зню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пазнаць адзін аднаго па нюху (пра сабак).
2. перан. Разм. неадабр. Зблізіцца, уступіць у тайную змову для сумесных дзеянняў; дамовіцца. Малашкін знюхаўся з Кляновічам, і яны абодва хочуць падарваць аўтарытэт першага намесніка. Пестрак. — Бандыт і ёсць, калі знюхаўся з кулаччом, — смела сказаў стары. Бажко. // Уступіць у любоўную сувязь. Міхалка з горам на душы расказаў гісторыю сваёй дачкі, якая вучылася на зубнога доктара, але знюхалася з нейкім прайдзісветам, быццам пажаніліся, потым ён пакінуў яе з маленькім дзіцем, і хоць кукуй зараз бацька. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зру́чна,
1. Прысл. да зручны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Практычна, выгадна. Феафіл праводзіў большасць дня ў хаце, і Краўчанку было зручна мець такога чалавека каля сябе. Мікуліч.
3. безас. у знач. вык. Падыходзіць, ёсць спрыяльныя ўмовы для чаго‑н. На самай жа справе, калі зручна было прапусціць заняткі ці пайсці са, сходу або адкласці выпуск насценгазеты, я рабіў гэта. Дуброўскі.
4. безас. у знач. вык. (звычайна з адмоўем). Зусім прыстойна, дазволена этыкай. — Даруй, што доўга не пісала... Сёмка ездзіў у дарогу. Волька занятая, да Зосі ісці не зручна. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інстыту́т, ‑а, М ‑туце, м.
1. Навучальная ўстанова, якая дае вышэйшую адукацыю ў якой‑н. галіне. Медыцынскі інстытут. Педагагічны інстытут. Паступіць у інстытут. Займацца ў інстытуце.
2. Навукова-даследчая ўстанова. Інстытут кібернетыкі. Інстытут ядзернай фізікі. Інстытут мовазнаўства.
3. Сярэдняя навучальная ўстанова закрытага тыпу для жанчын у дарэвалюцыйнай Расіі. Інстытут шляхетных дзяўчат.
4. Сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны; пэўная форма грамадскае арганізацыі. А калі Калумб потым адкрыў гэту Амерыку, то ён не ведаў, што ён гэтым прабудзіў да новага жыцця інстытут рабства, які даўно знік у Еўропе, і паклаў пачатак гандлю неграмі. Энгельс.
[Ад лац. institutum — установа, устанаўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заці́шша, ‑а, н.
1. Часовае спыненне шуму, ветру. Зацішша перад навальніцай. □ Калі наверсе па густым хваёвым покрыве каціўся глухі шум ветру, тут, унізе, стаяла прыемнае зацішша, было па-хатняму ўтульна. Новікаў. // перан. Спыненне, аслабленне дзейнасці, руху і пад. На пероне зацішша — ні цягнікоў, ні пасажыраў. Навуменка. Адгрымела блакада і ў атрадным баявым жыцці настаў нейкі момант зацішша. Брыль.
2. Ціхае, зацішнае месца; зацішак. «Не даеду...» — трывожна падумаў Цімох і, сабраўшыся з сілай, звярнуў у зацішша, за лазняк. Ваданосаў. У пячурцы — калматы, вялікі, Нешта муркае У зацішшы кот. Лявонны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звыча́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Заўсёды ўласцівы каму‑, чаму‑н.; які заўсёды бывае; пастаянны, прывычны. Дарога пашыбавала на горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку, і лес прыняў звычайны свой выгляд. Колас. Маці — высокая, хударлявая — ішла звычайным, шырокім крокам. Сіняўскі.
2. Які не вылучаецца сярод іншых, нічым не знамянальны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходню прынеслі паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. Звычайная вёска стаяла, а ў вёсцы — звычайная хата, якіх і на свеце нямала, і на Беларусі багата. Дубоўка. — Які ж ты лоўкі! — з захапленнем сказала.. [Паліна]. — Звычайны, — адказаў Антон. Кавалёў.
•••
Звычайная ступень параўнання гл. ступень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасудзі́ць, ‑суджу́, ‑су́дзіш, ‑су́дзіць; зак.
Разм.
1. каго. Засудзіць усіх, многіх. — Цяпер пацішэла, і добра пацішэла, — пануквае каня фурман. — Зброю паадбіралі, пасудзілі за гэта. Лужанін.
2. заг. пасудзі́(це) (звычайна з займеннікам «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні: падумай(це), памяркуй(це), уяві(це) сабе. — Што ж болей рабіць, пасудзі? Колас. Голы, босы хадзіў дзіцем, — Цяпер стар, і ўсё ж не ўскрос. Паглядзіце, пасудзіце — Я таксама гол і бос. Купала.
3. Пагаварыць, папляткарыць некаторы час. [Куліна:] А які суд можа быць між сваімі.. Вядома, калі людзі пасудзяць языкамі, то жыць не захочаш, ну то і... разводзяцца. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачаса́ць 1, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак.
1. што і без дап. Часаць некаторы час (гл. часаць 1).
2. што. Пры дапамозе шчоткі, грэбеня і пад. ачысціць ад якіх‑н. прымесей усё, многае. Пачасаць лён. Пачасаць каноплі.
3. Разм. Хутка пайсці. [Стары:] — Там жа, за Ліпнякамі, будзе дарога паворана. А тут, па лубіне, я і пачашу, як па садзе... Ракітны.
пачаса́ць 2, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.
1. Абчасаць усё, многае. Зруб стары ўжо. Але калі з аднаго боку пачасалі бярвенне — ён як новы. Пташнікаў.
2. і без дап. Часаць некаторы час (гл. часаць 2).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ператраві́ць 1, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.
Спец. Сапсаваць празмернай колькасцю едкага рэчыва пры траўленні. Ператравіць клішэ.
ператраві́ць 2, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.
Стравіць, патравіць усё, многае. — Дык тут жа адны гусі перапалілі ўсё, ператравілі, — ледзь не закрычала ад абурэння Палікарпаўна, — што ж там парасце на пустэчы гэтакай. Кулакоўскі.
ператраві́ць 3, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.
Засвоіць ежу ў працэсе стрававання. Мёд разагрэлі ў печы і яго елі разам з вашчынаю і пчалою, калі яна траплялася тут, выходзячы з правіла, што салдацкі жывот ператравіць шрубу, гайку і ружэйнае сала. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́лымя, ‑я, н.
1. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску бульбу. Брыль. Агонь рос, шырыўся. Полымя.. лізала сцены, столь. М. Ткачоў. // Пра тое, што нагадвае такі агонь. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі букеты. І вось загарэлася Полымя кветак. Танк. Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі. Шамякін.
2. перан. Запал, уздым. Вакол шугала полымя партызанскай помсты, разгаралася барацьба не на жыццё, а на смерць супраць лютага ворага. Дзюбайла.
•••
З агню ды ў полымя гл. агонь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́ўнач 1, ‑ы, ж.
1. Адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўдню. Я паспрабаваў абмацваць дрэвы ў надзеі на тое, што па імху на ствалах вызначу поўдзень і поўнач. Анісаў. Увесь май з поўначы налятаў калючы вецер, сек буйным дажджом адубелую за зіму зямлю. Асіпенка. На поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Брыль. // Мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку. Поўнач СССР.
2. Мясцовасць, краіна з халодным кліматам. // (з вялікай літары). Палярная зона зямнога шара; Арктыка.
по́ўнач 2, ‑ы, ж.
Сярэдзіна ночы, 12 гадзін ночы. Было за поўнач, калі скончыўся сход. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)