзе на ёй маршрут скупы пункцір. Звонак. // перан. Пра тое, што нагадвае перарывістую лінію. За вокнамі спакойным і далёкім бляскам гарэлі агні горада, роўнымі пункцірамі адзначаючы вуліцы. Скрыган.
[Ад лац. punctum — кропка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзна́чыць, -чу, -чыш, -чыць; -чаны; зак.
1. каго-што. Абазначыць якой-н. меткай; запісаць, паставіць адзнаку для ўліку і пад.; вызначыць.
А. адсутных у журнале.
А. камандзіроўку.
2. каго-што. Звярнуць увагу, заўважыць, указаць на каго-, што-н.
А. добрую якасць працы.
3. каго-што. Вылучыць сярод іншых за якія-н. заслугі, узнагародзіўшы чым-н.
А. майстроў.
4. што. Ушанаваць чым-н. якую-н. дату, падзею.
А. заканчэнне інстытута.
|| незак. адзнача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
паме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што.
Паставіць на чым‑, кім‑н. адметны знак, памету, метку. Памеціць бялізну. □ [Рыгор] зноў гартае кнігу, праглядае месцы, якія намеціў алоўкам. Арабей. // Абазначыць якім‑н. чынам. Перад тым, як упусціць [у сажалку] малькоў, вазілі іл, можа, з месяц, скідвалі яго ў ваду, і гэтыя месцы памецілі коллем. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., што.
Расставіць значкі, зрабіць меткі на чым‑н. з мэтай раздзелу, размеркавання і пад.; абазначыць, намеціць знакамі. Зноў загаманілі, закрычалі мужчыны. Нарэшце, размецілі шнуры, пачалі цягнуць ну маркі. Асіпенка. На вялікім перапынку Іван Сямёнавіч паклікаў вучняў на двор, каб разам размеціць, дзе зрабіць клумбы, а дзе распланаваць спартыўную пляцоўку. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трасі́раваць 1, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Абазначыць (абазначаць) трасу (у 1 знач.). Трасіраваць водаправодную сетку. □ Андрэй стаіць ля прыбора і трасіруе шлях будучай канавы на балоце. Дуброўскі.
2. Пакінуць (пакідаць) след пры палёце (пра кулю, снарад і пад.).
трасі́раваць 2, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
У фінансавай справе — перавесці (пераводзіць) выплату грошай на другую асобу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)