зло́снік, ‑а, м.

Чалавек, які мае зло на каго‑н.; нядобразычлівец, вораг. Здалося [Паходні], што на яго глядзяць у гэты час зводдалі сябры і злоснікі — адны добразычліва, другія асуджальна, глядзяць і чакаюць яго слова. Хадкевіч. — Ніякаму гаду нас не адолець! Гэта я ведаю. Багата мы бачылі іх, усякіх злоснікаў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знелюдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і знялю́дзець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць нелюдзімым ад адзінокага жыцця; здзічэць. — Маніш, сумна адному. Так ты зусім знелюдзееш. Лупсякоў. [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу. І ў двор да яго не так лёгка дастукацца. Знялюдзеў чалавек. Нават з намі, суседзямі, не вітаецца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зруб, ‑а, м.

Сцены драўлянага збудавання, складзеныя з бярвення або брускоў, злучаных у чатырохвугольныя вянкі. Калодзежны зруб. □ З вуліцы я завярнуў на агарод к новаму зрубу ў чатыры вянкі. Каваль. Адзін зруб быў ужо выведзены аж пад кроквы, відаць, чалавек спяшаўся, каб да зімы ўсяліцца ў новую хату. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязда́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць бяздарнага; адсутнасць здольнасці, таленту. Апрача таго, гэта значыла б прызнацца ў сваёй бяздарнасці. Дубоўка.

2. Бяздарны чалавек; бездар. Як ні пнецца Вінцэнт Барташэвіч, з яго ніколі не будзе сапраўднага журналіста, і ён, мусіць, імкнецца ганіць усё добрае, каб самому не здавацца бяздарнасцю. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валацу́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑цузе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Бяздомны чалавек, які не мае пэўнага прыстанішча і заняткаў; бадзяга. Бежанства зблытала.. [Сёмкавы] разлікі, выбіла з-пад ног падпору і вось — перад.. [Рыгорам] бяздомны валацуга. Гартны. // Лаянк. Пра таго, хто любіць валачыцца, цягацца без справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзве́сце, двухсот, двумстам, двумастамі, (аб) двухстах, ліч. кольк.

Лік і лічба 200. Дзвесце дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 200. Дзвесце чалавек. □ На ўсе Мікуцічы было не болей трох лодак, хоць у сяле налічвалася каля двухсот двароў. Колас. Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэмакра́т, ‑а, М ‑раце, м.

1. Прыхільна дэмакратыі.

2. Член буржуазнай дэмакратычнай партыі.

3. Уст. Той, хто паходзіць з народа, прытрымліваецца дэмакратычнага (у 2 знач.) ладу жыцця. Знаёміліся з Касцянком і Баранавым шэсць чалавек: міністр Мікалай Мікалаевіч, дэмакрат са знешняга выгляду і ў адносінах з людзьмі — просты, вясёлы. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

езуі́т, ‑а, М езуіце, м.

1. Член манаскага каталіцкага ордэна «Таварыства Ісуса», адной з самых рэакцыйных і ваяўнічых арганізацый каталіцкай царквы.

2. перан. Пра хітрага, крывадушнага чалавека, здольнага на ўсякую подласць. Пад ласкай вясёлага жартаўніка і балаболкі.. хаваўся хітры езуіт, падхалім-пралаза і крывадушны, з мізэрнай душой чалавек. Машара.

[Ад лац. формы імя Ісус — Jesus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мешчані́н, ‑а; мн. мяшчане, мяшчан; м.

1. Асоба, якая належала да мяшчанскага саслоўя. Па суседству з тым сталом, за які селі Стась і Андрэй, прымасціліся два чалавекі, з выгляду мешчанін і селянін. Колас.

2. перан. Чалавек з дробнаўласніцкімі інтарэсамі, вузкім кругаглядам; абывацель. Алеся пакахала нявартага яе чалавека, мешчаніна. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., што і чаго.

Прыбавіць, дабавіць звыш таго, што ёсць, як было дамоўлена. — Справядлівы.. [Вэня Шпулькевіч] чалавек, мне за фатыгу заўсёды, бывала, заплаціць і яшчэ крыху набавіць. Чорны. // Павялічыць (цану, суму, плату і пад.). Проста яго ўпрошвалі набавіць цану, але Лапко не парушаў сваіх прынцыпаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)