вазі́цца, важуся, возішся, возіцца; незак.

1. Катацца. Зімою ў вольны час. [Федзька і Эдзік] вазіліся на санках.., коўзаліся на драўляных самаробных каньках, акутых тоўстым дротам. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Аддаваць многа часу якой‑н. справе; важдацца. Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі,.. каб не вазіцца з курэннем на холадзе. Колас. Калі табе з гэтымі гузікамі вазіцца, скідай, я ўмомант прышыю, — рашуча загадвае.. [Алесю] Варвара. Васілевіч. // Гуляць, забаўляцца. [Бацька:] — Славік, мой сын, напэўна, прыбег ужо са школы і вучыць урокі або возіцца са сваімі галубкамі. Кулакоўскі.

3. Зал. да вазіць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́рварства, ‑а, н.

1. Невуцкія, абыякавыя адносіны да культурных каштоўнасцей. Глыбокае крывадушша і ўласцівае буржуазнай цывілізацыі варварства выступаюць перад нашым позіркам у аголеным выглядзе, калі мы гэтую цывілізацыю назіраем не ў сябе дома, дзе яна набывае рэспектабельныя формы, а ў калоніях, дзе яна выступае без усякіх пакрыццяў. Маркс. // Жорсткасць, бязлітаснасць, бесчалавечнасць. Варварства фашысцкіх акупантаў.

2. Гіст. Устарэлая назва другога перыяду гісторыі чалавецтва (уведзена ў карыстанне вучоным Л. Морганам). Парная сям’я ўзнікла на мяжы паміж дзікасцю і варварствам, у большасці ўжо на вышэйшай ступені дзікасці, толькі дзе-нідзе на ніжэйшай ступені варварства. Энгельс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́рчыць і ко́рчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. звычайна безас. Балюча зводзіць мышцы цела. Яго ўсяго курчыць. □ Будзе хвароба іх цела корчыць. Куляшоў. // перан. Разм. Выклікаць вельмі непрыемныя пачуцці. Калі .. [Сцяпан] чуў у хаце слова «млын» — яго адразу пачынала курчыць. Ракітны.

2. Згінаць, падгінаць. Ногі мае босыя, і я ад роснай золкасці, ідучы, курчу на нагах пальцы. Баранавых.

3. (корчыць); каго. Разм. Прыкідвацца кім‑н., строіць з сябе каго‑н. Уладусь корчыў з сябе шляхціца. Чарнышэвіч. [Арэхаў] быў мацнейшы, больш загартаваны і ўвесь час стараўся корчыць з сябе інтэлігента. Няхай.

•••

Лодара корчыць — гуляць, бяздзейнічаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ледзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лёду; які складаецца з лёду. Усё — зямля, дрэвы, стрэхі — пакрылася звонкай ледзяной коркай. Шамякін. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Ледзяныя вяршыні гор. □ Па ледзяных горках коўзаюцца дзеці. Мурашка.

2. Вельмі халодны; халодны як лёд. Дзе-нідзе байцы з першага ж кроку правальваліся па пояс ў ледзяную ваду. Краўчанка. Здольнасць што-небудзь усведамляць вярнулася да Хвядоса ўжо на вуліцы, калі твар яго апякло ледзяным ветрам. Шашкоў. // Застылы, адубелы. Ледзяныя пальцы. Ледзяны твар.

3. перан. Пагардліва-халодны, знішчальны. Ледзяны позірк. // Халодна-раўнадушны, абыякавы. Ледзяныя вочы. Ледзяны выраз твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́шша, ‑а, н.

1. Часовае спыненне шуму, ветру. Зацішша перад навальніцай. □ Калі наверсе па густым хваёвым покрыве каціўся глухі шум ветру, тут, унізе, стаяла прыемнае зацішша, было па-хатняму ўтульна. Новікаў. // перан. Спыненне, аслабленне дзейнасці, руху і пад. На пероне зацішша — ні цягнікоў, ні пасажыраў. Навуменка. Адгрымела блакада і ў атрадным баявым жыцці настаў нейкі момант зацішша. Брыль.

2. Ціхае, зацішнае месца; зацішак. «Не даеду...» — трывожна падумаў Цімох і, сабраўшыся з сілай, звярнуў у зацішша, за лазняк. Ваданосаў. У пячурцы — калматы, вялікі, Нешта муркае У зацішшы кот. Лявонны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звыча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Заўсёды ўласцівы каму‑, чаму‑н.; які заўсёды бывае; пастаянны, прывычны. Дарога пашыбавала на горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку, і лес прыняў звычайны свой выгляд. Колас. Маці — высокая, хударлявая — ішла звычайным, шырокім крокам. Сіняўскі.

2. Які не вылучаецца сярод іншых, нічым не знамянальны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходню прынеслі паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. Звычайная вёска стаяла, а ў вёсцы — звычайная хата, якіх і на свеце нямала, і на Беларусі багата. Дубоўка. — Які ж ты лоўкі! — з захапленнем сказала.. [Паліна]. — Звычайны, — адказаў Антон. Кавалёў.

•••

Звычайная ступень параўнання гл. ступень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маста́цтва, ‑а, н.

1. Творчая перадача рэчаіснасці ў мастацкіх вобразах. Творы мастацтва. □ [Антон Максімавіч:] — Наша мастацтва толькі тады будзе дзейсным, калі яно наблізіцца да жыцця. Рамановіч.

2. Галіна творчай мастацкай дзейнасці. Прыкладное мастацтва. Партрэтнае мастацтва. Дэкарацыйнае мастацтва. □ Керамічнае мастацтва дасягнула ў Марока яшчэ ў старадаўнія часы вельмі высокага ўзроўню. В. Вольскі.

3. Дасканалае ўменне, майстэрства ў якой‑н. справе, рабоце.

•••

Выяўленчае мастацтва — назва мастацтва, у творах якога вобраз увасоблены на плоскасці ці ў прасторы (жывапіс, скульптура, графіка).

Мастацтва для мастацтва — рэакцыйная эстэтычная тэорыя, якая адмаўляе грамадскае значэнне мастацтва.

Па ўсіх правілах мастацтва гл. правіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сяц, ‑а, м.

1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.

2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.

•••

Поўны месяц — поўня.

Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарэ́чы, прысл.

1. К месцу, якраз у патрэбны час. — Вось якраз дарэчы, — сустрэў Барысаў Батаніна. — Прыйдзецца вам, Павел Андрэевіч, сказаць прамову. Дудо. Барабан бесперапыннага дзеяння быў вельмі дарэчы. У ім можна было апрацоўваць вялікія дэталі. Карпаў.

2. у знач. пабочн. (часта ў спалучэнні са словамі «кажучы», «сказаць»). Ужываецца для абазначэння таго, што даная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Дарэчы, у хаце ў Ганны, калі ні прыйдзі — чыста, нібы яна вечна, з гадзіны на гадзіну, чакае важнага госця. Дуброўскі. Дарэчы кажучы, той Янка быў ўдалы, Не меў прывычкі доўга разважаць. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

енк, ‑у, м.

1. Жаласны стогн, выкліканы болем або вялікім горам; крык пакуты, адчаю. Дзіўна.. было чуць, калі замест вясёлых дзіцячых галасоў і смеху са школы даносіўся немы енк, галашэнне жанок. Няхай. Рыва, як падсечаная, апусцілася на зэдлік.., і доўгі працяглы енк вырваўся з яе грудзей. Лынькоў. // Гук, падобны да стогну. І міны енк, і бомбы дзікі свіст, І па Радзіме сум прайшлі даўно. Астрэйка.

2. перан. Горкая жальба, нараканне. — Гэтак жа, мусіць, цяпер жывуць і паміраюць там, адкуль даносяцца аж сюды енк і плач гаротнага народа... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)